Кожны год на мерапрыемствы, якія адбываюцца на тэрыторыі Музея Аўшвіц-Біркенаў у Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту (27 студзеня), прыбываюць былыя вязні, якія прайшлі праз канцлагер. На жаль, кожны год іх становіцца менш. Неўзабаве пра маштаб трагічных падзеяў, якія адбываліся ў гэтым жудасным месцы, будуць сведчыць выключна музейныя экспанаты, у тым ліку аб’екты і прадметы, якіх не паспелі знішчыць гітлераўцы, адступаючы перад Чырвонай Арміяй. Музейныя кансерватары змагаюцца з часам, спрабуючы захаваць памяць пра Аўшвіц і доказы нямецкіх злачынстваў для будучых пакаленняў.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Маштаб працы музейных кансерватараў велізарны. Гэта больш за 150 нерухомых аб'ектаў, каля 300 руінаў, у тым ліку руіны чатырох газавых камер і крэматорый у былым лагеры Аўшвіц ІІ-Біркенаў, больш за 13 кіламетраў агароджы, кіламетры дарог, чыгуначныя пуці. Гэта таксама дзясяткі тысяч рухомых прадметаў з калекцый музея - сотні гаршкоў, пратэзаў і артэзаў, лагернага адзення, твораў мастацтва іг.д., нагадвае намеснік загадчыка Майстэрні па кансервацыі музея Нэль Ястшэмбёўска(Nel Jastrzębiowska):
- Пад наглядам кансерватараў знаходзяцца ўсе аб'екты, якія захоўваюцца ў музеі, як рухомыя, так і нерухомыя. У Майстэрні па кансервацыі мы ў асноўным маем справу з гэтымі рухомымі аб'ектамі і гэта розныя прадметы: дакументы, мастацкія творы, выкананыя на розных паверхнях, у тым ліку на паперы і палатне. Ёсць прадметы хатняга побыту, прывезеныя сюды вязнямі, напрыклад, чамаданы, кошыкі, адзенне... Увогуле, гэтых прадметаў нашмат больш, чым мы бачым на выставе. Напрыклад, на выставе можна пабачыць каля 50 000 штук абутку для дарослых, а ў нашых калекцыях іх усяго 110 000. Чамаданаў на музейных складах таксама нашмат больш - усяго іх у нас каля 3 800, а на выставе іх значна менш. І, вядома, ёсць таксама аб'екты нерухомыя, звязаныя з функцыянаваннем самога канцлагера.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Супрацоўнікі майстэрні па кансервацыі цыклічна правяраюць стан захаванасці экспанатаў, вызначаюць план працы на бліжэйшыя гады:
- У нашую майстэрню трапляюць аб'екты, вызначаныя падчас інспекцыі стану захаванасці, якія патрабуюць нашага неадкладнага ўмяшання. Мы таксама атрымліваем прадметы, якія, напрыклад, музей адпраўляе на іншыя выставы ў Польшчы і за мяжой - рыхтуем іх да выставы, каб яны былі бяспечныя. Спачатку яны падвяргаюцца аналізам у нашых лабараторыях - фізіка-хімічнай лабараторыі і мікрабіялагічнай лабараторыі. Гаворка ідзе пра тое, каб мы ведалі пра іх як мага больш – ведалі іх канструкцыю, тэхналогію выканання, праблемы з захаваннем, і як можам ім дапамагчы, каб гэта было для іх бяспечна.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Між тым, музейныя фонды пастаянна пашыраюцца, нагадвае Нэль Ястшэмбёўска:
- Кожны год мы атрымліваем ахвяраванні, а музей таксама купляе новыя экспанаты. Памятаю сітуацыю, калі мужчына прынёс у музей партрэт свайго бацькі, які быў вязнем Аўшвіц. Ён паясніў, што хоча, каб карціна захоўвалася ў бяспечным месцы, служыла наступным пакаленням і расказвала пра гісторыю. Мужчына дадаў, што першае пакаленне лічыла згаданы партрэт рэліквіяй, другое - павесіла ў іншым – менш важным пакоі, а чарговае, хутчэй за ўсё, вынесе ў склеп ці на гарышча. A ён хацеў захаваць гэты аб'ект, бо для яго ён надалей вельмі важны.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Новыя экспанаты спачатку трапляюць у Майстэрню па кансервацыі, якая не толькі правярае стан іх захаванасці, але таксама вырашае, ці іх увядзенне на склады бяспечнае для тых аб'ектаў, якія там ужо знаходзяцца:
