Сталі вядомыя вынікі 10-га польскага конкурсу «Моладзевае слова года 2025». Вердыкт журы быў абвешчаны 8 снежня на фінальнай урачыстасці ў Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Польскае навуковае выдавецтва PWN. Мы тлумачым, у прыватнасці, якая мэта гэтага праекта, які рэалізуецца ўжо дзесяць гадоў.
«Szponcić» і «szpont» сталі Моладзевым словам года 2025 — так вырашылі інтэрнэт-карыстальнікі. Гэтае азначэнне выкарыстоўваецца для выражэння незадаволенасці або захаплення. Як тлумачыць PWN, «szpont» або «szponcić» — гэта слова, якое ўжываецца або з жартаўлівым неадабрэннем (рабіць нешта не зусім правільнае і законнае, гуляць з чымсьці, дурэць, хітраваць), або з захапленнем (рабіць нешта цікавае, вар’яцкае, арганізоўваць нешта, а нават фліртаваць).
Раней яно сустракалася таксама ў гарадскіх гаворках і ў турэмным жаргоне са значэннем «камбінаваць, інтрыгаваць, выклікаць непаразуменні». Назоўнік «szpont» у залежнасці ад кантэксту можа абазначаць, між іншым, «блытаніну, падзею, памылку або трук».
Журналіст уплывовага польскага тыднёвіка Polityka Бартэк Хаціньскі, які сёлета ўваходзіў у склад журы Конкурсу на Моладзевае слова года адказвае на наша пытанне, што азначае слова «szponcić» зараз? У якіх кантэкстах можна выкарыстоўваць слова-пераможцу сёлетняга конкурсу?
— Для аповеду пра гулянку, імпрэзу, бойку, нейкую шкоду, пра нешта вар’яцкае — і «szpont», і дзеяслоўная форма «szponcić» менавіта пра гэта. Таксама для акрэслення падазроных паводзін, гэта значыць, на мяжы законнасці, а можа, і зусім незаконныя. Падман, увядзення кагосьці ў зман, хітрасць. Гэтая другая частка значэнняў запазычаная з турэмнай гаворкі, бо слова функцыянавала ў турэмным асяроддзі.
«Szponcić», здаецца, у нейкі момант нават было сінонімам слова «grypsować», што азначае размаўляць на турэмным жаргоне. Не ведаю, ці так ёсць і цяпер. Але гэта слова з сапраўды доўгай гісторыяй, бо як у слоўніку Дарашэўскага, выдадзеным больш за паўстагоддзя таму, так і ў слоўніку Ліндэ XIX стагоддзя мы знаходзім яго ў формах «szpont», «szpunt» — з крыху іншым значэннем, як нешта, чым закаркоўваюць адтуліны ў бочках. Гэта «szpunt», «szpuntowanie». Адсюль таксама «szpоntowanie», а ў Ліндэ была і форма «szpancić», «oszpencać», якая таксама пэўным чынам наводзіць нас на сучасныя значэнні, хоць усё гэта вельмі складана, і тое, як значэнне гэтага слова змянілася апошнім часам, застаецца таямніцай. Думаю, і для мовазнаўцаў таксама.
То-бок насамрэч невядома, чаму моладзь цяпер карыстаецца гэтым словам?
— Мы ведаем, што яно часта выкарыстоўваецца ў рэп-тэкстах. Ужо з дзясятак гадоў Kaz Bałagany чытае рэп пра раённыя «szponty». Таксама вядома, што гэтае слова з’яўляецца на YouTube — быў такі стрымер на YouTube і Twitch, Macallier. Ён, здаецца, нядаўна прыпыніў сваю дзейнасць, але ў ягоных відэа, гэта была такая памежная форма патастрымінгу — аповеды пра дзіўны свет камп’ютараў, якія ўплываюць на нашу псіхіку, яны дарэчы вельмі экспрэсіўныя, і там слова «szpont» з’яўлялася неаднаразова.
На апошнім этапе, непасрэдна перад конкурсам, песню «Szpont X» запісала адна з музычных груп, неяк звязаных з ютуб-фармацыяй «Ekipa», і яна таксама стала вельмі папулярнай. Так што гэтых слядоў досыць шмат. Яны, верагодна, сабраліся разам, і, на маю думку, канчаткова на перамогу паўплывала тое, што гэта польскае слова, слова, якое мае нейкае значэнне — нават вельмі шырокае, я б сказаў, — і яно зразумелае. Гэта і стаў вырашальны фактар перамогі.
