Чаму нельга дакранацца да матылькоў? Ці лускакрылыя нас падманьваюць? Чамы матылькі п'юць слёзы чарапах? – на гэтыя ды іншыя пытанні адкажам падчас займальнага падарожжа ў свет экзатычных матылькоў.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Сёння мы адправімся ў незвычайнае месца, дзе можна выдатна расслабіцца, адпачыць і зарадзіцца жыццёвай энергіяй. Усё гэта дзякуючы цудоўным эстэтычным уражанням, якія гарантуюць нашыя сённяшнія героі - матылькі.
Матылькі ў кармушцы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Дом матылькоў на Хельскай касе – гэта вялікая зала са спецыяльна створаным трапічным мікракліматам. Тэмпература складае тут каля 24 градусаў Цэльсія, а вільготнасць - каля 80 працэнтаў. Гэта гарантуе матыльком выдатныя ўмовы для свабоднага жыцця і палёту.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Зараз тут прэзентуюцца каля 400 асобінаў насякомых, якія прадстаўляюць каля 30 відаў лускакрылых. Згаданыя прыгажуны паходзяць з Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі, а нават з Афрыкі.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Гід Якуб Яндрасік (Jakub Jędrasik) спачатку знаёміць нас з асноўнымі прынцыпамі абыходжання з матылькамі – гэта важна, паколькі тычыцца не толькі нашага візіту ў хельскім Доме матылькоў, але таксама нашых паводзінаў з мясцовымі відамі лускакрылых у іх натуральным асяроддзі:
- На пачатку я папярэджваў, каб не дакранацца да матылькоў. Калі мы гэта робім, то на нашых пальцах застаецца «пылок». Аднак на самой справе – гэта не пылок, а мікраскапічныя лускавінкі. Яны размешчаныя на крылах матылька, як чарапіца. Кожны наш дотык пашкоджвае гэтыя лускавінкі, якія ўжо не аднаўляюцца. У выніку матылёк не можа лётаць, а калі ён не лётае, то памірае, бо не ўстане знайсці сабе ежу.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У Доме матылькоў размешчаныя шматлікія кармушкі для лускакрылых, якімі яны ахвотна карыстаюца. А чым сілкуюцца:
- Кожны з гэтых матылькоў мае трубку, якой дакранаецца да садавіны, гэта смактальны ротавы апарат, які звычайна называюць «прысоскай». Калі насякомы не есць, то згортвае «прысоску» ў рулет. У нас на кармушках матылькі харчуюцца цытрусавымі. Некаторыя віды, напрыклад, нашыя польскія матылькі, сілкуюцца таксама нектарам з кветак. Лускакрылыя могуць есці таксама падаль. Як правіла, матылькі аддаюць перавагу ферментаванай садавіне, бо яна ўтрымлівае больш цукру.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
З першых хвілінаў у Доме матылькоў нашую ўвагу прыцягвае цудоўны матылёк блакітнага колеру. Мы захапляемся гэтым колерам, але спадар Якуб паясняе, што згаданы прыгажун крышку нас падманьвае:
- Гэта Morpho peleides, які паходзіць з Паўднёвай Амерыкі, у прыватнасці з Мексікі. Ён лічыцца адны з найпрыгажэйшых матылькоў у свеце, менавіта з-за свайго блакітнага колеру. Між тым, аказваецца, што колер згаданага лускакрылага на самой справе цалкам не блакітны. Дарэчы, навукоўцы даказалі, што ў лускакрылых сіні пігмент наогул не выступае. Morpho peleides бясколерны, але ён адлюстроўвае святло такім чынам, што для нас ён сіні. Калі паглядзець на ягоныя крылы з розных бакоў, аказваецца, што матылёк, скажам так, мяне свой колер, напрыклад, на ружовы або фіялетавы.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У Доме матылькоў, мы нечакана сустракаем чарапахі! Спадар Якуб хутка паясняе, што гэта не выпадковыя госці:
- Паміж матылькамі і чарапахамі назіраецца сімбёз. Матылькі, якія паходзяць з Амазоніі п'юць слёзы чарапах, каб атрымаць натрый, які ім неабходны для падтрымання жыццёвых працэсаў. Таксама, калі мы крыху пацеем, то матылькі ахвотна п’юць наш пот, які таксама ўтрымлівае натрый.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Адзіная форма абароны матылькоў у іх натуральным асяроддзі - гэта маскіроўка, паясняе наш гід і паказвае нам насякомых, якіх мы самі, хутчэй за ўсё б не заўважылі:
- Тут мы маем прыклад мімікрыі, гэта значыць прыпадабнення да драпежнікаў. Напрыклад, у матылькоў Caligo ёсць характэрная чорная кропка на ніжняй пары крылаў, якая нагадвае вока савы. Часта матылькі трымаюцца ў парах і, калі яны сядзяць побач, то нагадваюць галаву саву. Калі драпежнік бачыць такую саву, то ўцякае. Тут, у сваю чаргы, маем прыклад міметызму, гэта значыць прыпадабнення да навакольнага асяроддзя. Гэта матыль Kalima Inachus. Мы бачым яго там на сетцы. Ён выглядае, як засохлы ліст, таму ў натуральным асяроддзі, як і тут ў Доме матылькоў, ён практычна нябачны.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Па Доме матылькоў мы шпацыруем сярод сотняў вольна лётаючых лускакрылых. Яны падлятаюць да нас - садзяцца галаву, на вопратку. Гэта нагода бліжэй пазнаёміцца з анатоміяй лускапрылых:
