Беларуская Служба

Ва ўмовах вайны Усходняя Еўропа шукае падказак у гісторыі

16.09.2024 16:30
У Варшаве завяршыўся 2-гі Кангрэс даследчыкаў гісторыі Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі пад лозунгам: «Гістарычная супольнасць чатырох народаў – спадчына ідэй і будучыя перспектывы».
Аўдыё
  • Кангрэс даследчыкаў гісторыі Усходняй Еўропы
Ілюстрацыйны здымакY.Likhtarovich Praca własna

Адной з высноў шматлікіх дыскусій сабраных гісторыкаў са згаданых 4 краін было тое, што неабходна вывучаць і прасоўваць супольную гісторыю. Гэта сродак абароны ад расійскага імперыялізму ды маніпуляцый гісторыяй, а таксама інструмент яднання для грамадстваў, каб яны ведалі, што маюць супольныя карані.

У польскай сталіцы завяршыўся чатырохдзённы кангрэс даследчыкаў гісторыі Польшчы, Літвы, Украіны ды Беларусі. Мерапрыемства адбылося ўпершыню летась у Літве, а цяпер удалося паўтарыць у Варшаве, нягледзячы на складаныя часы, у першую чаргу расійскую агрэсію на Украіну ды масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Ідэя апынулася мацнейшая за перашкоды, пра гэта казаў дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў Варшаўскага Ўніверсітэту Ян Маліцкі.

- Пекная справа сабраць у Варшаве вялізарнае кола выдатных спецыялістаў. Відаць, што ідэя, якая нас яднае мацнейшая ад перашкод.

Кангрэс сабраў гісторыкаў і шырэй даследчыкаў рэгіёну з розных краін Еўропы, не толькі з Польшчы, Літвы, Украіны ды Беларусі. Галоўным яго пасылам стала тое, што гісторыя моцна пераклікаецца з сучаснасцю. Асабліва, калі глядзець на Расію, крыніцу праблем рэгіёна. Пра гэта казала польская палітолаг з ПІСМ Агнешка Легуцка.

- Расія не выйшла з гістарычнай пасткі, якой з’яўляецца імперскае мысленне пра неабходнасць тэрытарыяльнай экспансіі. Па сёння гэта разам з вайной застаецца палівам для мадэрнізацыі сістэмы ў Расіі. Расійскія ўлады дэкларуюць грамадству, што імперыялізм – гэта неабходнасць, інакш адбудзецца калапс Расіі. Расія можа быць толькі імперыяй, або я не будзе зусім.

У гэтых умовах Масква імкнецца пасварыць і падзяліць суседзяў у рэгіёне, выкарыстоўваючы гісторыю, як інструмент маніпуляцыі. Адказам на гэта павінна стаць вывучэнне супольнай гісторыі рэгіёну, які знаходзіцца між двух мораў – Балтыйскага ды Чорнага. Патрэбны супольны падручнік па гісторыі, зазначыў гісторыкі з Варшаўскага ўніверсітэту Юры Грыбоўскі.

- Дыскусія паміж нашчадкамі даўняй Рэчы Паспалітай неабходная і магчымая. Мы размаўлялі пра тое, ці магчыма напісаць супольную гісторыю польска-беларуска-літоўска-украінскую, напісаць падручнік. Усе ўдзельнікі пагадзіліся што не толькі можна, але гэта патрэбна, беручы пад увагу складаны час. Каб людзі ведалі, што іх аб’ядноўвае, свае карані. Гісторыя Рэчы Паспалітай агульная, у будучыні гэта прынясе свае пазітыўныя эфекты.

У гэтым перакананая і сацыёлаг і журналіст Анастасія Ільіна, якая бачыць перспектыву ў беларуска-літоўскім дыялогу аб супольнай гісторыі.

-  У польскай гістарычнай навуцы, таксама ва Украіне, кажуць пра тое, што Рэч Паспалітая – гэта не толькі двух народаў, а гісторыя некалькіх народаў. Тое самае тычыцца і ВКЛ, калі мы кажам ліцвін – гэта не столькі этнонім, колькі грамадзянін Літвы, які мог бы быць балтам і русінам. Кажучы пра гэта, я паглядзела ў вочы літоўскаму даследчыку, ён пагадзіўся. Гэта той дыялог, які нам патрэбным. У гэтым ёсць перспектыва нашага далейшага развіцця.

Гісторыя рэгіёну дае сучаснікам выдатныя прыклады, як гісторыя горада Вільні, якая паказвае, што на рэгіён можна глядзець як на шматнацыянальную спадчыну шматлікіх народаў. Гаворыць гісторык з Польскай акадэміі навук Лешак Заштаўт.

- Вільня нічым не адрозніваецца ад Ню Ёрку, гэта тэза прафесара Дэйвіда Фрыка, які ў сваіх кнігах даводзіць, што Вільно 17-га стагоддзя было як Новы Ёрк. Гэта выдатная платформа для дыялогу цяпер, бо беларусам, літоўцам ды палякам няма чаго сварыцца за Вільню, бо гэты горад быў шматнацыянальным, то бок і беларускім і літоўскім. Гэта значыць, што можна знайсці супольную платформу, дзе будзе месца для палякаў, рускіх ды габрэяў. Гэта дае нам новую перспектыву ды ратуе перад нацыяналізмам. Можна яго пераадолець і глядзець на гісторыю як на шматнацыянальную спадчыну шматлікіх народаў: літоўцаў, і беларусаў, габрэяў ды іншых. Я вельмі падтрымліваю дадзены падыход, што Вільно – гэта 17вечны Ню Ёрк Усходняй Еўропы.

Падчас шматлікіх дыскусій у рамках кангрэсу гучаў пасыл, што краіны Балта-чарнаморскага рэгіёну павінны збліжацца, каб супрацьстаяць расійскаму экспансіянізму, які пагражае ўсім народам Усходняй Еўропы. Адным з інструментаў расійскай палітыкі з’яўляецца маніпуляцыя гісторыяй ды дэзінфармацыя. Супрацьстаяць гэтаму можна вывучаюць гісторыю чатырох народаў: палякаў, літоўцаў, украінцаў і беларусаў, каб людзі ведалі, што маюць супольныя карані ды шмат чаго, што іх яднае.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч