Беларуская Служба

Зламыснікі-анархісты спаскудзілі помнік Варшаўскай русалцы, які стаіць на беразе Віслы

30.09.2024 15:45
«Калі вы хочаце змагацца з кліматычнымі зменамі, палівайце фарбай людзей, палівайце мяне, але не культуру, не знішчайце яе. Гэта проста чыстае варварства».
 .
Варшаўская русалка.Фота: Wikimedia Commons

Паліцыя шукае зламыснікаў, якія знішчылі пастамент помніка Варшаўскай русалцы, які стаіць на ўзбярэжжы Віслы. У нядзелю ноччу на пастаменце хтосьці напісаў «Супраць усіх імперый», пакінуўшы сімвал анархіі – літару «А» ў крузе. Пра інцыдэнт паведамляе выданне Do rzeczy.

І нагадвае, што 8 сакавіка «актывісты» з групы «Апошняе пакаленне», якая змагаецца з кліматычнымі зменамі, аблілі помнік Русалцы аранжавай фарбай. Адна з «актывістак» тады растлумачыла, што такім чынам яны з сяброўкай хацелі ў жаночы дзень прыцягнуць увагу ўсіх да «кліматычнай катастрофы».

На акт вандалізму адрэагаваў тагачасны міністр культуры. «Актывісты спустошылі помнік Русалцы. Нядаўна яны сарвалі канцэрт у Нацыянальнай філармоніі. Я асуджаю гэтыя дзеянні. Той, хто замахваецца на культуру, знішчае самую ўніверсальную мову чалавецтва. Вандалізм – дрэнная стратэгія барацьбы за лепшую будучыню. Вы змагаецеся з кліматычнымі зменамі ці з культурай?» – напісаў Барталамей Сенкевіч на платформе X.

«Я асуджаю такія дзеянні і хачу звярнуцца да гэтых людзей з просьбай перастаць гэта рабіць. Калі вы хочаце змагацца з кліматычнымі зменамі, палівайце фарбай людзей, палівайце мяне, але не культуру, не знішчайце яе. Гэта проста чыстае варварства», – дадаў міністр.

нг