- Кожны матылёк мае чатыры крылы - мы называем іх верхняй і ніжняй парамі. Верхняя – гэта рухавік, які дазваляе падымацца ў паветра. Ніжняя –дазваляе манеўраваць - як рулявыя рубкі самалёта. Калі матылёк мае пашкоджаную ніжнюю пару крылаў, то ён надалей можа лётаць, хоць манеўраваць яму цяжкавата. Аднак, калі ён пашкодзіць верхнюю пару крылаў, то ўжо не паляціць.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У Доме матылькоў мы можам таксама прасачыць ўве стадыі развіцця лускакрылых – пачынаючы з яйкя, а заканчваючы імага - дарослай стадыяй:
- Вось на бананавых лісціках відаць такія маленькія, белыя шарыкі – гэта яйкі матылькоў. Першая цікавінка – як адрозніць аплодненае яйка ад таго, якое неаплодненае. На аплодненым бачная такая цёмная кропачка, а на неаплодненым - не. Значыць, з таго яйка з кропачкай будзе развівацца вусень, а з гэтага белага – не.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Прыкладна праз 2 тыдні з гэтых маленькіх кропачак з'явяцца вусені. Найчасцей яны хаваюцца пад лістамі, каб іх не бачылі драпежнікі. Адзін непрыкметны вусень можа з'есці велізарную колькасць ежы. Чатыры вусені могуць з'есці такога вялікага бананавага ліста. Вусень жыве каля 2-3 месяцаў. Пазней пасяляецца на ніжняй частцы ліста і пераўтвараецца ў кукалку.
Дом матылькоў - інкубатар. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У сваю чаргу стадыю кукалкі ў Доме матылькоў можна пабачыць у адмысловым інкубатары:
- У гэтым пакойчыку нараджаюцца нашыя матылькі і адбываюць свой першы палёт. Тут вышэй знаходзяцца кукалкі дзённых матылькоў, а ніжэй коканы молі. Тут мы бачым адну з найвялікшых молі ў цвеце - Attacus atlas. Ейны кокан значна меншы ад стадыі імага. Таму ў сярэдзіне матылёк скамечаны, скажам так, як паперка ў шарык. Калі моль выйдзе з кокана, то чакае пакуль ейныя крылы расправяцца – гэта можа працягвацца нават больш за 10 гадзінаў. Калі матылёк пачынае лётаць па інкубатары, то мы яго выпускаем у агульную залу.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Працэс развіцца матылька займае 3-6 месяцаў у залежнасці ад віду. На жаль, згодна са словамі вядомай песні, матылькі ў стадыі імага – той, якая нас так захапляе - жывуць каротка:
- Даўжыня жыцця матылька ў стадыі імага (дарослая (дэфінітыўная) стадыя развіцця- рэд.) – гэта ад некалькіх гадзінаў - некалькіх дзён да максімальна 2-3 тыдняў. Даўжыня жыцця залежыць ад віду лускакрылага. Напрыклад, Morpho peleides, пра якога я ўжо згадаў, пражывае да трох тыдняў. У сваю чаргу гэтая моль - Attacus atlas (Паўлінаглазка Атлас) пражывае толькі да сямі дзён, таму што яна не мае смактальнага ротавага апарата і проста не можа есці. Яна жыве за кошт таго, што ёй удалося назапасіць у стадыі вусеня.
Дом матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У Доме матылькоў нас захапляе кшталт, колер і памеры экзатычных насякомых, якія непараўнальна большыя, чым нашыя мясцовыя лускакрылыя. Размах іхных крылаў складае ад 10 да 36 сантыметраў, як у выпадку Attacus atlas. Спадар Якуб запэўнівае, што матылькі, па-свойму, разумныя:
- Можна заўважыць, што самка скача па лістах. На ейных ножках знаходзяцца рэцэптары, і пры іх дапамозе яна правярае, ці дадзеная расліна зможа пракарміць ейных нашчадкаў, ці не. Калі расліна надзейная - самка адкладае на ёй яйкі, калі не - то шукае іншую.
Дом матылькоў на Хельскай касе. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Дом матылькоў на Хельскай касе выконвае, перш за ўсё, адукацыйную ролю. Тут можна пазнаёміцца з відамі лускакрылых, якіх мы не сустрэнем на нашых лугах ці ў нашых агародах. Можам пашырыць свае веды пра свет насякомых; даведацца, як ім дапамагаць і як не крыўдзіць.
Дзіцячыя малюнкі пасля наведвання Дома матылькоў. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Падчас наведвання Дому матылькоў трэба паводзіць сябе асцярожна і прытрымлівацца некалькіх правілаў. Па-першае, не дакранацца да матылькоў! Чаму? – мы патлумачылі на пачатку. Па-другое, трэба глядзець пад ногі, каб не наступіць на нейкага прыгажуна. Па-трэцяе, перад выхадам трэба добра агледзець сябе ў люстэрках, каб выпадкова не забраць з сабой таварыскага насякомага.
Анна Задрожна