Беларуская Служба

Пяць еўрапейскіх краін выдаюць грамадзянам Беларусі пашпарты замежніка

31.01.2025 13:56
 Пра асаблівасці атрымання праязнога дакумента ў кожнай з краін распавёў юрыст Алег Мацкевіч.
Польскі праязны дакумент іншаземцаBelsat

На сённяшні дзень атрымаць праязны дакумент маюць права тыя, хто з розных прычын згубіў магчымасць карыстацца паслугамі дыпламатычных місій краіны паходжання і мае пэўныя падставы для легалізацыі ў краіне знаходжання. Для беларусаў такія дакументы выдае Аўстрыя, Германія, Швецыя, Літва ды Польшча, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

У Аўстрыі пашпарт замежніка (Fremdenpässe) можа быць выдадзены толькі тым асобам, якія маюць права на дадатковую абарону, але пры гэтым не могуць атрымаць нацыянальны пашпарт краіны паходжання, а таксама асобам без грамадзянства і асобам з няясным грамадзянствам і законным месцам жыхарства. 

У Літве пашпарт замежнай асобы (Užsieniečio pasas) можа быць выдадзены замежнай асобе, якая мае права на пражыванне ў Літоўскай Рэспубліцы на часовай або пастаяннай аснове, аднак не мае дзейснага пашпарта грамадзяніна замежнай дзяржавы ці адпаведнага яму дарожнага дакумента, або ён страчаны ці знішчаны, і па аб’ектыўных прычынах не можа яго атрымаць з кампетэнтных устаноў дзяржавы свайго паходжання. Užsieniečio pasas, выдадзены ў Літве, не змяняе грамадзянства замежнай асобы. Пашпарт замежнай асобы выдаецца на тэрмін не болей тэрміну дзеяння дазволу на часовае ці сталае пражыванне, але не менш чым на 3 месяцы і не болей чым на 5 гадоў, а ў выпадку, калі адбіткі пальцаў замежніка часова не могуць быць счытаныя, — не болей чым на 1 год.

У Германіі праязны дакумент носіць назву Graues Reisedokument (шэры праязны дакумент). Дзеля яго атрымання трэба звяртацца ў мясцовую іміграцыйную службу (Ausländerbehörde) па месцы пражывання. 

У Польшчы ў снежні мінулага году падчас сустрэчы прадстаўніка АПК Беларусі Паўла Латушкі з намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацеем Душчыкам было заяўлена аб тым, што спрошчаны парадак выдачы польскіх праязных дакументаў замежніка для грамадзян Беларусі будзе працягнуты да 30 чэрвеня 2025 года. Умовы выдачы Polski dokument podróžy dla cudzoziemca грамадзянам Беларусі выкладзены на сайце ўрада Рэспублікі Польшча.

У Швецыі каб атрымаць пашпарт замежніка (Främlingspass), трэба мець дазвол на жыхарства на падставе абароны ад уладаў у краіне паходжання, то бок, пераследу. Пашпарт замежніка можа быць выдадзены на тэрмін да 3 гадоў. 

Крыніца: БАЖ/юл