У гадавіну чорнай ночы ў гісторыі беларускай культуры паэт Андрэй Хадановіч у Беларускім моладзевым хабе распавёў пра лёсы творцаў-ахвяраў сталінізму, як у 1930-я гады, так і пасля.
Прагучалі вершы Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна, Алеся Дудара, Ларысы Геніюш і іншых аўтараў, рэпрасаваных савецкай уладай. Андрэй Хадановіч таксама прачытаў уласныя пераклады Мойшэ Кульбака. Слухаючы творы, а таксама прыгадваючы іх розныя жыццёвыя і творчыя шляхі ўдзельнікі памятнай вечары ўшанавалі памяць рэпрэсаваных творцаў.
У размове з Беларускай службай Польскага радыё Андрэй Хадановіч падкрэсліў, што толькі такімі высілкамі ў цяперашніх умовах можна захаваць і культываваць беларушчыну:
– Ушанаванне памяці нашых герояў, ахвяр сталінізму, выбітных і вельмі розных літаратараў не будзе рабіцца ў сённяшняй Беларусі, бо яна працягвае лінію сталінскіх катаў, на глыбокі жаль так ёсць.
Таму ажыўляць нашых творцаў будуць або людзі ў Беларусі, якія знаходзяцца ў глыбокім культурным падполлі, канспірацыі.
Альбо ўсе беларусы, якія носяць сабой сваю Беларусь нават тут за мяжой. Памятайма запавет Уладзіміра Караткевіча, які заклікаў насіць сваё неба сабой, так і з Беларуссю. Будзем рабіць беларускія асяродкі там дзе мы ёсць, так і працягнем справу (не)расстраляных паэтаў. (...)
Завадатар памятнай вечарыны, кіраўнік Беларускага моладзевага хаба Алесь Лапко звярнуў увагу на тэрапеўтычны характар такіх сустрэч для беларусаў замежжа, а прадстаўніца Пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык заклікала пашыраць беларускую прастору на ўласным прыкладзе, выкарыстоўваючы хоць па некалькі «ўтульных» беларускіх слоў.
Выказванні цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле!
эж