У Музеі гісторыі Польшчы адкрылася выстава „Генерал Станіслаў Мачэк і яго жаўнеры”. Экспазіцыя расказвае пра генерала Мачэка, які прымаў удзел у абароне Польшчы падчас нападу немцаў восенню 1939, а пасля паразы краіны праз Венгрыю і Францыю дабраўся на Брытанскія выспы. У 1944 годзе ён узначаліў 1-ю Польскую бранятанкавую дывізію і прыняў удзел у дэсанце саюзнікаў у Нармандыі.
Дырэктар музея Роберт Костра (Robert Kostro) гаворыць, што на выставе паказаны ўвесь баявы шлях генерала Мачэка і яго жаўнераў.
- Гаворка ідзе пра тры фарміраванні: спачатку гэта была 10-я Кавалерыйская брыгада, потым 10-я Танкавая брыгада ў Францыі, і, нарэшце, 1-я Польская бранятанкавая дывізія, сфарміраваная ў Вялікабрытаніі, якая прайшла баявы шлях з Нармандыі ў Германію. Асаблівы акцэнт на выставе быў зроблены на Брэду, якую вызвалілі польскія жаўнеры 29 кастрычніка 1944 года. Выстава арганізаваная сумесна з Музеем генерала Мачэка, які ствараецца, таксама з нашай дапамогай, у Брэдзе.
На выставе можна ўбачыць шмат фатаграфій і атрымаць мноства інфармацыі, звязанай з баявым шляхам Станіслава Мачэка і яго жаўнераў.
-Ёсць шмат малавядомых фотаздымкаў, часта з прыватных калекцый. Ёсць дакументы, звязаныя з лёсам жаўнераў генерала Мачэка. Выстава мае два лейтматывы. Адзін - гэта верасень 1939 года. Пры гэтай нагодзе мы хочам паказаць, што 10-я Кавалерыйская брыгада была фактычна адзіным фарміраваннем, вялікім падраздзяленнем, якое не было разбітае немцамі ў верасні 1939 года. Другі лейтматыў звязаны з вызваленнем галандскіх гарадоў, і асабліва Брэды.
Інфармацыйную падтрымку забяспечвае Польскае радыё. Выставы працуе па вуліцы Кракаўскае Прадмесце, 66 у Варшаве да 28 верасня, потым яна пераедзе ў Брэду.
Генерал Станіслаў Мачэк за змаганне з войскамі Трэцяга Рэйха і вызваленне многіх галандскіх гарадоў атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Нідэрландаў. Ён атрымаў таксама Ордэн Белага Арла – вышэйшую польскую ўзнагароду.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны генераў Мачэк застаўся жыць ў эміграцыі. Памёр 11 снежня 1994 года ў Эдынбургу.
аз