- Мы ў асноўным правяраем такія новыя аб'екты на мікрабіялагічную чысціню. Цяпер у нас ужо ёсць інструменты, якія дазваляюць не ўводзіць каранціну. Мы можам правесці таксама генетычны аналіз. Калі мы ўжо ведаем, што згаданы прадмет чысты ў мікрабіялагічным аспекце, то можам яго адправіць на склад.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Працэс кансервацыі кожнага аб'екта, як рухомага, так і нерухомага, дэталёва задакументаваны:
- У кожнага аб'екта ёсць свая інвентарная картка, куды ўносяцца ўсе дадзеныя, уся інфармацыя, якая ў нас ёсць пра яго. Таксама па кожнай рабоце рыхтуецца адпаведная дакументацыя – як у фатаграфічнай, так і пісьмовай форме. Дзякуючы гэтаму, у будучыні можа будзе даведацца, у якім стане прадмет знаходзіўся перад кансервацыяй, у якім стане ён пакінуў нашую майстэрню, і што было «ўнесена ў яго». Аўтэнтычнасць прадмета для нас самая важная. Мы стараемся дадаваць як мага менш ад сябе і, калі нам трэба нешта дадаць, напрыклад, каб лепш забяспечыць згаданы прадмет, то гэтае дзеянне павінна быць як мага менш бачным і вельмі добра задакументаваным. Менавіта таму, кожны экспанат, які праходзіць працэс кансервацыі, мае вельмі падрабязную дакументацыю.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Акцэнт ставіцца на захаванне максімальнай арыгінальнасці экспанатаў, мінімізуючы дадатковыя, бачныя элементы, уведзеныя, каб захаваць яго, зрабіць яго чытэльным або даступным для наведвальнікаў:
- Мы стараемся ўвесь час захоўваць аўтэнтычнасць прадметаў. Гэта выразна бачнае на прыкладзе мастацкіх твораў на паперы. Раней такія творы папаўняліся, гэта значыць, папаўняліся дэфекты і прабелы ў паперы. Часам нават у гэтым месцы папаўняўся сам малюнак. Падыход нашай майстэрні іншы. Паводле нас, усе гэтыя разбурэнні, шкоды, прабелы распавядаюць пра гісторыю аб'екта і гісторыю людзей. Таму мы перасталі папаўняць «прабелы» ў дакументах і мастацкіх творах. Мы толькі ўмацоўваем іх у месцах, якім пагражае знішчэнне. Мы робім гэта такім чынам, што гэта ў асноўным нябачна на першы погляд. Больш за тое, усе нашы дзеянні зварачальныя, гэта значыць - тое, што мы ўвялі, мы можам лёгка выдаліць.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Нэль Ястшэмбёўска – спецыяліст па кансервацыі паперы і скуры – лічыць, што ў працэсе захавання найбольш праблематычнымі з'яўляюцца прадметы з пластмасы і сінтэтычных матэрыялаў:
- Мне здаецца, што самыя складаныя для захавання аб'екты з пластмасы і сінтэтычных матэрыялаў, таму што кансервацыя ў свеце яшчэ не ўмее запаволіць працэсы іхнай дэградацыі. Мы толькі ведаем, у якіх умовах іх трэба захоўваць. Гэта складана, але таксама вельмі цікава, таму што мы робім свае даследаванні на падобных матэрыялах, вядома, не гістарычных, але на мадэльных. Такім чынам спрабуем зрабіць свой унёсак у выпрацоўку метадаў захавання пластмасы і сінтэтычных матэрыялаў, так што часам нашая праца падобна на навукова-дэтэктыўную дзейнасць.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Праца кансерватара патрабуе цярпення, паколькі часам распрацоўка адпаведнага метаду займае больш часу, чым сам працэс кансервацыі:
