Моранг (польск. Morąg, ням. Mohrungen) – чароўнае мястэчка на паўночным усходзе Польшчы, распаложанае паміж Эльблёнгам і Ольштынам. Менавіта тут працуе цікавая музейная ўстанова, якая на пачатку 2025 года, пасля грунтоўнага рамонту інтэр’еру, нанава адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў. Разам з мадэрнізаванымі выставачнымі плошчамі, музей у Морангу атрымаў і новую назву.
Моранг. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Гісторыя музея, як і самога Моранга неразрыўна звязаная з родам цу Дона (ням. zu Dohna) – адным з самых знакамітых прускіх родаў. За заслугі ў барацьбе на баку Тэўтонскага ордэна, прадстаўнікі рода атрымалі зямельныя наданні ў рэгіёне і канчаткова пабудавалі ў Морангу сваю сядзібу – гэтак заваны малы замак (у адрозненне ад мясцовай тэўтонскай крэпасці).
Усё ж сядзібе рода цу Дона ў Морангу не вельмі шанцалава на працягу стагоддзяў. Вялікі пажар, які ўспыхнуў у Морангу ў 1697 годзе, пакінуў палац у руінах. Яго адбудова, паводле праекта прыдворнага архітэктара рода цу Дона Ёгана Каспара Хіндэрзіна(Johann Caspar Hindersin) працягвалася сем гадоў.
Між тым, цягам часу, важны для цу Дона палац у Морангу згубіў сваё першапачатковае значэнне. Магутны прускі род спачатку здаў яго ў арэнду мясцовым уладам, а пазней цалкам прадаў.
Сядзіба Музея Верхняй Прусіі ў Морангу (палац рода цу Дона). Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Другая сусветная вайна – адзін з пераломных момантаў у гісторыі палаца і ўсяго горада, кажа кіраўнічка Музея Верхняй Прусіі (раней Музей Варміі і Мазураў – рэд.) у Морангу Анжаліка Рэйс (Angelika Rejs):
- Вельмі важны і адначасова цяжкім момантам для палаца было ягонае паўторнае разбурэнне ў 1945 годзе. На гэты раз палац прастаяў у выглядзе руінаў вельмі доўга. Толькі ў 1970-х гадах мінулага стагоддзя, яго пачалі аднаўляць, а пазней унеслі ў рэестр помнікаў. Нарэшце ўзнікла ідэя размясціць тут аддзел Музея Варміі і Мазураў з сядзібай у Ольштыне, і назваць яго ў гонар найбольш славутага ўраджэнца, то бок Моранга Ёхана Готфрыда Гердэра.
Экскурсію па музейных выставах пачынаем з самых старажытных часоў, то бок з пастаяннай экспазіцыі пад загалоўкам: «Культурны ландшафт Верхняй Прусіі. Курганныя могільнікі»:
- Гэта выстава, прысвечаная Верхняй Прусіі, у прыватнасці тэме курганоў. Першае, што мы бачым - гэта рэканструкцыі гэтых відаў пахавальных помнікаў у іх натуральных памерах. Я думаю, што гэта вельмі цікавы элемент выставы. Тут можам таксама паглядзець розныя іншыя экспанаты, звязаныя з курганнай тэмай.
У сваю чаргу, з гісторыяй самога горада мы можам пазнаёміцца на выставе пад загалоўкам: «Прастора Моранга і яго ваколіц»:
- Макет XVIII стагоддзя паказвае, як Моранг выглядаў менавіта ў гэтым часе, напрыклад, што сцены акружалі палац і ўвесь горад. У нас ёсць гістарычныя паштоўкі; выявы руінаў гарадской ратушы і самых цікавых і каштоўных касцёлаў у рэгіёне. Частка выставы прысвечаная «скарбу з Залева». Гэта залатыя фларыны з XIII-XIV стагоддзяў, знойдзеныя ў 1991 годзе ў горадзе Залева (Zalewo). Гэта вельмі каштоўны помнік. Побач з ім мы паказваем шчытавыя гербы іншых гарадоў Усходняй Прусіі, такіх як: Альштынэк, Міломлын, Дамброўна. У чарговай выставачнай зале можна паглядзець, гэтак званы скарб фон Фінкенштэйнаў (von Finckenstein) – іншага вядомага прускага рода. Гэта сшыткі, грошы, розныя дакументы, ноты, прадметы і г.д., знойдзеныя ў 2017 годзе ў сямейным маёнтку Фінкенштэйнаў у Гублаўках(Gubławkach). Я нават не ўстане назваць зараз усіх гэтых прадметаў. Адназначна варта наведаць гэтую залу. Ёсць таксама выстава, прысвечаная Ёгану Готфрыду Гердэру – славутаму ўраджэнцу Моранга.
