Аляксандр Чарнуха, журналіст і аўтар кнігі «Свінні», выдаў сваю другую кнігу «Гвалт». Усе мы гвалтаўнікі і ахвяры гвалтаўнікоў адначасова, кажа аўтар.
«Гвалт» - гэта кніга на сур’ёзныя тэмы. Аляксандр Чарнуха кажа, што цяпер яму важна размаўляць менавіта на такія тэмы.
- «Гвалт» - гэта 10 апавяданняў, яны пра розныя адценні гвалту, беларускага гвалту. Я лічу, што ўсе мы і гвалтаўнікі, і ахвяры адначасова, у залежнасці ад сітуацыі. Апавяданні розныя па стылістыцы і па змесце. Гэта мікс фікшн і нон-фікшн, рэальнасці і сюррэальнасці. Тое, што вакол нас, і тое, чаго вакол нас няма.
Расказваючы, пра які гвалт ідзе гаворка ў кнізе, Аляксандр адзначае, што гвалт 2020 года праяўляецца ў яго папярэдняй кнізе «Свінні». У «Гвалце» больш шырокі фокус.
- Гэта агульначалавечыя тэмы, але вельмі беларускія па сваім складніку. За апошнія пяць год мы зразумелі, што дыктатура – гэта не толькі канкрэтныя людзі, якія кіруюць нашай краінай. Дыктатар жыве шмат у кім з нас. З гэтай дыктатурай таксама трэба змагацца. Каб не зразумець у пэўным моманце, што ты той кат, які здзекуецца з сябе, іншых, робіць непрыгожыя ўчынкі. Мне падаецца, што на гэтыя тэмы нам і трэба размаўляць, таму што ў першую чаргу трэба забіць дыктатара ў сабе. Мне здаецца, што нам цяпер трэба размаўляць на нязручныя тэмы, якія баляць.
У кнізе ёсць асабістыя перажыванні аўтара. Адно апавяданне расказвае пра яго маці, якая вельмі цяжка хварэла. У кнізе ёсць выдуманыя гісторыі, а ёсць і сапраўдныя, як гісторыя 13-гадовай дзяўчынкі, якую ў Самалі прысудзілі да смяротнага пакарання за тое, што яе згвалцілі.
Аляксандр кажа, што вельмі цэніць сустрэчы з слухачамі, бо гэта нагода для дыялогу на важныя тэмы:
- Праз гэтую кнігу я заклікаю да дыялогу. З нейкімі маімі думкамі і высновамі можна не пагаджацца, але гэта таксама частка працэсу, калі мы спрачаемся і дыскутуем, каб прыйсці да высноў. Мне падаецца, мы толькі ў самым пачатку нашага шляху да мірнага жыцця, бо мы не можам дамовіцца паміж сабой. Спадзяюся, што гэта кніга дапаможа нам зрабіць крок наперад.
У чацвер, 23 студзеня, прэзентацыя «Гвалту» будзе праходзіць у Музеі Вольнай Беларусі. Пад канец месяца аўтар едзе ў тур па амерыканскіх гарадах.
У далучаным гукавым файле слухайце поўную размову з аўтарам. Вы даведаеце, чаму першая кніга не магла быць напісаная на беларускай мове, а другая не магла быць напісаная па-руску.
ав