Сучасная беларуская літаратурная мова пачала выпрацоўвацца ўжо ў канцы ХІХ ст., але на той час яна не мела распрацаванага правапісу, не былі ўзаконены і арфаэпічныя нормы, якія складваюцца пазней за арфаграфічныя. 20-я гады ХХ ст. спрыялі развіццю беларускай літаратурнай мовы, пашырылася сфера яе выкарыстання, у тым ліку і культурна-асветная. Павялічылася колькасць сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў (амаль 90% навучальных устаноў працавалі на беларускай мове). У 20-я гады мінулага ст. выйшла першая Беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча, якая была надрукаваная ў Вільні ў 1918 г.
У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў ХХ ст. пачаліся масавыя рэпрэсіі, у выніку якіх многія вучоныя былі знішчаныя. У грамадска-палітычным і культурным жыцці пачалі панаваць новыя русіфікацыйныя тэндэнцыі. Практычным завяршэннем першай фазы гэтай кампаніі сталася ўрадавая пастанова Савета Народных Камісараў БССР ад 28 жніўня 1933 г. «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая, аднак, датычыла не толькі правапісу, але і фанетычных ды марфалагічных асаблівасцяў. Рэформа выкідала з беларускай мовы каля 30-і тыпова беларускіх рысаў і механічна замяняла іх асаблівасцямі чыста расійскімі. Асноўная мэта гэтага працэсу – зліццё беларускай і расійскай моў у адным рэчышчы. Гэтае набліжэнне афіцыйна ўспрымалася як прагрэс у развіцці беларускае мовы. Дзеля прыкладу, у Прадмове да руска-беларускага слоўніка, выдадзенага Акадэміяй навук БССР у 1953 г., гаворыцца, што беларуская мова „выпрацавала свае літаратурныя нормы, значна папоўніла лексічны запас за кошт слоў роднай ёй рускай мовы”. Гэтае ўзбагачэнне лексічнага запасу адбывалася такім чынам, што беларускія словы, якіх няма ў расійскай мове, выкідваліся з беларускае мовы як дыялектызмы, архаізмы або штучныя неалагізмы, а на іх месца ўводзіліся словы чыста расійскія, раней невядомыя беларускай мове. Такі ж працэс назіраўся таксама ў галіне фанетыкі, марфалогіі ды сінтаксісу.
У галіне марфалогіі найбольш яркімі русізмамі, уведзенымі рэформай 1933 г., былі:
- канчатак -а замест -у (завода, сацыялізма замест заводу, сацыялізму);
- націскныя канчаткі ў давальным і месных склонах назоўнікаў множнага ліку -ам, -ах замест ранейшых -ом, -ох (братам, аб гарадах замест братом, аб гарадох);
- пашырэнне канчатка -ей у родным склоне назоўнікаў жаночага роду множнага ліку замест -яў (абласцей, магчымасцей замест вобласцяў, магчымасцяў);
- з'яўленне расійскага суфікса -цель (выхавацель, натхніцель), узаконенне дзеепрыметнікаў цяперашняга часу залежнага стану, якія беларускай мове былі невядомыя (любімы, перажываемы), замест дзеепрыметнікаў залежнага стану прошлага часу (улюблены, перажываны);
- паяўленне зусім чужых беларускай мове зваротных формаў дзеепрыметнікаў (адбыўшыеся канферэнцыі, набліжаўшайся вайны);
- пашырэнне кароткай формы дзеепрыметнікаў залежнага стану прошлага часу замест поўнай (здымак зроблен, рамонт закончан замест здымак зроблены, рамонт закончаны).
Не быў вольны ад русізмаў таксама сінтаксіс, напрыклад:
- выступанне вінавальнага склону назоўнікаў пры спалучэнні з дзеясловамі з адмоўем не (Шукаць далёка прыклады не трэба) замест роднага склону (Шукаць далёка прыкладаў не трэба);
- з'яўленне вінавальнага склону замест давальнага пры дзеяслове дзякаваць (дзякавалі Савецкую Армію замест дзякавалі Савецкай Арміі);
- празмерна частае ўжыванне прыназоўніка па (па мясцоваму часу замест паводле мясцовага часу, па запрашэнню замест на запрашэнне).
Чарговай рэформай беларускага правапісу пасля 1933 г. і пасля шматгадовай дыскусіі на старонках беларускай прэсы была Пастанова Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 г. «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». Але ўжо раней пэўныя нормы прапанаваў Руска-беларускі слоўнік 1953 г., выдадзены пад рэдакцыяй Я.Коласа, К.Крапівы й П.Глебкі. Зазначылася ў ім паступовае вяртанне да народнай лексікі. Шырэй пра Пастанову 1957 г. слухайце праз тыдзень.
Ніна Баршчэўская