Беларуская Служба

Беларуская выцінанка ўнесеная ў спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO. Чаму гэта важна?

06.12.2024 15:57
Беларуская выцінанка, традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, уключаная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO. Што гэта значыць і чаму гэта важна?
Аўдыё
  • Беларуская выцінанка, традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, уключаная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO
       UNESCO
Беларуская выцінанка ўнесеная ў спіс Нематэрыяльнай спадчыны UNESCO© Alfred Mikus.2022

Агулам ёсць два спісы нематэрыяльна-духоўнай спадчыны: рэпрэзентатыўны і  спіс аб’ектаў, якім патрабуецца ахова.

У першым спісе цяпер наступныя традыцыі і рамёствы:

  •     Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)
  •     Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы
  •     Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні
  •     Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы


У Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, Беларусь прадстаўлена:

  •     абрад «Калядныя цары»
  •     вясновы абрад «Юр'еўскі карагод»


Сёння выцінанка — гэта модны кірунак народнага мастацтва. Ёсць майстры і нават цэлыя школы, якія займаюцца выцінанкай. Работамі ў стылі выцінанкі ўпрыгожваюць інтэр'еры, матывы з выцінанкі выкарыстоўваюцца ў афармленні кніг, у мультыплікацыі.

Пра выцінанку мы размаўляем з Аленаю Ляшкевіч, даследчыцай народнай культуры, навукоўцам.

— Гэта справа дзяржаўнага прэстыжу, лёгкі шлях паказацца на міжнароднай арэне. Умова UNESCO, паводле Канвенцыі аб ахове нематэрыяльна-культурнай спадчыны 2003 года, што элемент мусіць быць унесены хаця б у адзін нацыянальны інвентар нематэрыяльна-культурнай спадчыны. У Беларусі гэта адзін дакумент, але ў іншых краінах іх можа быць некалькі, таму што Канвенцыя дазваляе мець некалькі такіх інвентарных спісаў.

Алена Ляшкевіч Алена Ляшкевіч

Першапачаткова выцінанкі выкарыстоўваўся для інтэр'ераў храмаў і абразоў.

— Лічыцца, што ў народным побыце выцінанка з'явілася ў другой палове ХІХ стагоддзя. Выцінанка была таксама ў высокай, салоннай культуры, ва ўпрыгожванні цэркваў, абразоў. У другой палове ХІХ стагоддзя выцінанка ўвайшла ў побытавае жыццё, рабілі ўпрыгожванні са звычайнай паперы, не крафтавай. Часцей за ўсё гэта былі ўпрыгожванні палічак, фіранкі на вокны. Але ж і вокны, такія, як мы гэта ўяўляем, з’явіліся ў ХІХ стагоддзі, да гэтага былі курныя хаты. Таксама выцінанкамі маглі ўпрыгожваць абразы, фотаздымкі, якія ў дамах шырока з’явіліся пасля Другой сусветнай вайны. Мастацкае адраджэнне выцінанкі было ў 1970–1980-ых гадах.

Але сёння выцінанка ў Беларусі перайшла з народнай творчасці ў шэраг мастацтва — гэтым займаюцца адмысловыя майстры. Творы ў стылі выцінанкі прадаюць для дэкору, напрыклад, інтэр'ераў.

— Сёння выцінанка — сапраўды від мастацтва. Але, калі едзеш у этнаграфічную экспедыцыю, яшчэ можна сустрэць людзей, якія могуць паказаць і расказаць, як выглядалі выцінанкі. У памяці народнай гэтае побытавае мастацтва захоўваецца. Калі падумаць шырэй, то хто з нас у дзяцінстве не выразаў сняжынак, а гэта ж таксама выцінанкі? Гэта сапраўды народнае мастацтва. У дакументах, пададзеных у UNESCO, згадваюцца імёны такіх майстроў, як Святлана Лянкевіч з Магілёва, Вольга Бабурына з Мінска, Святлана Вяль і Марына Марчук з Брэста, шмат прадстаўнікоў Маладзечанскай школы выцінанкі.

Да слова, традыцыя выцінанкі таксама ёсць ва Украіне, Польшчы, ёсць габрэйская выцінанка. Для беларускай традыцыйнай выцінанкі характэрны адзін колер, традыцыя сіметрыі.

У Рэпрэзентатыўным  спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ёсць «калектыўныя намінацыі», калі ці падаюцца заяўкі з іншымі краінамі, якія маюць падобныя элементы, ці далучаюцца да ўжо заяўленых. Напрыклад, традыцыйнае беларускае бортніцтва ўнесена ў спіс UNESCO разам з польскім.

Алена Ляшкевіч гаворыць, што падрыхтаваныя дакументы на тое, каб унесці і беларускую дуду ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Таксама можна далучацца да раней унесеных дакументаў. Напрыклад, самы масавы элемент з гэтага спіса, да якога далучылася найбольшая колькасць краін, гэта культура гадавання паляўнічых сокалаў.

Да ўнесеных у спісы UNESCO элементаў узрастае ўвага на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Але часам залішняя ўвага шкодзіць народным традыцыям, бо гэта вядзе да страты аўтэнтычнасці. Напрыклад, калі калядны абрад «Цары» ўнеслі ў спіс UNESCO, у вёску Семежава пачалі прыязджаць да некалькіх соцень гасцей, і мясцовыя жыхары не былі задаволеныя такой увагай, візітам журналістаў, аператараў. Але цяпер прызвычаіліся і спакойна на гэта рэагуюць.

вх