Трэцяга лістапада споўнілася 142 гады з дня нараджэння Канстанціна Міцкевіча, вядомага ўсім беларусам пад псеўданімам Якуб Колас. У Варшаве ў рамках беларускіх аўторкаў у Вітрыне Усходняга дому разважалі, кім быў беларускі пясняр - канфармістам ці антысаветчыкам?
Творчасць і біяграфія Якуба Коласа вывучаныя добра, але стасункі народнага паэта Беларусі з савецкай уладай – малавядомая старонка. За сваю лаяльнасць Колас быў абласканы ўладай, аднак творы класіка падлягалі жорсткай цэнзуры, а сам творца знаходзіўся пад наглядам. Ці Колас мог захаваць свабоду творчасці ў таталітарнай савецкай Беларусі, дзе панавалі даносы і рэпрэсіі супраць калег?
Аляксандр Крыжэвіч.
Алесь Крыжэвіч, даследчык творчасці і жыцця паэта, адзначае, што за ім заўсёды сачылі службы, доўгі час Колас баяўся арышту, назіраў, як забіраюць блізкіх ці знаёмых. У гэтым трагізм яго лёсу.
- З ім дзейнічалі метадам бізуна і перніка. Маглі прыцягваць па нейкай справе, а пазней даваць званні, скажам, акадэміка, народнага паэта Беларусі. Трагічнасць лёсу ў тым, што яго не арыштавалі, хаця ён чакаў, нават развілася ў яго бяссонніца з-за гэтага. Але не змог уратаваць блізкіх людзей – між іншым дзядзьку Язэпа Лёсіка. Але на лёс іншых мог паўплываць – як на сваякоў Янкі Купалы.
Чаму менавіта яму ўдалося пазбегнуць гэта лёсу – быць арыштаваным?
- З аднаго боку, сялянская мудрасць, а з другога боку – ён меў ужо вопыт турэмнай адседкі яшчэ ў часы расійскай імперыі. І таму дзейнічаў заўсёды вельмі асцярожна. Калі ў 30-ыя гады Панамарэнка пісаў асабіста Сталіну, што рабіць з нацдэмамі Купалам і Коласам, нарадзіўся жарт, што “змянілі ордары на ордэны”. Магчымасць быць арыштаваным была, і не аднойчы.
Ордэн Леніна і аўтамабіль, уручаныя Якубу Коласу.
Гісторык, кандыдат навук, які пажадаў застацца ананімным, параўнаў лёс Якуба Коласа з лёсам іншага беларускага паэта Сяргея Грахоўскага. Першага ўлады галубілі, уручалі ордэны, пабудавалі вілу і давалі машыны, а другі двойчы трапляў у турму, быў паддаваны катаванню, а калегі вінавацілі яго ў здрадзе, паколькі ён назваў на допыце прозвішчы сваіх аднадумцаў. З аднаго боку такая была жорсткая сістэма, а з іншага – гэта выбар кожнага асобна ўзятага чалавека, і адказнасць ляжыць на яго сумленні. Асабліва ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя, у часы масавых рэпрэсій. Сістэма прымусіла і Коласа, і Купалу стаць цалкам савецкімі літаратарамі.
- Гэта поўнасцю савецкія пісьменнікі. А вось пратаколы допытаў Сяргея Грахоўскага, якія захоўваюцца ў архіве. Грахоўскі быў двойчы арыштаваны, адсядзеў 21 год. На просьбу назваць членаў сваёй контррэвалюцыйнай арганізацыі ён назваў 14 чалавек. Гэты паэт вось так скончыў, а гэты – вось так. Калі казаць пра канфармізм Коласа – ён быў разумным чалавекам, усё разумеў, але быў вымушаны, у тым ліку пісаць панегірыкі Сталіну. Творца павінен размаўляць толькі са сваім сумленнем і са сваім талентам, але ён адрынуў гэта, і размаўляў так, як жадала ўлада.
Магчыма, з-за гэтага дуалізму лёсу Коласа, у яго такое багацце псеўданімаў. Некаторыя даследчыкі кажуць нават пра сорак мянушак, якімі карыстаўся паэт, але, па словах Алеся Крыжэвіча, на самой справе налічана каля двух з паловай дзясяткаў псеўданімаў. Самыя вядомыя - Якуб Колас і Тарас Гушча.
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле
нг