У сённяшнім шалёным свеце мала хто гатовы аддаць столькі часу, каб займацца народнай вышыўкай. Але і мала хто адмовіцца бачыць гэты цуд перад вачыма і мець нейкую творчую асалоду, — лічыць спадарыня Вольга, якая вучыць іншых беларускай народнай вышыўцы.
Спадарыня Вольга праводзіць заняткі ў польскай Познані ў гуртку беларускай народнай вышыўкі. У ім займаюцца 14 чалавек — гэта эмігранты з Беларусі. Сама настаўніца вучылася гэтаму майстэрству яшчэ на радзіме. Цікаўлюся: займацца ў эміграцыі народнай вышыўкай — гэта неабходнасць, хобі ці нешта іншае?
— Гэтае мастацтва са мной ужо 11 гадоў ідзе побач. І было шмат складанасцяў, калі я ўвогуле не магла гэтым займацца, але заўсёды ведала, што гэта маё. Не ведаю, як гэта патлумачыць, але калі гляджу на вышыўку, то нічога прыгажэйшага ў свеце для мяне няма. І нішто больш мяне так не кранае, як беларуская вышыўка.
— А што менавіта вас так у ёй кранае?
— Па-першае, мяне здзіўляе, што ў той час, калі гэта ўсё рабілася, не было ні інтэрнэту, ні падручнікаў, ні матэрыялаў, ні лямпачак — нічога фактычна не было. Была толькі іголка, ніткі, тканіна, якую рабілі зноў-такі самі. Ніхто яе не выдаваў і не набываў. І тое, што звычайныя жанчыны сваімі рукамі, маючы шмат дзяцей, перагружаныя працай, наогул рабілі такія творы, — мяне гэта шчыра здзіўляе. Бо вельмі проста зрабіць нешта прыгожае, калі ў цябе ёсць прыгожы матэрыял, сучасны інструмент. А калі ў цябе нічога няма, а ты павінен зрабіць нешта прыгожае і натхняльнае… вось гэта здзіўляе.
— А што вы вышываеце, на чым палягае ваша творчасць?
— Мяне больш за ўсё прывабліваюць традыцыйныя строі, якімі яны былі. Вельмі хочацца паўтараць тое, што рабілі іншыя жанчыны, менавіта максімальна дасканала. Зараз, да прыкладу, я працую над маларыцкай наміткай, якая займае вельмі шмат часу, бо вельмі дробная тканіна. І гэта нават ужо не першы год цягнецца, на жаль. Але я разумею, калі гэта зраблю, то стану зусім іншым чалавекам. У тым сэнсе, што змагу прайсці гэты доўгі шлях, які дадасць мне цярплівасці. Вельмі шмат было сумнага і вясёлага за час вышывання наміткі, але я веру, што зраблю яе.
— Маларыцкая намітка, калі канкрэтней, што гэта?
— Гэта галаўны ўбор ручніковаша тыпу, які насіла замужняя жанчына.
— Спадарыня Вольга, а калі стаўся той момант, што гэтае мастацтва вас настолькі ўразіла, і вы захацелі гэтым займацца?
— Я шмат у чым сябе спрабавала, у рознай творчасці і асабліва ў рукадзеллі. Мне падабалася рабіць розныя рэчы, але не было нейкага сэнсу ў гэтым. Аднойчы вырашыла пашукаць звесткі пра беларускую народную вышыўку і праз два дні патрапіла на курсы, якія працягнуліся два гады. Там я зразумела, што мяне гэта моцна трымае, як карані. Яно проста адгукнулася ў маім сэрцы. Я зразумела, што ў гэтым ёсць сэнс, і складана, і цікава, і неверагодна прыгожа.
— Наколькі складана гэтым займацца?
— Для мяне тэхнічна гэта не было вельмі складана, бо я шмат чаго раней рабіла рукамі. Але, вядома, даводзілася напрацоўваць досвед. Пашыць кашулю з аднаго боку не так і скалалана, але, калі ў ёй шмат вышыўкі, напрыклад, Маларыцкі ці Калінкавіцкі строй . То ўжо не так і проста. Такую працу не варта спрошчваць. І калі зрабіць строй мінімальным па вышыўцы, то гэта ўжо не будзе той рэальны строй, якім ён некалі быў. Над гэтым трэба папрацаваць.
