Слухайце сюжэт у далучаным файле!
Пераслед, рэпрэсіі і катаванні іншадумцаў — гэта рэальнасць сучаснай Беларусі, якая не змагла вырвацца з жалезных абдымкаў савецкай традыцыі.
Спектакль выкананы ў жанры «тэатр ценяў», дзею суправаджае хор «Гук цішы». Аўтары пастаноўкі прысвячаюць сваю працу (не)расстраляным паэтам, нагадваюць пра трагічныя падзеі 1937 года, калі ноччу з 29 на 30 кастрычніка пад Мінскам бальшавікі расстралялі больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.
Спектакль выкананы ў жанры «тэатр ценяў», дзею суправаджае хор «Гук цішы»
Расказвае Марыя Вайтовіч, прадстаўніца творчай ініцыятывы “Батлейка+”:
«У гэтым годзе 100-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава. Мы не першы раз хацелі закрануць гэтую дату, гэтую тэму. Тэма рэпрэсій, ахвяраў актуальная для Беларусі. Мы б хацелі, каб як мага больш людзей пра гэта ведалі, пераасэнсоўвалі. Гэта наша праца над гэтай тэмай, і мы хочам яе несці нашым гледачам».
Марыя Вайтовіч тлумачыць, што ў Варшаве цяпер адбываецца серыя інтэграцыйных мерапрыемстваў. І менавіта гэты паказ быў падтрыманы Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча.
Марыя Штарк (Maria Sztark), прадстаўніца Цэнтра культуры раёна Ахота ў Варшаве (Ośrodek Kultury Ochoty OKO) расказвае, як атрымалася здабыць дзяржаўную падтрымку.
«Жоўты пясочак» — гэта музычны спектакль, гэта спалучэнне тэатру ценяў і хору. Хору ўнікальнага, ён складаецца з беларускіх артыстаў, уцекачоў, якія жывуць цяпер тут, у Варшаве. Гэтую ініцыятыву заявіў для падтрымкі Анатоль Шырвель, і падчас дэмакратычнага галасавання праект атрымаў падтрымку, атрымаў дафінансаванне. Мы радыя, што можам дапамагчы ў арганізацыі гэтай падзеі, можам паказаць нашай публіцы з Ахоты гэтую пастаноўку. Калі разважалі, у якім месцы можам паказаць гэты спектакль, то згадалі пра Музей ікон. Мы часта абмінаем гэтае месца, якое выглядае прыцягальна, але крыху таямніча. І вырашылі, што атрымаецца выдатнае спалучэнне нашага Цэнтра культуры, беларускіх артыстаў, гэтага месца», — гаворыць Марыя Штарк.
Віталь Міхальчук, кусташ Музею ікон у Варшаве, супрацоўнік Варшаўскага ўніверсітэта/Беларуская служба Польскага радыё/Radyjo.net
Віталь Міхальчук, кусташ Музею ікон у Варшаве, супрацоўнік Варшаўскага ўніверсітэта, таксама мяркуе, што музей — выдатнае месца, каб аб’ядноўваць культ і культуру:
«Музей ікон — гэта асобнае месца на карце Варшавы. Тут адначасова месціцца музей і капліца святога мучаніка Грыгорыя Перадзэ, мучаніка з Аўшвіца, які ў той час жыў у Варшаве. Іконы тут знаходзяцца ў сваім натуральным асяроддзі. І музей, і капліца ствараюць прастору культуры, прасторы, дзе адбываюцца выставы, ідуць размовы пра мастацтва, пра ікону як інспірацыю для сучаснага мастацтва. Нам важна, што гэтая падзея адбываецца тут».
У гэтым годзе запланаваны яшчэ адзін паказ пастаноўкі паводле аповесці Быкава «Жоўты пясочак».
Ён адбудзецца 29 кастрычніка (аўторак) а 19.00. Месца: Puławska, 114, Варшава.
Уваход бясплатны.
Беларуская служба Польскага радыё/Radyjo.net
вх