Беларуская Служба

Польская кароткаметражка — у конкурсе на 78-м Канскім кінафестывалі

20.05.2026 13:14
Забарона на продаж алкаголю, уведзеная падчас папскага паломніцтва ў Польшчу, стала падставай для аповеду гісторыі звычайнага чалавека. 
Штуршком да стварэння фільма стаў сапраўдны анекдотmat.pras./Studio Munka

Апошні кароткаметражны фільм Міхала Точэка «Spiritus Sanctus» будзе ўдзельнічаць у конкурсе лепшага кароткаметражнага фільма на 78-м Канскім кінафестывалі.

Забарона на продаж алкаголю, уведзеная падчас папскага паломніцтва ў Польшчу, стала падставай для аповеду гісторыі звычайнага чалавека. Штуршком да стварэння фільма стаў сапраўдны анекдот. Сцэнарыст Адам Парэмбовіч успомніў, што ў чэрвені 1999 года, падчас паломніцтва Яна Паўла II у Польшчу, пастановай Савета Міністраў была ўведзена забарона на продаж алкаголю.

— Мы ўсе пагадзіліся, што гэта добрая ідэя для фільма. Спачатку мы не былі ўпэўненыя, ці будзе ён доўгім, ці кароткім. Мы думалі аб тым, каб аб'яднаць некалькі гісторый, якія круцяцца вакол папскага візіту. Аднак мы вырашылі, што зробім кароткаметражны фільм, нешта вельмі кароткае і лаканічнае. Так нарадзілася ідэя фільма. Вядома, усё пачалося з анекдота, але потым мы доўга распрацоўвалі сцэнар, — распавядае Міхал Точэк.

Гэты нечаканы гістарычны факт стаў адпраўной кропкай для ўсёй гісторыі. Дзеянне адбываецца ў невялікім мястэчку ў Малапольскім ваяводстве. Галоўны герой, Богдан, якога грае Себасцьян Станкевіч, адпраўляецца на пошукі алкаголю, бо гаспадыні дому споўніцца 50 гадоў, і трэба сказаць тост. Гэта выцягвае галоўнага героя з дому і штурхае яго да прыгод. Папа рымскі ў фільме зʼяўляецца як вялікая фігура, але на самой справе гэта аповед пра кагосьці іншага.

Рэжысёр прызнае, што роля Богдана ўнікальная, бо амаль увесь фільм ён праводзіць у поўнай цішыні. Нягледзячы на тое, што фільм закранае вялікую гісторыю і культавую постаць Яна Паўла II, рэжысёр падкрэслівае, што «Spiritus Sanctus» — гэта, перш за ўсё, фільм пра звычайнага чалавека.

Пасля прэмʼеры ў Канах фільм будзе паказаны на Кракаўскім кінафестывалі.

PR/ав