Неўзабаве ў Варшаве выступіць беларуска-партугальскі этна-джазавы квартэт MOVA DREVA. У польскай сталіцы адбудуцца два канцэрты.
MOVA DREVA – арыгінальны праект, у якім традыцыі сустракаюцца з сучаснасцю. Натхнёны беларускім фальклорам калектыў стварае непаўторную музычную ідэнтычнасць, спалучаючы беларускую традыцыйную музыку з сучаснымі стылямі, класікай і джазам. У складзе калектыву – Кацярына Льдокава (кампазіцыя, фартэпіяна і голас), Філіп Петчанка (кантрабас), Ігнат Мацюхоў (барабаны) і Аляксандр Вольскі (саксафон).
Праект MOVA DREVA ўжо вядомы сярод партугальцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, якія пражываюць у гэтай краіне. Нягледзячы на тое, што Беларусь – гэта «экзатычная» краіна для насельнікаў Іберыйскага паўвострава, яны не адчуваюць, што гэта вельмі далёка, кажа лідарка квартэту Кацярына Льдокава.
Кацярына Льдокава. Крыніца: асабісты архіў суразмоўцы
«Яны не адчуваюць гэтыя песні як нешта вельмі далёкае. Ім падабаецца наша музыка. Я заўсёды расказваю, пра што песні, што яе карані – традыцыйныя. І пасля канцэрту нашы слухачы заўсёды знаходзяць нешта агульнае, тое, што ёсць у Партугаліі ці ў іншых краінах, напрыклад, у Бразіліі. Аднойчы адзін бразілец прыйшоў і сказаў: «Ой, ведаеш, а ў нас таксама ёсць падобная песня пра дажджы», – кажа Кацярына.
Цяпер Кацярына знаходзіцца ў Польшчы ў канцэртнай трасе. Справа ў тым, што яна – удзельнік гурту вядомага партугальскага музыканта і выканаўцы Сальвадора Сабрала, які, дарэчы, у 2017 годзе прадстаўляў Партугалію на «Еўрабачанні». У калектыве Сабрала беларуска грае на фартэпіяна і спявае. Кацярына не выключае, што ў будучым з Сальвадорам запішы твор паводле беларускай музычнай традыцыі.
«Яму падабаюцца народныя гучанні любой краіны. Я яму спявала беларускія песні, яны яму спадабаліся. Мабыць, у мяне атрымаецца знайсці такую песню, якая яму спадабаецца і мы яе выканаем разам», – сказала беларуская артыстка.
Поўная размова з Кацярынай Льдовакай – слухайце аўдыёфайл
Размаўляў Валеры Саўко
Канцэрты MOVA DREVA ў Варшаве
.
10 кастрычніка на пляцоўцы Staromiejski Dom Kultury (Rynek Starego Miasta 2) і 11 кастрычніка – у Quality Studio (Konwiktorska 7). Абодва канцэрты пачынаюцца а 19:00 гадзіне, уваход – свабодны.