У Вільні надоечы выйшла анталогія беларускай паэзіі XX стагоддзя, прысвечаная ўласна гэтаму старажытнаму гораду. Яе ўкладальнік — журналіст і пісьменнік Сяргей Дубавец.
Паводле літаратара, ужо самога сцвярджэння Максіма Гарэцкага, што «Вільня, як вядома, самы прыгожы горад у свеце» хопіць, каб зразумець чаму беларускія паэты так часта пісалі пра яе.
— Гэта, вядома ж, абумоўлена гісторыяй, таму што Вільня 500 гадоў для продкаў сучасных беларусаў была сталіцай іхняй краіны. У Вільні друкаваліся самыя першыя на тэрыторыі нашых земляў, Вялікага Княства Літоўскага, кнігі. І, як пісаў у 20. гады мінулага стагоддзя Максім Гарэцкі: Вільня, як вядома, самы прыгожы горад у свеце.
Калі казаць як укладальнік гэтай анталогіі, я магу сцвердзіць што ў беларускай літаратуры няма іншага ўласнага імя, якому была б прысвечана такая прадстаўнічая і такая дастатковая колькасць вершаў, проста няма.
Ёсць агульныя імёны, прыкладна маці, родная мова, Беларусь. З гэтым можна параўнаць Вільню, але больш ні з чым.
Ці ёсць нейкія Вашыя ўлюбёныя вершы пра Вільню?
— Тут фактычна прадстаўлена амаль што ўсё, што я знайшоў. А калі гаварыць пра ўлюбёныя... Таму гэта і называецца анталогія, бо ў анталогію выбіраюць улюбёнае. Таму дзве траціны гэтай паэзіі гэта мае ўлюбёныя вершы. Пачынаючы ад Купалы, Коласа, Цёткі, ад Уладзіміра Жылкі, ад Максіма Багдановіча, іг. д. Ажно да нашых сучаснікаў. Мне вельмі падабаюцца вершы пра Вільню Адама Глобуса, Алега Мінкіна, якога паэзію я наогул вельмі люблю. Так што тут усё маё ўлюбёнае.
Я ўязджаючы ў Вільню заўсёды інтаную песню «Вільня заснула зноў...
Ну, так, гэта Сокалаў-Воюш. Ну, на жаль, ён «ад нас далёка...» І безумоўна хацелася б такіх твораў мець болей. Вось, ён прыехаў у Вільню, напісаў адну песню, а яна абсалютна жывая, нішто з ёй не зрабілася, не стала гэта нейкай архаікай, хаця прайшло 30, 40 ці нават болей гадоў.
У анталогіі толькі раз выкарыстоўваецца назва Вільнюс. Вільня і Вільнюс гэта два розныя гарады?
Ну, чаму? Гэта адзін горад. Проста, так выйшла і я лічу, што вельмі добра што так выйшла, што гэта гістарычная сталіца і літоўцаў і беларусаў. У іх розныя культуры, вельмі розныя мовы і кожная называе гэты горад па свайму. Хаця, здаецца ў «Радзіннай айчыне» Чэслаў Мілаш калісьці пісаў, што «а літоўцы павінны яшчэ расказаць нам калі ўзнікла назва Вільнюс. А ўзнікла яна ў 1918 годзе, а дагэтуль была Вільня заўсёды».
Я вельмі не люблю, калі там дзе існуе абсалютнае спалучэнне двух розных нацый, пачынаюць вышукваць нешта што нас супраць сябе настаўляе. Я лічу, што гэта ідзе ад недасведчанасці, а можа і ад нявыхаванасці. Таму што наша сяброўства з літоўцамі заўсёды трымалася якраз на высакароднасці, на сардэчнасці, на высокіх пачуццях.
І калі казаць вось пра практычнае значэнне гэтай анталогіі, яна вядома ж для таго, каб па пешае пазнаёміць беларусаў з тым, пра што яны ніколі не ведалі і не чулі ў такім аб’ёме, але таксама пазнаёміць літоўцаў з беларусамі, бо сучасныя літоўцы пра беларусаў мала што ведаюць. Гэта, я думаю, вынік Савецкага Саюза, калі нас рашуча аддзялялі адны ад адных. Аднак такімі маленькімі крокамі, кнігамі, мы спрабуем навязаць нашы спрадвеку вельмі добрыя дачыненні двух народаў, іх аднавіць, адрадзіць і цаніць. Таму што справа і кантакт ідзе праз культуру, а культура не нясе ні нянавісці, ні нейкіх спрэчак зацятых: дзе тваё, дзе маё. Гэта глупства.
Іншая рэч, што Беларусь апынулася сёння ў такой сітуацыі, дзе Літва пайшла ад яе далёка на перад. Былі б мы разам у Шэнгэне, не ўзнікала б ніякіх пытанняў. Бо беларусам ад Вільні трэба толькі адно — гэта простая даступнасць, больш нічога. Тут няма прэтэнзіі на нейкія матэрыяльныя рэчы, на горад як матэрыяльную рэч - гэта глупства поўнае. Усё такі мы жывём у XXІ стагоддзі. І хаця назіраем усякае дзікунства ў свеце, тым не менш імкнёмся захаваць сябе сучаснымі людзьмі.
Яраслаў Іванюк