Беларуская Служба

Музычны фестываль PAPARAC у Познані: беларуская дыяспара рыхтуецца да святкавання

17.06.2025 07:02
5 ліпеня познаньскую дыяспару чакаюць фальклорныя спевы вакол вогнішча, сучасныя музычныя калектывы, варштаты. 
Аўдыё
  • Музычны фестываль PAPARAC у Познані беларуская дыяспара рыхтуецца да святкавання
Вольга СтрыжнёваФота Паўла Залескага

 — У абвестцы фестывалю вы напісалі, што «паколькі познаньская дыяспара — з’ява непараўнальна адметная (прынамсі, мы так сабе думаем), то вельмі радыя другі год запар занурацца ў пошукі сваёй ідэнтычнасці на хвалі купальскіх святкаванняў». Гэта так леташні фестываль паўплываў?

— Я лічу, што летась спроба была ўдалая, нягледзячы на тое, што нам перашкаджала надвор’е гуляць да самай ночы на пляжы. У той самы час непараўнальна вялікую колькасць людзей удалося з’яднаць, каб самім для сябе зрабіць свята. Многія беларусы прыязджалі на нашае Купалле з іншых гарадоў Польшчы, разам гулялі, знаёміліся, размаўлялі і кантактуем дагэтуль. Лічым, што сёлета таксама мусім гэта рабіць, бо многія ўжо пыталіся, калі будзе адбывацца Купалле.

— Наколькі памятаецца, Музычны фестываль PAPARAC у Познані: беларуская дыяспара рыхтуецца да святкаванняетась у вас была даволі насычаная праграма: фальклорныя спевы вакол вогнішча, сучасныя музычныя калектывы, варштаты… Ці працягнеце сёлета гэтую традыцыю?

— Сёлета хочам зрабіць свята з новымі імёнамі. Спадзяёмся, што да нас далучацца розныя ініцыятывы, якія існуюць у Познані. І тым самым мы не толькі запрашаем іх для ўдзелу, каб запоўніць праграму, але нашай мэтай з’яўляецца прадастаўляць гэтую пляцоўку і даваць ім магчымасць паказваць сябе. Усё ж не так шмат месцаў, дзе беларус у эміграцыі можа паказаць тое, што ён цэлы год рыхтаваў.
Мы не камерцыйны праект і маем за мэту адукоўваць людзей і адкрываць нейкія новыя імёны. Сёлета з тых гуртоў, хто ёсць у нашай праграме, некаторыя, можа, і наведвалі Познань, але прынамсі не было такога гучнага прадстаўлення іх.

— А калі казаць канкрэтна пра праграму сёлетняга фестывалю…

— Мне здаецца, што сёлета праграма нават магла б быць яшчэ больш шырокай. Але шмат часу пры падрыхтоўцы ідзе на тое, каб знайсці сродкі на правядзенне. Гэта вялікая праца.
А сёлета мы хацелі дазволіць сабе тыя гурты, якія даўно марылі запрасіць, прычым не азіраючыся на лакацыю, што яны жывуць не ў Познані. Доўга думалі над тым, хто б гэта мог быць, як гэта гарманічна склеіць, каб яны складваліся паміж сабой. З гуртамі вызначыліся, будзе некалькі тэатральных перформансаў, хор «Гаманіна» са старымі і новымі песнямі. Пакуль што гэта такі базавы мінімум, пра астатняе даведаецеся, калі наведаеце фестываль. Праграма разлічана мінімум на шэсць гадзін, паглядзець будзе што. Галоўнае — сабраць сродкі і каб надвор’е нас больш не падводзіла.

— Так, асноўнае пытанне на гэтым этапе — сродкі. Дзе і якім чынам іх збіраеце і куды жадаючыя могуць іх пералічыць?

— Гэта пытанне не складанае. Мы збіраем сродкі на той платформе, дзе зарэгістравалі нашу zrzutku. Гэта платформа Zrzutka.pl (https://zrzutka.pl/u6uyf5). Лінк і спасылка таксама знаходзяцца ў нашых сацыяльных сетках: https://www.instagram.com/kut_fundacja?igsh=OG02cnhiYTZuNGJn&utm_source=qr і фэйсбук: https://www.facebook.com/share/19GCKfJu88/?mibextid=wwXIfr. А яшчэ заўсёды можна пералічыць на рахунак нашай фундацыі з адпаведнай паметкай.

— Я так разумею, што ўваход на мерапрыемства бясплатны?

— Для нас складана было вырашыць гэтае пытанне, але я ўсё ж за тое, каб уваход на мерапрыемства быў бясплатны, каб кожны мог сабе дазволіць, каб людзі маглі не планаваць, проста прыйсці. Усё ж гэта свята адсылае нас да Купалля, і хацелася гэтую свабоду захаваць. Лічу, што ўсе, хто прыходзіць да нас у «Кут» на мерапрыемствы ці быў на варштатах, калі кожны з іх дашле 5 ці 10 злотых, можа камусьці падавацца, што гэта нічога, але насамрэч гэта была б вельмі вялікая дапамога, бо нас папросту шмат. І калі вы саромеецеся пералічваць малыя сумы, я ўсіх заклікаю не саромецца — гэта і квіточак у трамваі для нашых гасцей, і бутэлечка вады для арганізатараў, якія стамляюцца ад працы — гэта ўсё вельмі каштоўна.

— Так, сапраўды, многіх заўсёды цікавіць, на што ідуць грошы, якія яны даюць?

— На дадзены момант самае галоўнае — хаця б аплаціць мінімальныя ганарары для артыстаў. Іх трэба прывезці ў Познань, дзякуй, што яны не патрабуюць нейкага неверагоднага жылля, спыняюцца ў сяброў і знаёмых. Усе нашы расходы пераважна на такія рэчы, паколькі арганізатары працуюць на валанцёрскай аснове. Хацелася б, канешне, хаця б абедамі накарміць людзей, якія будуць абслугоўваць мерапрыемства, але на гэта мы пакуль не разлічваем. Магчыма, трэба будзе нешта з тэхнікі замовіць ці арандаваць, а гэта ўсё немалыя кошты.

Тым не менш, я запрашаю 5 ліпеня ўсіх у Познань на бераг ракі Варта (адрас: Warto — Przystań 1). Спадзяёмся, што свята будзе гучным, доўгім, будзем імкнуцца зрабіць яго больш яскравым, чым летась. Галоўнай аздобай нашага свята з’яўляюцца людзі, а таму запрашаем усіх — зрабіце вяночкі, прыйдзіце проста адпачыць, паразмаўляць, пазнаёміцца. І гэта будзе лепшае, што вы зможаце зрабіць, тым самым паказаць, што беларусы існуюць і што ім патрэбныя іх святы.

Павел ЗАЛЕСКІ