Беларуская Служба

Вядомая варшаўская пальма стане экспанатам Музею сучаснага мастацтва, які адкрыецца праз месяц

27.09.2024 07:01
Гэта будзе музей, для якога ў цэнтры знаходзіцца публіка, для якога канон – рухомы.
Аўдыё
  • Вядомая варшаўская пальма стане экспанатам Музею сучаснага мастацтва, які адкрыецца праз месяц
Будынак Музею сучаснага мастацтваPAP/Albert Zawada

25 кастрычніка Музей сучаснага мастацтва адкрые сваю новую сядзібу на вуліцы Маршалкоўскай 103 – перад Палацам навукі і культуры ў сціслым цэнтры польскай сталіцы. Будынак з’яўляецца пачаткам змен у цэнтры гораду, які пераўтворыцца ў зялёную і прыязную пешаходам зону. Гарадскія ўлады і кіраўніцтва музею асаблівую ўвагу звяртаюць менавіта на тое, што адкрыццю музею з’яўляецца пачаткам змен у цэнтры гораду.

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі гаварыў на прэс-канферэнцыі, што музей сучаснага мастацтва будзе адным з галоўных элементаў змен у цэнтры Варшавы. Дзякуючы ім прастора становіцца ўсё больш прыязнай і камфортнай для ўсіх жыхароў і гасцей Варшавы:

- Музей сучаснага мастацтва ў кожным горадзе, які я ведаю, дзейнічае як магніт. Ён прыцягвае ўвагу, паколькі яго архітэктура ўражвае. Гэта будзе месца, дзе можна будзе сустракацца і захапляцца калекцыяй. Прыцягваць як магніт не толькі жыхароў Варшавы, але турыстаў з цэлай Польшчы і замежжа. Ёсць вялікі шанец, што будзе менавіта так, паколькі нам ёсць чым пахваліцца, калекцыі - на самым высокім сусветным узроўні. Дадаткова музей упісваецца ў план змен сціслага цэнтра гораду.

Побач у будучыні будзе пабудаваны тэатр TR Warszawa і Цэнтральная плошча (яна заменіць цяперашнюю плошчу Дэфіляд).


Эва Маліноўска-Групінська, Рафал Тшаскоўскі, Яанна Мыткоўска Эва Маліноўска-Групінська, Рафал Тшаскоўскі, Яанна Мыткоўска

Сімвалы з’яўляюцца важнымі, гаварыла старшыня Рады гораду Варшава Эва Маліноўска-Групінська:

- Мяняецца гэтае месца, мяняецца цэлая Варшава, а гэты подых сучаснасці – надзвычай важны. Будова доўжылася доўгія гады. Я дзякую тым, хто не страціў веру ў тое, што інвестыцыя ўзнікне, што яна мае сэнс, што гэты музей настолькі важны для гораду Варшава.

Прысутнасць сучаснага мастацтва ў цэнтры гораду яшчэ 20 гадоў таму не была відавочнай, гаварыла дырэктар Музею сучаснага мастацтва Яанна Мыткоўска. Яна адзначыла, што ў пляцоўцы будзе месца на публічныя праграмы, перформансы, сустрэчы, кнігарню і кавярню. Першы паверх будынка будзе адкрыты для ўсіх.

- Уваход на першы паверх будзе адбывацца без квіткоў, тут заўсёды нешта будзе адбывацца. А частку з гэтых рэчаў будуць планаваць жыхары гораду. Наш план у тым, каб стварэнне праграмы музею было адкрытае для публікі. Музей таксама вельмі адкрыты на горад. Будынак збудаваны так, што, акрамя залаў, бачны від на горад. Дзякуючы праекту вокнаў Варшава выглядае цалкам інакш. Гэта вельмі сучасная, надзвычай жывая, поўная зялёных тэрыторый і энергіі метраполія.


Архітэктура Музея сучаснага мастацтва Архітэктура Музея сучаснага мастацтва

Адкрыццё праз месяц будзе адбывацца з удзелам каля сотні творцаў, якія падрыхтавалі разнастайныя перформансы, кампаніі, экскурсіі і канцэрты. Свайго роду фестываль будзе працягвацца цягам тыдня.

Калекцыі музею будуць адкрытыя ў лютым. Гэта будзе цікавае параўнанне, як змянілася сучаснае мастацтва, як польскае сучаснае мастацтва стала часткай сусветнага.

Яанна Мыткоўска адзначыла, што для іх важным з’яўляецца стварэнне музею новага тыпу:

- Музей, для якога ў цэнтры знаходзіцца публіка, для якога канон – рухомы. Гэта не дадзеная раз на заўсёды праўда, але хутчэй дыскусія аб тым, што мы лічым істотным, што лічым сучасным. Гэтыя рухомасць канону важная, паколькі яна сведчыць пра самае важнае для нас, варшавян, то бок пра будову новай, адказнай за сябе супольнасці. Нам больш патрэбная дыскусія, чым мёртвыя сімвалы, чым нерухомы канон.


Архітэктура Музея сучаснага мастацтва Архітэктура Музея сучаснага мастацтва

Праект архітэктара Томаса Фіфера і яго каманды кардынальна зменіць пустэчу перад Палацам культуры і навукі. Новы будынак музея займае паўночна-ўсходнюю частку плошчы Дэфіляд. Чатырохпавярховы будынак мае агульную плошчу каля 20 тысяч квадратных метраў.

У ваколіцах музея, дзе няма сутыкненняў з тунэлямі метро, ​​высадзяць высокія дрэвы. Зялёныя насаджэнні палепшаць якасць грамадскіх прастор і павысяць камфорт карыстальнікаў у спякотныя дні.

Экспанатам музею стане пальма з кальца Дэ Голя, якой была вядомая Варшава. Штучнае дрэва стаяла на кальцы на працягу 22 гадоў. Самая вядомая пальма ў Польшчы стала часткай публічнай уласнасці, а значыць уласнасцю ўсіх варшавян.

Цікавінкай таксама з’яўляецца тое, што для Музею сучаснага мастацтва працуе сокал. Яго задача ахоўваць беласнежны фасад будынку ад забруджанняў галубамі.

ав

слухайце аўдыё