- Напрыклад, мы працавалі над аэранавігацыйнай мапай. Гэта была папяровая мапа, склеена з абодвух бакоў плёнкай з полівінілхларыду. У сваю чаргу, на плёнцы, якая скарацілася з-за дэградацыі, былі пазначаныя розныя кропкі, якія ўжо не супадалі з адпаведнымі пунктамі на паперы. Мы патрацілі год на разважанні і правядзенне тэстаў на ўзорах мадэляў. Мэтай было нанава расцягнуць плёнку да зыходнага фармату. Калі мы ўжо даведаліся, як гэта зрабіць бяспечна, то мы гэта зрабілі на працягу двух тыдняў. Цяпер я працую над спартыўным абуткам, які патрабуе аховы. Гэта таксама будзе выклік, паколькі аказалася, што ў яго сярэдзіне знаходзіцца ўспенены каўчук. Зараз мне трэба даведацца, як успеніць каўчук, як гэта рабілі раней, якія ў яго ўласцівасці, і што я магу зрабіць, каб прадухіліць яго знішчэнне. Такім чынам, кансервацыя можа быць вельмі цікавай.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Працуючы з экспанатамі можна таксама шмат даведацца пра ўладальнікаў дадзенага прадмета. Кожны з гэтых прадметаў нясе іхныя сляды:
- Зараз мы займаемся кансервацыяй дзіцячага абутку. Такіх слядоў на іх шмат. Напрыклад, зношаныя абцасы – гэта доказ дэфармацыі ступні ў дзіцяці. У абутку ёсць пацёрты насок, часам нават адрэзаны насок. Ступня ў дзіцяці проста расла, а бацькі не маглі дастаць абутак большага памеру, таму i выразалі гэтую частку. Шмат гісторый, сапраўды дзіўных і такіх кранальных тычыцца дзіцячага абутку, вельмі шмат.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Праца над такімі экспанатамі несумненна псіхічна абцяжарвае кансерватараў. Як з гэтым справіцца?:
- Я стараюся адштурхнуць ад сябе гэтую трагічную гісторыю, бо інакш, на наступны дзень, я б проста не была ў стане вярнуцца на працу. Між тым, я павінна быць тут кожны дзень, таму што я адчуваю, што гэта маё месца і гэта нейкая мая місія. Каб адштурхнуць ад сябе гэтыя непрыемныя думкі, я стараюся знайсці ў гэтых прадметах, сляды жыцця людзей, а не смерці.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Ці не прападзе праца кансерватараў? Ці можна бясконца захоўваць гістарычныя прадметы?:
- Мы можам толькі запаволіць працэсы дэградацыі. Мы не можам іх спыніць. Можам робім усё, што на дадзены момант магчымае, каб максімальна запаволіць згаданы працэс. Часам у нас яшчэ няма метаду, але таксама бываюць моманты, калі мы павінны сказаць «стоп» – я больш не буду гэтага рабіць, таму што не ведаю, як гэта рабіць бяспечна. Але ў нас ёсць такое ўсведамленне, што праз 10 - 20 гадоў, магчыма будзе вынайдзены такі метад і можна будзе дапамагчы гэтаму аб'екту лепш і бяспечней.
Музей Аўшвіц-Біркенаў Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
- пераконвала намеснік загадчыка Майстэрні па кансервацыі Музея Аўшвіц-Біркенаў Аушвіц Нэль Ястшэмбёўска(Nel Jastrzębiowska). Нагадваем, музей можа пахваліцца адной з самых сучасных майстэрняў у свеце, у якой працуе каманда дыпламаваных рэстаўратараў помнікаў і спецыялістаў у розных тэхнічных галінах.
Анна Задрожна