— А вы цяпер у ХХІ стагоддзі, акрамя іголкі, карыстаецеся яшчэ нечым?
— Асабліва нічым. Нажніцамі, перыядычна лупай, бо зрок падводзіць. Паспрабавала трохі вучыць іншых на YouTube-канале, а вось тут давялося асвойваць новыя камп'ютарныя праграмы і іншае.
— Але ніткі вы цяпер купляеце ў краме…
— Канешне, купляю, бо няма магчымасці іх рабіць. Тут хаця б вышыць гатовымі ніткамі, не тое што яшчэ іх самой зрабіць.
— А як вам прыйшла ідэя, што трэба яшчэ некага гэтаму вучыць?
— Скажу так, што я чалавек, які не вельмі любіць выходзіць у людзі. Гурток сам прыйшоў да мяне. Я дапамагла пашыць кашулю адной дзяўчыне, а яна аказалася вельмі актыўнай і прапанавала разам арганізаваць гурток. Я пагадзілася, бо разумею, што павінна перадаваць навыкі іншым, хаця для мяне гэта насамрэч складана.
— І ёсць да гэтага зацікаўленасць?
— Цяжка адказаць на гэтае пытанне, бо ў многіх паняцце аб беларускай вышыўцы даволі павярхоўнае. Мне падаецца важным, каб мець эмацыйную сувязь з гэтым прадметам. Бо калі нехта табе цікава пра гэта распавядае, то і ўспрыняцце іншае, а калі ты не маеш аб гэтым інфармацыі, то даволі складана. Масавай зацікаўленасці, вядома, няма, але калі чалавек гэтым пранікаецца, то атрымліваецца іншы вынік.
— А калі неяк ёмка абазначыць — што такое народная вышыўка?
— Не проста на такое пытанне адказаць, але мне здаецца, што для кожнага гэта нешта сваё. Для мяне гэта проста быць шчаслівай. Гэта тое, што мяне і натхняе, і трымае ў жыцці ды ва ўсіх магчымых складанасцях, і тое, што дае мне арыентыр ісці далей. Для мяне гэта такая зорка, якая свеціць наперадзе. Я разумею, колькі магу зрабіць, і гэта неверагодная колькасць магчымасцяў.
— На ваш погляд, цяпер такое мастацтва, як народная вышыўка, яно паміраючае?
— Мне здаецца, што зараз змянілася ягоная якасць і сэнс. Раней гэта было жыццёва неабходным, без гэтага людзям было не выжыць, а зараз яно проста змяніла сваю якасць і становіцца проста мастацтвам. У сённяшнім шалёным свеце мала хто гатовы аддаць столькі часу, каб вышываць сабе нешта, бо рэчы можна купіць у краме. Але для таго, каб мець нейкую творчую асалоду і бачыць гэта перад вачыма, мне падаецца, мала хто ад гэтага адмовіцца.
— Ці параўноўвалі вы беларускую народную вышыўку з польскай? Ці ёсць адрозненні?
— Так, тут ёсць вышыўка, шмат, але яна іншая. І тут насамрэч больш падтрымкі тым, хто гэтым займаецца. Музеі імкнуцца ўносіць мясцовыя віды мастацтва ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.
— А асаблівасць беларускай вышыўкі — у чым яна?
— На першы погляд мы даволі сціпла і манахромна выглядаем па каляровай гаме побач з нашымі суседзямі, у якіх усё яскрава, энергічна, напорыста. То ў нас яно ўсё больш сціпла, спакойна. Але, мне падаецца, што ў гэтых складаных узорах глыбіня, і трэба добра прыгледзецца, каб заўважыць гэту нашу вытанчанасць.
— Вам даводзілася прадстаўляць беларускую вышыўку для польскіх гледачоў?
— Так, і шмат палякаў цікавіліся, чулі ад іх шмат цёплых слоў, яны натхняліся нашымі ўзорамі. І рэакцыя была нават большай, чым ад саміх беларусаў. Вядома, для палякаў гэта было нешта новае.
Павел Залескі
Акрамя гуртка беларускай народнай вышыўкі, спадарыня Вольга праводзіць заняткі на YouTube: