Беларуская Служба

Выдадзены сакрэтныя дакументы аб польска-савецкіх адносінах у 1932–1939 гг.: ёсць у іх і беларускі акцэнт

12.12.2024 15:41
Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Ю. Мерашэўскага выдаў „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945 Tom III 1932–1939”.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". М.Корнат пра даваенную РП і беларусаў.
   Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 19181945. Tom III (19321939).
Вокладкі двухтомнага зборніка „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945. Tom III (1932–1939)”.https://mieroszewski.pl/shop/dokumenty-do-historii-tom-iii?utm_campaign=Dzia%C5%82%20Komunikacji%20OB%20%2B%20MS&utm_content=%20Tajne%20dokumenty%20i%20dyplomatyczne%20telegramy%20%7C%20NOWO%C5%9A%C4%86%20wydawnicza&utm_medium=email&utm_source=getresponse&utm_term=getresponse

У лістападзе варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага выдаў пад рэдакцыяй гісторыка праф. Марэка Корната 855 дакументаў, у тым ліку 453, якія ніколі раней не публікаваліся, аб тым, як складваліся адносіны паміж Польшчай і СССР напярэдадні Другой сусветнай вайны. Яны закранаюць і лёсы беларусаў у Польшчы і СССР.

Выданне „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945. Tom III (1932–1939)” («Дакументы па гісторыі польска-савецкіх адносін у 1918–1945 гг. Том III. (1932–1939 гг.)») ужо ёсць у продажы. Яно ахоплівае перыяд ад падпісання ў 1932 годзе пакта аб ненападзе паміж Польшчай і СССР да апошняга дня міру ў Еўропе, 31 жніўня 1939 года. Дакументы падзелены на чатыры групы: фаза нармалізацыі адносін паміж Польшчай і СССР (1932-1934 гг.); перыяд пагаршэння адносін (1934–1935 гг.), звязаны, у тым ліку, з падпісаннем Польшчай пакта аб ненападзе з Германіяй; своеасаблівая халодная вайна паміж Польшчай і СССР (1935-1938 гг.); апошнія месяцы перад пачаткам вайны (1938-1939 гг.).

Акрамя дыпламатычных дакументаў з польскіх архіваў зборнік змяшчае за сакрэтныя паперы з архіва МЗС РФ: шыфраваныя тэлеграмы, інструкцыі, памятныя запіскі, дыпламатычныя ноты і прыватныя лісты, якія дазваляюць зазірнуць за закулісы, дзе прымаліся рашэнні польскімі і савецкімі дыпламатамі.

Том III завяршае серыю „Dokumenty do historii stosunków polsko-sowieckich 1918–1945”, выдадзеную ў чатырох тамах пад агульнай рэдакцыяй праф. Марыюша Воласа.

Марэк Корнат падкрэслівае, што польскі бок у інтэрпрэтацыі падзей мінулага кіруецца выключна навуковымі меркаваннямі. Іншая пазіцыя ў расійскага боку.

— У Расіі ўсё палітызавана. А мінулае з'яўляецца прадметам бязлітаснай палітычнай прапаганды. Бо Расія з'яўляецца пераемніцай Савецкага Саюза, а Савецкі Саюз не быў мірнай дзяржавай. Так яго называлі, вядома, прапагандысты. Але гэта дзяржава праводзіла экспансіўную знешнюю палітыку. Гэта палітыка, у прыватнасці, была накіравана на падпарадкаванне Польшчы — гэта было асноўнай мэтай: бо Польшча займае цэнтральнае геапалітычнае становішча ў Цэнтральнай Еўропе, вельмі важнае месца. І таму, хаця б з-за геапалітыкі, у Маскве хацелі навязаць нашай краіне сваю волю. Адпаведна, палітыкі даваеннай Польшчы ажыццяўлялі жорсткае супраціўленне гэтым спробам, каб прадухіліць страту незалежнасці.

Марэк Корнат называе галоўныя рысы савецкай палітыкі ў адносінах да Польшчы ў даваенны перыяд: двудушнасць і непавагу да ўзятых на сябе і дадзеных партнёрам абавязацельстваў. Але даверу не было і з польскага боку. Фактычна, канстатуе вучоны, краіны знаходзіліся ў стане перманентнай халоднай вайны, якая, як сведчаць дакументы, рана ці позна магла перарасці ў сапраўдную:

— Для бальшавікоў мір — гэта на самай справе стан рэчаў пад назвай «передышка», перыяд перапынку паміж адным канфліктам і другім. У адносінах з Польшчай назіраліся перыядычныя пагранічныя інцыдэнты, парушэнне польскай паветранай прасторы ваеннымі самалётамі. Ва ўмовах голаду на Украіне ў 1932 годзе войскі НКУС расстрэльвалі тых, хто шукаў магчымасць выбрацца з гэтай краіны і дабрацца да Польшчы. А з іншага боку, перыяды паляпшэння ў адносінах з СССР былі прадуктам міжнароднай сітуацыі.

