У Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта выйшла кніга „Od Faras do...” («Ад Фараса да...»). Гэта размовы з польскімі археолагамі пра гісторыю раскопак Фараса — старажытнага горада, адкрытага на поўначы Судана і ў 1960 годзе залітага водамі Ніла пасля будаўніцтва Асуанскай плаціны. Сёння старажытныя артэфакты з Фараса можна ўбачыць у Нацыянальным музеі ў Варшаве. Але ў кнізе закранаюцца і іншыя пытанні, звязаныя з прафесіянальнай дзейнасцю польскіх археолагаў, у тым ліку ў іншых краінах Блізкага Усходу: Егіпце, Сірыі і г.д.
Сярод аўтараў прадмовы да кнігі „Od Faras do...” — вядомы польскі егіптолаг прафесар Томаш Дэрда з Варшаўскага ўніверсітэта. З ім мы пагаварылі пра старажытны і сучасны Егіпет — напярэдадні яго чарговай экспедыцыі ў гэту краіну.
Вокладка кнігі „Od Faras do...”.
Томаш Дэрда падкрэслівае, што сучасныя егіпцяне не лічаць сябе арабамі, хаця і размаўляюць па-арабску, а ўспрымаюць сябе найперш як нашчадкі старажытных егіпцян. Гэта вельмі цікава ў кантэксце беларусаў, якія з’яўляюцца нашчадкамі балтаў, але з часам перайшлі на славянскую мову, а цяпер русіфікаваны.
Томаш Дэрда так бачыць працэс арабізацыі Егіпта.
— Што магло змяніцца на антрапалагічным узроўні пасля арабізацыі? Уявім сабе, што ў Егіпце ў VII стагоддзі жылі каля пяці мільёнаў чалавек. Тады туды прыбылі 20–30 тысяч арабаў. Як гэтая колькасць суадносіцца з усім насельніцтвам? Нават калі гэтая група мела ваенную сілу і палітычна кантралявала ўсю краіну, ці сапраўды яны маглі ператварыць Егіпет у арабскую краіну — такую, як Саудаўская Аравія ці Кувейт, якія лічацца цэнтрамі арабскай культуры? Думаю, што не. Больш за тое, самі егіпцяне маюць вельмі моцную егіпецкую ідэнтычнасць — лічаць сябе як арабамі, так і егіпцянамі, калі іх пра гэта спытаць. Яны адчуваюць велізарны гонар за дасягненні часоў фараонаў старажытнага Егіпта, якія будавалі піраміды і стваралі вялікую цывілізацыю.
Томаш Дэрда таксама параўноўвае складаную шматслойную гістарычна-культурную сітуацыю Егіпта з Сірыяй і іншымі краінамі Блізкага Усходу.
— У Егіпце існуе шматузроўневая ідэнтычнасць. І, у прынцыпе, падобная сітуацыя назіраецца, напрыклад, у Сірыі. Там таксама жывуць людзі рознага паходжання і веравызнання. Вядома, дамінуюць мусульмане, галоўным чынам суніты, але ёсць таксама хрысціяне і алавіты, якія — калі можна так сказаць — у вачах артадаксальнага ісламу лічацца свайго роду ерэтыкамі. Менавіта з гэтай групай у апошні час была звязана пэўная напружанасць у Сірыі... Сірыя з даўніх часоў была катлом розных культур. На жаль, гэтая разнастайнасць у апошнія дзесяцігоддзі абярнулася жорсткай грамадзянскай вайной. Усё гэта адбывалася пад уладай рэжыму, які, мякка кажучы, не спрыяў паляпшэнню жыцця сваіх грамадзян і ў значнай ступені адмовіўся ад спадчыны мінулага. Я, напрыклад, ніколі не сумняваўся ў тым, што Егіпет выжыве як адзіны палітычны арганізм, чаго нельга сказаць з такой жа ўпэўненасцю пра Сірыю ці Лівію. У Егіпце існуе моцна сфарміраваная нацыянальная ідэнтычнасць — егіпецкая, пра якую я раней згадваў. А вось у Сірыі з гэтым складаней. Гэта краіна, якая з даўніх часоў была культурным катлом — падобна як і Лівія. Лівія фактычна падзелена: есць дзве галоўныя часткі — Трыпалітанія і Кірэнаіка, якія адрозніваюцца культурна і гістарычна. Да таго ж існуе вельмі моцная кланавая і каставая структура грамадства, чаго ў Егіпце практычна няма. З гэтага пункту гледжання Егіпет мае значна больш шансаў перажыць розныя ўзрушэнні як дзяржава. Вядома, яго межы могуць з часам крыху змяняцца, але сама дзяржава захаваецца. Што датычыць Сірыі, то я хацеў бы, каб яна захавалася. Але трэба памятаць, што межы Сірыі — штучныя. Іх вызначылі еўрапейцы, галоўным чынам французы, і яны не вынікаюць з натуральных або гістарычных падзелаў. Гэта, дарэчы, частая праблема краін Блізкага Усходу. Там жа, напрыклад, ёсць курды — адзін з самых шматлікіх народаў, які не мае ўласнай дзяржавы. Яны падзелены паміж некалькімі краінамі: Турцыяй, Сірыяй, Іракам, Іранам — і складаюць там значныя меншасці. Гэта, безумоўна, вялікі і несправядліва падзелены народ.