Ці конкурс на Моладзевае слова года стварае рэальнасць, ці, наадварот, падсумоўвае тую рэальнасць, у якой моладзь жыве штодня?
— Гэта добрае пытанне. Конкурс быў створаны дзеля падсумавання акрэсленага перыяду, дзеля апісання рэальнасці, каб тлумачыць мову маладых людзей тым, хто ўжо не з’яўляецца моладдзю, і адначасова — каб паказваць, дзе знаходзіцца цэнтр цяжару ў мове. Але насамрэч конкурс стаў сам па сабе, скажам так, арэнай самавыражэння, дэманстрацыі таго, што мы часта хочам паказаць свету. Такія спробы былі падчас пандэміі. Тады з’яўлялася больш тэрмінаў з асяроддзя мэнасферы — слоў, якія апісваюць жанчын і мужчын у свеце самотных мужчын, што днямі сядзяць за камп’ютарамі. Але тады было і вельмі шмат палітычных прапаноў у наш конкурс.
Конкурс 2020 года быў сапраўды праблемны — надзвычай палітызаваны, маніфестацыйны і насычаны барацьбой слоў і сэнсаў. У выніку конкурс быў фактычна закрыты без вызначэння слова-пераможцы. Змяніўся рэгламент конкурсу. Мы пастараліся, каб словы абразлівыя, вульгарныя, тыя, што ўтрымліваюць уласныя назвы, імёны і прозвішчы, адсяваліся ўжо на першым этапе. Так Моладзевае слова года зноў стала формай маніфестацыі, але, на шчасце, палітычная тэматыка закранаецца цяпер рэдка або ўвогуле не закранаецца. Гэта найперш маніфестацыя таго, як маладыя людзі хацелі б бачыць сваю мову. Хаця бывае і так, што гэта маніфестацыя таго, як старэйшыя ўяўляюць сабе мову моалдзі.
Напрыклад, «śpiórkolot», які перамог чатыры гады таму, не быў словам, якім карысталіся трынаццацігадовыя падлеткі. Яго папулярызаваў профіль Make Life Harder у Instagram, і ўжывалі яго хутчэй старэйшыя — як абазначэнне месца для сну, логава, дрымоты і гэтак далей. Сама характарыстыка гэтага слова паказвае, што яно не з асяроддзя падлеткаў.
Ці заўважылі вы як журы нейкую тэндэнцыю, якая суправаджала сёлетнія намінацыі ў гэтым конкурсе?
— Ужо некалькі гадоў, фактычна два-тры гады, мы маем справу з тэндэнцыяй стварэння слоў без значэння — слоў без дэфініцыі, абсурдных. Гэта, вядома, звязана з жыццём моладзі ў сацсетках, у TikTok і не толькі, дзе дакладнае значэнне слова часам не мае вялікага значэння, напрыклад, нейкая харэаграфія або адсылка да мема ці вядомай гісторыі.
Так адбылося з «6-7» сёлета — словам, якое заняло другое месца ў нашым конкурсе. Гэта, дарэчы, яшчэ адна выразная рыса — глабальнасць. Справа не толькі ў англіцызмах, а ў тым, што словы імгненна робяць глабальную кар’еру. «6-7» — добры прыклад: некалькі месяцаў інтэнсіўнага распаўсюджвання таго, што адна з членаў журы назвала «лічбавай ідыёмай». Гэта нават не слова і не лічба, а дзве лічбы, звязаныя ідэяй эйфарыі, радасці, крыху як «essa», але без адназначнага значэння. Такіх слоў становіцца ўсё больш. Яны з’яўляюцца ідэнтыфікаванымі перш за ўсё як TikTok-віралы.
Арганізатарам плебісцыту з’яўляецца Польскае навуковае выдавецтва PWN. Мэтай конкурсу Моладзевае слова года з’яўляецца вылучэнне найбольш папулярных сярод маладых людзей слоў, азначэнняў або выразаў.
Аднак, як тлумачаць арганізатары, Моладзевае слова года не абавязкова павінна быць новым, слэнгавым або самым часта ўжываным. Летась перамагло слова «sigma», а Прэмію журы атрымала «czemó».
Слухайце аўдыё!
prdz/эж