Абставінамі, якія ўплывалі на ўзаемаадносіны афіцыйных Масквы і Варшавы, былі падзеі на беларускіх і ўкраінскіх землях, падзеленых у 1921 годзе па Рыжскім мірным дагаворы паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога. Марэк Корнат прыводзіць канкрэтныя прыклады:

— Канфлікт з-за тэрыторый быў відавочна вельмі важным фактарам напружанасці ва ўзаемаадносінах Варшавы і Масквы. Прапаганда ў Маскве ўвесь час выкарыстоўвала тэрміны «Заходняя Беларусь» і «Заходняя Украіна», называючы так тэрыторыі, якія адышлі да Польшчы і ўвайшлі ў яе склад па Рыжскім мірным дагаворы 1921 года. Натуральна, Масквой гэтым народам было абяцана «вызваленне», а агрэсія СССР апраўдвалася гэтым «вызваленнем», і яна ўрэшце адбылася па ўзгадненні з Гітлерам у 1939 годзе. Вядома, гісторык не можа сказаць, што ўваходжанне гэтых тэрыторый, населеных беларусамі, украінцамі, у склад Савецкага Саюза было вызваленнем гэтых народаў, як казала камуністычная прапаганда. Але менавіта гэтага погляду да гэтага часу прытрымліваецца Масква і дыктатар Беларусі, прыхільнік Масквы, яе памагаты. З навуковага пункту гледжання гэта вельмі складанае пытанне. Ну немагчыма ў двух сказах апісаць, якая была рэальная сітуацыя. Фактам з'яўляецца тое, што беларускія і ўкраінскія тэрыторыі, якія ўваходзілі ў склад даваеннай польскай дзяржавы, несумненна, былі найбяднейшай часткай Польшчы. Улады Польшчы занялі пазіцыю пабудовы адзінай нацыянальнай дзяржавы і па гэтай прычыне выступалі супраць такіх саступак як культурная аўтаномія ці самакіраванне на гэтых землях.

Марэк Корнат адзначае аднабаковы падыход многіх расейскіх і беларускіх гісторыкаў, а асабліва ідэолагаў да пытання аб становішчы беларусаў і ўкраінцаў у складзе даваеннай Польшчы. Аднак рэальнасць была далёкая ад той адназначнасці, якая ўласціва савецкай і расійскай, а таксама афіцыйнай беларускай версіі мінулага:

—  Відавочна адно, і я хацеў бы гэта падкрэсліць, што хаця становішча ўкраінцаў і беларусаў у Польшчы не было здавальняючым, і польскія гісторыкі гэта прызнаюць, аднак на гэтых землях не было таго голаду і масавай гвалтоўнай калектывізацыі, якая была ў Савецкім Саюзе. Напомню, што голад у Расіі, на Волзе, быў у 1922-1923 гадах, а потым, праз дзесяць гадоў, — вялікі голад на Украіне, які меў рысы генацыду. Становішча ўкраінцаў і беларусаў як нацыянальнай меншасці ў польскай дзяржаве не выклікала іх знішчэнне, голад, і гэта трэба вельмі выразна сказаць, што паказваюць і выдадзеныя намі дакументы. Акрамя таго, яны сведчаць аб тым, што польская дзяржава спрабавала пераканаць і падрыхтаваць беларусаў і ўкраінцаў да таго, каб яны станавіліся лаяльнымі грамадзянамі Польшчы, служачы ў войску, вывучаючы афіцыйную польскую мову акрамя сваёй роднай, каб яны не выступалі супраць польскай дзяржавы як такой, імкнучыся падарваць яе знутры. Гэта была польская абарончая праграма ў адносінах да ўсходніх зямель Польшчы ў той час. Гэта праграма, натуральна, неаднаразова была прадметам крытыкі сярод палякаў, сярод польскіх гісторыкаў, адным з яе крытыкаў пасля Другой сусветнай вайны быў Ежы Гедройць на старонках заснаванага ім часопіса „Kultura”, важнага цэнтра польскай палітычнай думкі на эміграцыі. У любым выпадку, калі я гляджу на падзеі даваеннага перыяду, я бачу надзвычай складаную праблему, у прынцыпе невырашальную. Палякі не маглі сысці з усходніх тэрыторый, таму што трэба памятаць, што ў буйных гарадах — Вільні, Гродне ці Львове былі вялікія канцэнтрацыі польскага насельніцтва, і вывад гэтых тэрыторый за межы Польшчы быў бы асуджаны не толькі польскім народам, але і не паслужыў бы на карысць беларускага ці ўкраінскага народа, бо гэтыя землі сталі б проста здабычай Савецкага Саюза.

І па сутнасці так адбылося, калі згодна з савецка-германскім пактам аб ненападзенні, вядомым як пакт Молатава–Рыбентропа, Германія і СССР падзялілі Польшчу, а ў склад СССР былі ўключаны беларускія, украінскія, літоўскія, а таксама частка польскіх зямель даваеннай РП.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаве выйшлі кнігі пра невядомыя старонкі біяграфій Юзафа Пілсудскага і яго першай жонкі Марыі

04.07.2024 15:56
Кніга Марыюша Кальмасяка Piękna Pani. Biografia Marii z Koplewskich Piłsudskiej расказвае пра першую жонку Юзафа Пілсудскага.