«Калі амерыканскія войскі ды іх ваенная інфраструктура будуць у Польшчы, увесь свет будзе ведаць, што гэта больш не сфера ўплыву Расіі. (...) Мы павінны захаваць амерыканскую прысутнасць любой цаной. Нам патрэбная вашая падтрымка, каб ЗША не забыліся пра Польшчу», — заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на сустрэчы з польскай супольнасцю ў Чыкага. Прэзідэнта цытуе Польскае агенцтва друку (PAP).
У нядзелю, 2 сакавіка, падчас выступу ў Цэнтры Каперніка (Copernicus Center) у Чыкага прэзідэнт Анджэй Дуда звярнуўся да польскай супольнасці з заклікам падтрымаць Польшчу ў адносінах з ЗША, перш за ўсё ў пытаннях бяспекі і эканомікі.
«Прэзідэнт Лех Качыньскі сказаў, што калі тут, у Польшчы, будуць амерыканскія войскі, калі тут будзе стратэгічная амерыканская ваенная інфраструктура, увесь свет будзе ведаць, што гэта дакладна не сфера ўплыву Расіі, мы павінны захаваць яе любой цаной», — заявіў Дуда.
Як адзначыў польскі лідар, рызыкі нападу Расіі на Польшчу цяпер няма. «Расія паламала шмат зубоў аб Украіну, значна больш, чым здавалася спачатку. Аказалася, што гераізму абаронцаў Украіны і першапачаткова кепскай тэхнікі было дастаткова, каб спыніць расійскі націск; потым, калі мы першымі пачалі ваенную дапамогу Украіне (...) яна здолела супрацьстаяць расійскаму націску, і аказалася, што расійская армія не непераможная», — сказаў прэзідэнт Польшчы.
Аднак Дуда таксама падкрэсліў, што «калі хтосьці дазволіць Расіі спакойна аднаўляць свой ваенны патэнцыял і рабіць высновы з паразы і ганьбы здабытай ва Украіне, праз некалькі гадоў Расія можа быць сапраўды небяспечнай».
«Таму нам таксама патрэбна ваша падтрымка, каб Амерыка не забывалася пра Польшчу і ставілася да Польшчы як да важнага пункта на карце сваіх глабальных інтарэсаў», — сказаў Анджэй Дуда, звяртаючыся да польскай супольнасці Чыкага.
эж