Нагадваем, Ёган Готфрыд Гердэр (ням. Johann Gottfried Herder,1744-1803) быў вядомым нямецкім філосафам, пісьменнікам і гісторыкам культуры. Гердэр адным з першых назваў чалавека царом прыроды. Надаваў вялікае значэнне мове і прыцягваў увагу да неабходнасці вывучэння нацыянальных культур. Погляды Гердэра істотна паўплывалі на пазнейшае развіццё ідэі нацыі (канцэпцыя Volk).
Помнік Ёгану Готфрыду Гердэру, Моранг. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Вартай асаблівай увагі з’яўляецца выстава: «Лютэранскія эпітафіі». Эпітафіі - адны з найбольш характэрных элементаў пратэстанцкага сакральнага мастацтва, якія спалучаюць малую архітэктуры, скульптуру і жывапіс. Гэта прыгожыя, буйных памераў творы мастацтва, сярод якіх адзін з найкаштоўнейшых - эпітафія Пятра цу Дона, яго жонкі Катажыны і іхных дзяцей.
Дарэчы ў музеі шмат месца прысвячаецца мастацкім калекцыям найважнейшых ва Усходняй Прусіі шляхецкіх родаў, у тым ліку цу Дона і Дынхоф. Усяго на некалькіх выставах паказаныя больш за 500 экспанатаў. Важнай іх часткай з’яўляецца калекцыя галандскага жывапісу:
- На такіх выставах мы можам палюбавацца не толькі каштоўным партрэтным жывапісам, але і даследаваць гісторыю ў розных аспектах, напрыклад, гісторыю адзення. Палюбавацца прыгожай, старадаўняй мэбляй, якая ўпрыгожвае выставачныя залы. Гэта, між іншым куфры, шафы, фартэпіяна …
Апошняя выстава, якая завяршае нашую экскурсію па Музеі Верхняй Прусіі ў Морангу, гэта выстава, прысвечаная скульптурам Адольфа Вільдта (Adolfo Wildt, 1868-1931) з калекцыі ягона мецэната Франца Розэ (ням. Franz Rose, 1854-1912) з Дылева(Dylewo):
- У Дылеве каля Аструды была сядзіба Франца Розэ, які заказваў творы ў Адольфа Вільдта. Нагадваю, Адольфа Вільдт – гэта італьянскі, вельмі вядомы скульптар. Творы Вільдта пазней упрыгожвалі двор у Дылеве і частка з іх зараз прэзентуецца на нашай выставе.
Адольфа Вільдт тварыў па замове Франца Розэ яшчэ да таго, як стаў выдатным прадстаўніком італьянскага мадэрнізму, адсюль і ўнікальнасць калекцыі з Дылева, кажа кіраўнічка Музея Верхняй Прусіі ў Морангу Анжаліка Рэйс(Angelika Rejs).
Сядзіба Музея Верхняй Прусіі ў Морангу (палац рода цу Дона). Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Музей Верхняй Прусіі можна наведваць, як індывідуальныя, так і гідам. Як мы ўжо адзначалі, тут экспанатаў багата, таму варта выдзеліць, як мінімум, дзве гадзінкі, каб з імі пазнаёміцца. На канец можна купіць сувеніры ў музейнай кране або адпачыць на музейным панадворку, дзе абавязкова трэба паглядзець яшчэ адзін важны экспанат - сонечны гадзіннік з 1741 года. Гадзіннік у стылі барока паходзіць са Штынорта (Sztynort), а яго ўнікальнасць заключаецца, між іншым, у тым, што ён збудаваны з некалькіх цыферблатаў.
Анна Задрожна