Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: катэгорыя ліку назоўніка

15.12.2019 15:24
Назоўнікі беларускай мовы падзяляюцца на словы, што маюць адзіночны і множны лік, словы толькі з адзіночным лікам (г. зв. singularia tantum), словы толькі з множным лікам (г. зв. pluralia tantum).
Аўдыё
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

Назоўнікі беларускай мовы падзяляюцца на словы, што маюць адзіночны і множны лік, словы толькі з адзіночным лікам (г. зв. singularia tantum), словы толькі з множным лікам (г. зв. pluralia tantum).

Да слоў толькі адзіночнага ліку належаць:

  • уласныя назвы, напр.: Беларусь, Беласток, Купала,
  • рэчыўныя назоўнікі, напр.: вада, соль, мука,
  • адцягненыя назоўнікі са значэннем прыкметы, дзеяння, стану, напр.: блакіт, бег, ідэалізм,
  • зборныя назоўнікі, напр.: звяр'ё, птаства, студэнцтва,
  • назвы месяцаў, напрамкі свету, напр.: ліпень, снежань, поўдзень, усход.

Да множналікавых назоўнікаў належаць лексемы, якія абазначаюць:

  • парныя або састаўныя прадметы, напр.: акуляры, нагавіцы, шахматы,
  • некаторыя абстрактныя паняцці, напр.: зносіны, паводзіны,
  • рэчывы, напр.: дрожджы,
  • паўтаральныя дзеянні, працэсы, напр.: дэбаты, заняткі, перамовы,
  • пэўныя часавыя адрэзкі, святы, абрады, напр.: дажынкі, заручыны, канікулы,
  • некаторыя ўласныя імёны, напр.: Гімалаі, Карпаты, Смалявічы,
  • назвы сукупнасці чаго-небудзь, напр.: аліменты, фінансы,
  • найменні частак цела, напр.: бронхі, лёгкія.

Некаторыя множналікавыя назоўнікі падлягаюць злічэнню, напр.: двое сутак, трое саней, шмат дэбатаў.

Назоўнікі з суадноснымі формамі адзіночнага і множнага ліку абазначаюць:

  • і канкрэтныя прадметы, напр.: дом – дамы, ліст – лісты, стол – сталы,
  • і адцягненыя паняцці, напр.: думка – думкі, погляд – погляды, тэорыя тэорыі.

Фармальна граматычнае значэнне назоўнікаў праяўляецца:

  • нулявым канчаткам у назоўным склоне для назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку, напр.:дуб, горад, хлопец,
  • канчаткамі -а (-я) у назоўным склоне для назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку, напр.:галава, дзяўчына, вішня,
  • канчаткамі -о (-а), -е ў назоўным склоне для назоўнікаў ніякага роду адзіночнага ліку, напр.: акно, дрэва, поле;
  • канчаткамі -ы (-і) у назоўным склоне для назоўнікаў множнага ліку, напр.: дамы, хлопцы, гусі і інш., радзей -е, напр.: гараджане, сяляне; асобныя назоўнікі ўтвараюць форму множнага ліку суплетыўным спосабам, напр.: чалавек – людзі;
  • сінтаксічна праз формы спалучальных з назоўнікамі азначэнняў, якія служаць адзіным сродкам выражэння для нескланяльных назоўнікаў, напр.: прыгожае кімано (ніякі род, адзіночны лік) – прыгожыя кімано (множны лік).

Для значэнняў катэгорыі адзіночнага і множнага ліку ўласцівы транспазіцыі, бо ў пэўных сітуацыях і кантэкстах памянёныя значэнні могуць ужывацца адно на месцы другога, параўнайма: У нашых лясах водзіцца воўк і ліса і Мне не хочацца жыць у розных там аўстраліях.

Таксама адзіночналікавыя рэчыўныя ці адцягненыя назоўнікі пры канкрэтызацыі іх значэння могуць выступаць у множным ліку, напр.: віно – малдаўскія віны, пясок – пяскі пустыні, соль – калійныя солі, снег – сібірскія снягі, чытанне – Коласаўскія чытанні.  

Шырэй гл.: Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак