Беларуская Служба

Фільм «Лес» расказвае пра мігрантаў на мяжы. «Гэта жорсткі эксперымент на чуласці чалавека»

25.09.2024 17:44
Дакументальны фільм малюе партрэт нашага жыцця тут і цяпер, кажа рэжысёрка Лідзія Дуда.
Аўдыё
  • Фільм «Лес» расказвае пра мігрантаў на мяжы. «Гэта жорсткі эксперымент на чуласці чалавека»
Кадр з фільму «Лес» прэс-матэрыялы

Хельсінкскі фонд па правах чалавека праводзіць кампанію «Дапамога не мае межаў», накіраваную на адмену крымінальнай адказнасці за аказанне дапамогі мігрантам на польска-беларускай мяжы. У рамках кампаніі праходзяць паказы фільму «Лес» рэжысёркі Лідзіі Дуды.

Ася і Марэк жывуць з трыма дзецьмі ў Белавежскай пушчы, на самай мяжы з Беларуссю. Калі яны здзейснілі сваю мару аб набыцці дома адразу пасля заканчэння школы, яны нават не здагадваліся, што іх чакае ў гэтым маленькім раі. Камеры, устаноўленыя ў полі, пакуль выкарыстоўваліся для назірання за жывёламі. Але начныя запісы паказваюць, што ў лесе з'явіліся людзі - бежанцы, якія спрабуюць знайсці бяспечны шлях у Еўропу. Дапамагае ўся сям'я, нягледзячы на ​​адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы. З гэтага часу лес будзе для іх зусім іншым месцам. Як вярнуцца ў дом, дзе паміраюць людзі?

Гэта рэчаіснасць дыктуе тэмы фільмаў, гаворыць рэжысёрка, расказваючы адкуль узялася ідэя зняць фільм на дадзеную тэму. Дакументальны фільм малюе партрэт нашага жыцця тут і цяпер, кажа Лідзія Дуда:

- Я сачыла за сітуацыяй на польска-беларускай мяжы. Калі паявілася зона, у якую не маглі зайсці гуманітарныя арганізацыі, журналісты, юрысты, я зразумела, што там зачыненымі засталіся ўцекачы і жыхары. Дзяржава пакінула грамадзян з праблемай. Распачаўся своеасаблівы пінг-понг чалавекам з Польшчы ў Беларусь, з Беларусі ў Польшчу. Я не хацела закранаць тэму гібрыднай вайны, палітыкі, Памежнай службы. Я з самага пачатку хацела паглядзець на сітуацыю з перспектывы сям’і, якая была зачыненая ў гэтай пастцы, ад якіх дзяржава чакала, што яны застануцца абыякавымі на просьбу іншага чалавека, якому патрэбная была дапамога. Што з чалавечай эмпатыяй, спачуваннем, маім сумленнем? Адвярнуцца і вярнуцца дадому? Што будзе з людзьмі, якіх я пакінула і не дапамагла?

Рэжысёрка кажа, што такі падыход не адпавядае яе жыццёвым прынцыпам. Яна паехала на Падляшша шукаць герояў, якія прынялі неабыякавую пазіцыю да людзей у лесе. Для аўтаркі важна было, каб гэта была сям’я з дзецьмі, паколькі яна цэніць дзіцячых герояў, якія вельмі дакладна каментуюць свет дарослых. Яны здольныя паказаць усе абсурды і недакладнасці свету дарослых.

Трое дзяцей, героі фільму, разумеюць, што ў лесе каля іх дому могуць быць мігранты, разумеюць, у якой сітуацыя яны апынуліся. Лідзія Дуда расказвае, што пачаткова Ася і Марэк усё ж хавалі перад дзецьмі праўду:

- Пачаткова бацькі стараліся раздзяліць свет у пушчы ад сямейнага жыцця. Яны стараліся адізаляваць дзяцей, бо гэта цяжкія і балючыя тэмы. Аднак гэтага не ўдалося зрабіць, паколькі яны стала знікалі з дому ў дзіўныя пары сутак, паяўляліся каробкі з прадуктамі, спальныя мяшкі, тэрмасы. Мама пачынала гэта ўсё моцна перажываць эмацыйна, яны бачылі, што яна плача. Гэтыя таямніцы паволі пачыналі разбураць іх сям’ю. Гэта ўсё было больш небяспечным, чым тлумачэнне, чаму іх сямейнае жыццё так выглядае.

Калі рэжысёрка сустрэла сям’ю Асі і Марэка, дзеці ўжо ведалі, што адбываецца. Яны дапамагалі сарціраваць рэчы і ведалі, для чаго гэта робяць.

Сужонкі пагадзіліся на здымкі толькі таму, што рэжысёрка паабяцала, што героямі фільму будуць дзеці. Што яны будуць каментаваць рэчаіснасць, а глядач даведаецца, што думае дзіця, апынуўшыся ў такой сітуацыі. У фільме гэтыя дзеці - празмерна дарослыя. Не здзіўляе, што дзіця кажа балючую праўду, калі такой з’яўляецца рэчаіснасць вакол іх, кажа Лідзія Дуда.

Здымкі фільму адбываліся 2,5 гады. Першыя былі зробленыя восенню 2021 году. Гэта быў час, калі ўпершыню была ўведзена буферная зона. Рэжысёрка называе гэта жорсткім эксперыментам:

- Гэта дастаткова жорсткі эксперымент на чуласці чалавека. Вызначэнне, каму можна дапамагаць, а каму не, прыводзіць нас да пэўнай бяздушнасці, да сегрэгацыі людзей на лепшых і горшых. Ёсць чалавек, якому патрэбная дапамога, і ён заслугоўвае такой дапамогі. Я не хачу ўваходзіць на ўзровень палітыкі, я разумею пагрозу на межах, гібрыдную вайну, я ўсё разумею. Але ў гэтым звар’яцелым свеце, па-мойму, мы, людзі, павінны абараніць сваю ўразлівасць, чалавечнасць, рэагаваць на крыўды, бо інакш мы прамнёмся ў жорсткім свеце.

У фільме бачна, што ўся сітуацыя вельмі выразна паўплывала на сямейнае жыццё. Галоўная гераіня, Ася, перажывае нешта накшталт дэпрэсіі.

- Тое, што яна бачыла ў пушчы, немагчыма выкінуць з галавы. Пушча – гэта дзікі лес. Я цяпер баюся пушчу, я б у жыцці ў яе не зайшла. Там балоты, высокая вільготнасць, нізкая тэмпература. Тропы жывёлы ўспрымаюцца як дарога ў бок дамоў, і чалавек гіне ў пушчы. Ася і Марэк бачылі там настолькі кашмарныя рэчы, што іх немагчыма выкінуць з памяці. У пэўным моманце Ася, якая так кахала пушчу, прыйшла да высновы, што яна бачыць там толькі смерць. Што яна не хоча туды хадзіць. Было ўражанне, што яны пакінуць свой дом, але ўсё ж вырашылі застацца, бо, як яны самыя сказалі, яны не хочуць быць чарговымі людзьмі ў дарозе. Яны хочуць змагацца за свой дом, не хочуць пакідаць тое, што самыя збудавалі. Пакінуць дом з вушаком, на якім пазначана, як раслі іх дзеці, гэта быццам бы пазбавіцца свайго жыцця. І яны ўсё ж вырашылі застацца.

Адначасова з гісторыяй Асі, Марэка і іх дзяцей, фільм паказвае незвычайную прыгажосць навакольнага асяроддзя. Незвычайны для большасці стыль жыцця ў поўнай гармоніі з прыродай. Чаго вартая сцэна, калі на панадворку герояў пад чыгуннай ваннай распальваецца вогнішча. У ваду дзеці кідаюць мноства зёлак, галінак і кветак. А ў ванную мама кладзецца з сваёй малодшай дачкой.

Фільм «Лес» Лідзіі Дуды атрымаў шэраг міжнародных узнагарод.

ав