Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: характарыстыка прыназоўнікаў

22.05.2020 12:29
Прыназоўнікі выкарыстоўваюцца для падпарадкавальнай сувязі галоўнай і залежнай лексемы ў словазлучэннях...
Аўдыё
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

Службовыя часціны мовы характарызуюцца тым, што не маюць намінатыўнага значэння, выкарыстоўваюцца ў мове для сувязі знамянальных слоў, з’яўляюцца граматычна нязменнымі, нешматлікімі, але шырока ўжывальнымі. Да службовых часцін мовы адносяцца прыназоўнікі і злучнікі. 

Прыназоўнікі выкарыстоўваюцца для падпарадкавальнай сувязі галоўнай і залежнай лексемы ў словазлучэннях, выражаюць разнастайныя сінтаксічныя адносіны, у якіх адлюстроўваюцца пэўныя знешнія сувязі паміж адпаведнымі рэаліямі:

  • прасторавыя (выехаць з горада, ісці цераз луг, пайсці ў лес),
  • часавыя (перад навальніцай, здарылася на досвітку, працаваць з самай раніцы),
  • аб’ектныя (марыць пра волю, смяяцца з каго-небудзь, стукаць у дзверы,),
  • меры і ступені (турбот па горла, шчасце без меры),
  • прыналежнасці (гузік ад кашулі, кніга з бібліятэкі),
  • мэты (ехаць на вучобу, падрыхтавацца да экзаменаў, хадзіць па грыбы),
  • прычыны (падаць пад націскам ветру, скакаць ад радасці),
  • атрыбутыўнасці (галава без розуму, дрэва з сукамі),
  • спосабу дзеяння (адказваць без падрыхтоўкі, малаціць у два цапы, працаваць з натхненнем, спяваць на ўсе лады),
  • кампаратыўныя (мацнейшы за мяне, вышэйшы ад бацькі).

Назва дадзенага лінгвістычнага тэрміна з’яўляецца матываванай, бо ў беларускай мове словы гэтай непаўназначнай часціны мовы ўжываюцца ў спалучэннях слоў іншых граматычных разрадаў менавіта з назоўнікам (субстантывам), які граматычна падпарадкоўваецца ім. Прычым кіраваць субстантывам можа кожнае знамянальнае слова пры дапамозе прыназоўніка:

  • дзеяслоў (дзякаваць за падарунак),
  • назоўнік (паход па мясцінах),
  • прыметнік (лепшы за нас),
  • прыслоўе (высока над намі),
  • лічэбнік (двое з адной школы),
  • займеннік (я з сябрам).

Адцягненае значэнне прыназоўнікаў служыць асновай полісеміі многіх з іх (параўн.: выйсці на работу, спадзявацца на поспех, ехаць на аўтобусе, быць на месцы і інш., дзе прыназоўнік на выражае розныя семантыка-граматычныя адносіны паміж паўназначнымі словамі). Назіраецца высокая частотнасць некаторых прыназоўнікаў – у лік першых дзесяці самых ужывальных слоў беларускай мастацкай прозы, паэзіі, а таксама фальклору ўваходзяць прыназоўнікі: у, на, з, што служыць прычынай іх многазначнасці. Так у спецыяльным слоўніку прыназоўнікаў для у зафіксавана 57 значэнняў, на – 47 значэнняў, з – 38 значэнняў.

Па свайму паходжанню прыназоўнікі падзяляюцца на:

  • невытворныя (за, безна, пры, для)
  • і вытворныя, да якіх адносяцца прыназоўнікі, што генетычны звязаныя з іншымі часцінамі мовы, у прыватнасці, з прыслоўямі (абапал дарогі, вакол дрэва), назоўнікамі (у час адпачынку, па прычыне гэтага), дзеясловамі (нягледзячы на цяжкасці, дзякуючы табе).

Па вонкавай структуры прыназоўнікі падзяляюцца на:

  • простыя (аб, без, для, за, на, над, пад, пры, у),
  • складаныя, у якіх зліліся два словы (з-за, з-пад, па-за, па-над, паўз, замест),
  • састаўныя, якія складаюцца з двух і болей слоў (з прычыны, поруч з, у параўнанні з, у залежнасці ад).

Прыназоўнікі могуць ужывацца:

  • з адным склонам, кіраваць ім: з родным (ад, без, да, дзеля, для, каля, ля, з-за, з-пад, з-над, акрамя, апрача, замест, заміж, звыш, наконт, накшталт, паводле, падчас, паміма, сярод...), з давальным (адпаведна, згодна, дзякуючы, насуперак, насустрач, паралельна, услед), з вінавальным (нягледзячы на, пра, праз, паўз, скрозь, цераз, у адказ на), з творным (згодна з , на чале з, над, па-за, па-над, перад, поруч з, разам з, следам за, у сувязі з), з месным (а, пры);
  • з двума склонамі: з вінавальным і творным (за, пад, перад, напр. за стол, за сталом), звінавальным і месным (абна, пры, напр. на дрэва, на дрэве), з родным і творным (між, паміж, напр. між кустоў, паміж лесам і рэчкай);
  • з формамі трох склонаў: з родным, вінавальным і творным (прыназоўнік з – з восені, з тыдзень, з кожным днём), з родным, вінавальным і месным (прыназоўнік у – у суседа, у нядзелю, у студзені), з давальным, вінавальным і месным (прыназоўнік па – па кілаграму, па дровы, па лузе). 

Многія прыназоўнікі ўступаюць у сінанімічныя адносіны паміж сабой (на полі – у полі, пасля вайны – па вайне, пра яе – аб ёй), могуць ужывацца ў розных варыянтах (над – нада, з – са, у – ва, напр.: над ім – нада мною, з горада – са школы,  у школе – ва ўніверсітэце).

Некаторыя асаблівасці ўжывання прыназоўнікаў з’яўляюцца адметнай рысай беларускае мовы:

  • пры дзеясловах, якія выражаюць эмоцыі, перажыванні (дзівіцца, здзекавацца, жартаваць, кпіць, смяяцца, цешыцца) для выражэння аб’ектных адносін, як правіла, ужываецца прыназоўнік з з родным склонам (смяяцца з настаўніка, кпіць са старых);
  • дзеясловы, што выражаюць пачуцці смутку, гора, жалю (бедаваць, плакаць, сумаваць, тужыць) патрабуюць спалучэння прыназоўніка па з месным склонам (сумаваць па краіне);
  • пры дзеясловах ведаць, гаварыць, думаць, клапаціцца і пад. звычайна ўжываецца прыназоўнік пра з вінавальным склонам (ведаць пра гэта, думаць пра іншае, расказваць пра свае прыгоды) – спалучэнне прыназоўніка аб з месным склонам – характэрная асаблівасць публіцыстычнага ці навуковага стыляў (клапаціцца аб аснашчэнні школ “Настаўніцкая газета”);
  • пры дзеяслове жаніць(цца) ужываецца прыназоўнік з з творным склонам (Ён ажаніўся з Пелагеяй. Шам.) – часта сустраканая форма з прыназоўнікам на (ажаніцца на дзяўчыне) памылковая, не беларуская, гэта русізм;
  • пры дзеясловах руху (бегчы, ехаць, ісці, плыць) ужываецца прыназоўнік па з месным склонам (бегчы па сцежцы, плыць па рацэ);
  • пры форме вышэйшай ступені параўнання часцей ужываецца прыназоўнік за з вінавальным склонам (больш за сто чалавек, маладзейшы за мяне) і радзей прыназоўнік ад з родным склонам (лепшая ад яго).

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак