Беларуская Служба

«Украінцы могуць часам вярнуцца ў свае гарады, пабачыць свае дамы, а шмат якія беларусы не могуць зрабіць гэтага» (ВІДЭА)

24.09.2024 06:03
На кінафестывалю ў Славеніі сёння пакажуць фільм пра беларускіх творцаў, якія з-за рэпрэсій вымушаныя былі пакінуць краіну і не могуць вярнуцца дадому.
Аўдыё
  • «Дом там, дзе я?» – дакументальная стужка пра беларускіх творцаў, якія з-за рэпрэсій вымушаныя былі пакінуць краіну і не могуць вярнуцца дадому
    -  ,  ?       ,
Дакументальны фільм пра беларускіх творцаў-эмігрантаў «Дом там, дзе я?» трапіў у праграму Кінафестывалю на тэму міграцыі, які пройдзе ў Славеніікрыніца: facebook.com/sbudkin

Дакументальны фільм пра беларускіх творцаў-эмігрантаў «Дом там, дзе я?» трапіў у праграму Кінафестывалю на тэму міграцыі, які праходзіць у Славеніі.

Фільм зняты ў межах аўтарскага праекту Сяргея Будкіна «Тэлебудка».

«Дом там, дзе я?» – дакументальная стужка пра беларускіх творцаў, якія з-за рэпрэсій вымушаныя былі пакінуць краіну і не могуць вярнуцца дадому. Рэжысёр кінакарціны – Арцём Лобач.

Героямі фільма сталі мастачка Таша Кацуба, фотамастачка Караліна Палякова, музыкант Юры Стыльскі і фатограф Алесь Пілецкі. Героі кінастужкі за кароткі час перажылі дзве катастрафічныя трансфармацыі. Іх жыццё было двойчы зруйнаванае за два гады, але яны здолелі захаваць крэатыўнасць і працягваюць натхняць іншых сваімі справамі. У сустрэчах і вандроўках з аўтарам яны разважаюць пра гэты час і прастору, сваё месца ў ёй, і дзеляцца сваім адчуваннем дома.

Сяргей Будкін. Крыніца: прыватны архіў суразмоўцы Сяргей Будкін. Крыніца: прыватны архіў суразмоўцы

Аўтар «Тэлебудкі» і кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін сказаў нам, што людзі ў іншых краінах не ведаюць пра беларускую эміграцыю, хоць беларусы апынуліся не ў менш трагічнай сітуацыі, чым украінцы.

- Пра беларускую эміграцыю вядома (у свеце – рэд.) роўна нуль, і гэта сапраўды вялікая праблема неведання той сітуацыі, у якой апынуліся беларусы. Пра ўкраінцаў я тут казаць не буду, бо вядома, у якой жахлівай сітуацыі апынуліся нашы суседзі, але ў нас сітуацыя не менш трагічная і не менш трывожная, калі людзі нават не могуць вярнуцца. То бок украінцы могуць часам вярнуцца ў свае гарады, пабачыць свае дамы, а шмат якія беларусы не могуць зрабіць гэтага.

Фестываль фільмаў пра мігрантаў будзе арганізаваны ў Славеніі ў 15-ы раз. Беларускі фільм пакажуць сёння, 24 верасня, у Любляне.

размова цалкам – слухайце аўдыёфайл

Валеры Саўко