Томаш Дэрда.
Фота: https://www.archeologia.uw.edu.pl/tomasz-derda/
Каля дзвюх тысяч гадоў таму ў справаводстве Егіпта дамінавала, пасля старажытнаегіпецкай, старажытнагрэчаская мова. Не напамінае беларускую сітуацыю?
Дык вось, Томаш Дэрда — адзін з нямногіх у Польшчы, хто ведае старажытнагрэчаскую мову. Таму ён уважліва вывучае менавіта гэты перыяд гісторыі старажытнага Егіпта.
Грэчаская мова і культура зноў узмацніліся ў перыяд Усходнерымскай, або Візантыйскай імперыі. Адтуль яна пранікла на ўсход Еўропы, а потым на землі сучаснай Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы. Але візантыйскі свет быў значна шырэйшы, — дадае Томаш Дэрда.
— Візантыйскі свет ахопліваў велізарныя тэрыторыі. З аднаго боку, Візантыйская імперыя дасягала ажно поўдня сучаснай Украіны, уключаючы Крым. Але гэты свет распасціраўся таксама на поўдзень, аж да сярэдзіны Афрыкі. Не кажучы ўжо пра сам Егіпет, які да VII стагоддзя быў неад’емнай і вельмі важнай часткай візантыйскай дзяржавы. Варта згадаць Нубію — тэрыторыі на поўдзень ад Егіпта. Менавіта туды хрысціянства прыйшло з Візантыі яшчэ ў VI стагоддзі, у часы імператара Юстыніяна і імператрыцы Феадоры. Нубійцы прынялі хрысціянства менавіта ў візантыйскай форме — заснаванай на ўзорах і структурах візантыйскай царквы. Яны стварылі свой уласны, лакальны варыянт гэтай цывілізацыі, але заснаваны на візантыйскіх узорах. І цяпер уявіце сабе: хрысціянізацыя Нубіі прыпадае на сярэдзіну VI стагоддзя. Сотню гадоў пазней, у сярэдзіне VII стагоддзя, арабы захопліваюць Егіпет. Такім чынам Нубія апынулася адасобленай ад рэшты Міжземнамор’я. Але нягледзячы на гэта, візантыйскае хрысціянства разам з яго цывілізацыйнымі ўзорамі праіснавала там яшчэ пяць-шэсць стагоддзяў! Мне здаецца, што гэта надзвычай цікавая гісторыя, бо яна паказвае, наколькі моцнай, жыццяздольнай і прывабнай была гэтая цывілізацыя. Гэты культурны ўзор, прыняты афрыканскім насельніцтвам, укараніўся так глыбока, што праіснаваў стагоддзі ў ізаляцыі. Гэта прымуушае задумацца, бо мы часта не ўсведамляем, наколькі шырокі быў рэальны ўплыў Візантыі.
Мовы і пісьменнасць старажытнага Егіпта. З экспазіцыі берлінскага Новага музея (Neuesmuseum Berlin). Фота: Viktar Korbut
Томаш Дэрда ў гэтым кантэксце праводзіць цікавы паралель паміж Афрыкай, Грэцыяй і нашымі землямі, куды таксама прыйшла візантыйская культура, пасля прыняцця ўсходняга хрысціянства ад грэкаў варажска-рускім кіеўскім князем Уладзімірам.
— Эфіопія, хоць, магчыма, і не была краінай настолькі моцна залежнай ад візантыйскай культуры, як Нубія, таксама заставалася ў пэўных сувязях з ёй. Эфіопскае хрысціянства мае крыху іншыя карані — яно паходзіць ад традыцый Александрыйскага патрыярхата, але па сутнасці краіна падтрымлівала шматлікія кантакты з Візантыяй. Яна мела з ёй шмат агульнага як у рэлігійным, так і ў культурным плане. Коратка кажучы, візантыйскі свет — гэта не толькі Усходняя Еўропа ці паўночныя ўзбярэжжы Чорнага мора, але і Поўдзень, у тым ліку частка Афрыкі. Не варта забываць і пра саму Грэцыю. Для сучасных грэкаў гісторыя Візантыі — гэта не нейкае далёкае мінулае. Гэта нацыянальная гісторыя. Таксама як у польскіх школах вывучаюць гісторыю Рэчы Паспалітай, уключаючы Вялікае Княства Літоўскае, так і грэчаскія вучні вывучаюць гісторыю Візантыйскай імперыі. Гэта ўсё там вельмі важна.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё