Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: адрозненні паміж арфаграфіяй і арфаэпіяй

21.09.2019 20:46
Сучасная беларуская літаратурная мова развівалася на базе народных гаворак.
Аўдыё
Фанетыка беларускай літаратурнай мовыradyjo.net

У беларускай мове назіраюцца даволі істотныя адрозненні паміж арфаграфіяй і арфаэпіяй. 

Арфаэпія вырашае такія задачы, як:

  • апісанне літаратурнага вымаўлення;
  • выпрацоўка правілаў аднастайнага вымаўлення;
  • вывучэнне ўжывання фанем, іх размяшчэння ў слове;
  • выпрацоўка вымаўленчых рэкамендацый;
  • даследаванне арфаэпічных варыянтаў.

Нормы беларускага літаратурнага вымаўлення – устойлівыя. Сучасная беларуская літаратурная мова развівалася на базе народных гаворак, г. зн., што ў людзей, якія карысталіся беларускай мовай, ужо назіраліся агульныя рысы, абумоўленыя артыкуляцыйнай базай:

  • цвёрдае вымаўленне шыпячых [ж], [ш], [дж], [ч], а таксама [р] (жыццё, шыр, джала, час, мора),
  • наяўнасць фрыкатыўнага [г] (галава, горад),
  • [ў] (лаўка, траўка),
  • аканне (мора – марскі, дрэва – драўляны),
  • дзеканне і цеканне (дзень, цьма),
  • мяккасць зубных перад наступнымі мяккімі зычнымі ([с']мех, пе[с']ня),
  • падоўжанае вымаўленне зычных (калоссе, паданне, вяселле) і інш.

Трэба асобна сказаць пра вымаўленне галосных і зычных гукаў у спрадвечнай лексіцы і ў запазычаных словах. Гукі заўсёды больш выразна вымаўляюцца ў моцнай пазіцыі.

  • Моцнай пазіцыяй для галосных з’яўляецца іх націскное становішча. Націскныя галосныя ў беларускай мове вымаўляюцца і чуюцца выразна: лета, лава, мора, разумны, цэны. Слабая пазіцыя для галосных – ненаціскное становішча. У такой пазіцыі галосныя таксама вымаўляюцца даволі выразна, паколькі не змяняюць сваёй асноўнай якасці: куток, марак, шэры, ляснічы.
  • Літара і вымаўляецца як гук [ы], калі знаходзіцца ў сярэдзіне слова пасля прыстаўкі на зычны альбо пасля першай часткі слова на зычны: пед[ы]нстытут, дэз[ы]нфармацыя, гіпер[ы]нфляцыя.
  • Гукі [у], [л], [в] змяняюцца на [ў] у становішчы пасля галоснага перад паўзай або зычным: быў, траўка, пайсці ў госці, аўдыторыя. Гэта ж перадаецца і на пісьме.
  • Галосныя [о], [э] не пад націскам змяняюць сваё гучанне і супадаюць у гуку [а]: м[о]ра – м[а]рскі, р[э]кі – р[а]чны. Гэтая фанетычная заканамернасць называецца аканнем. Аканне – гэта супадзенне галосных [о], [э] у гуку [а] пасля цвёрдых зычных ва ўсіх ненаціскных складах: ц[э]ны – ц[а]на, г[о]лас – г[а]ласаваць. Аканне адбываецца і пасля мяккіх зычных, але толькі ў першым складзе перад націскам: [в'о]сны – [в'а]сна, [л'э]с – [л'а]сны. На арфаграфічным узроўні гэты працэс называецца яканнем.
  • Правіла якання дзейнічае ў межах аднаго фанетычнага слова. Параўнайма напісанне і вымаўленне: не быў – [н'а]ˆбыў, не мог – [н'а]ˆмог, але без перакладу – [б'эс']ˆперакладу.
  • Словы з ро, ло, рэ не пад націскам замяняюцца на ры, лы: глотка – глытаць, хрэст – хрысціць, кроў – крыві.
  • Большасць слоў іншамоўнага паходжання не падпарадкоўваецца закону акання пасля цвёрдых і мяккіх зычных: [э]поха, т[э]орыя, [м'э]даль. Толькі ў некаторых даўніх запазычаннях гук [э] змяняецца на [а] пасля цвёрдых зычных: адр[а]с, літ[а]ратура, с[а]кр[а]тар. У асобных словах, якія прыйшлі праз пасрэдніцтва расійскай мовы, пасля зычных [ж], [ц], [р] вымаўляецца [ы]: інж[ы]нер, канц[ы]лярыя, бр[ы]зент. У многіх іншамоўных словах не назіраецца якання пасля мяккіх зычных: [г'э]рой, [к'э]фір, [л'э]генда. Выключэннямі з’яўляюцца даўнія запазычанні: ка[л'а]ндар, [с'а]ржант.
  • Для беларускай мовы не характэрныя спалучэнні галосных [іо], [іа], [іэ] у сярэдзіне слоў. Таму ў такіх словах ўзнікае ўстаўны гук [ј]: б[іја]логія, б[іјо]лаг, кл[іјэ]нт.

Працяг тэмы праз тыдзень.

(Шырэй гл. Г.К. Чахоўскі, Т.Л. Чахоўская, Сучасная беларуская мова. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія, Мінск 2010, с. 97-108).

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак