Беларуская Служба

Польскія ўніверсітэты прапануюць бясплатнае навучанне для беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі

03.09.2020 10:03
Універсітэты ў Варшаве, Любліне, Познані і інш. прымаюць заяўкі ад беларусаў, якія жадаюць прадоўжыць навучанне ў Польшчы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". ВНУ Польшчы бясплатна прымаюць беларусаў.
       .
Самакіраванне студэнтаў Варшаўскага ўніверсітэта выказвае салідарнасць з беларусамі.Facebook.com

Польскія ўніверсітэты прапануюць вучыцца ў іх беларусам, якія пацярпелі падчас акцый пратэстаў у Беларусі і былі пазбаўлены магчымасці працягваць адукацыю на бацькаўшчыне.

У сувязі з рэпрэсіямі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі маладыя людзі, якія не змогуць працягваць у 2020/2021 навучальным годзе адукацыю ў Беларусі, атрымаюць такую магчымасць у Польшчы. Колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы ўвесь час павялічваецца, за апошнія пяць гадоў — удвая.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі: — У Польшчы ўжо цяпер вучыцца больш за 10 тысяч беларускіх студэнтаў. Але мы хочам, каб іх было больш. Мы хочам, каб нашы ВНУ сталі гадавальнікамі польска-беларускага сяброўства. Вядома, што маладыя людзі з Беларусі, якія пазнаюць жыццё ў Польшчы, потым едуць назад у Беларусь і нясуць з сабой вестку пра тое, што Польшча — гэта прыязная да Беларусі краіна, што мы хочам жыць у вялікай дружбе і супрацоўніцтве. У будучыні мы хацелі б мець вельмі глыбокае эканамічнае, навуковае, культурнае супрацоўніцтва з Беларуссю. У нас ёсць цудоўная агульная гісторыя і мы моцна паважаем беларускі народ і яго дасягненні. І таму хацелася б адзначыць, што наша дапамога будзе накіравана не толькі рэпрэсіраваным асобам, хаця тыя, хто быў рэпрэсіраваны, праследаваўся рэжымам Лукашэнкі, могуць спадзявацца на асаблівую дапамогу з боку польскай дзяржавы і таксама з боку Еўрапейскага саюза. 

Частка студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы, вяртаюцца ў Беларусь і спадзяюцца, што на гэты раз ім удасца адстаяць свабоду ў сваёй краіне.

Студэнт з Беларусі, які вучыцца ў Беластоку: — Там, відавочна, усё зменіцца, бо ўжо стаў іншым беларускі народ. Думаю, што сам Лукашэнка ўладу не аддасць. Але няма выбару: думаю, у яго адбяруць уладу. Народ штодня — па 300-500 тысяч чалавек — выходзіць на акцыі пратэсту.

***

Яшчэ 21 жніўня, у знак салідарнасці з беларусамі, рэпрэсіраванымі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, у Варшаўскім універсітэце, перад Казіміраўскім палацам былі выстаўлены беларускія бела-чырвона-белыя сцягі. Рэктар Варшаўскага ўніверсітэта праф. Марцін Палыс адзначыў у сваёй заяве: «Наша акадэмічная супольнасць падтрымлівае ўсіх, хто прагне свабоднай, дэмакратычнай, грамадзянскай і законапаслухмянай Беларусі. Мы хочам выказаць гэтым людзям удзячнасць і салідарнасць. Вы з'яўляецеся прыкладам для пераймання».

Марцін Палыс адзначыў, што Варшаўскі ўніверсітэт працягне і пашырыць дзейнасць па падтрымцы людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў улад Рэспублікі Беларусь. Павялічыцца набор на стыпендыяльную праграму Урада Рэспублікі Польшча імя К. Каліноўскага: студэнты, высланыя з універсітэтаў у Беларусі, атрымаюць стыпендыі для поўнага курсу навучання ў Польшчы, а таксама для аднагадовай стажыроўкі ў Варшаве. Прыём заявак пачаўся 31 жніўня. Заяўкі прымаюцца пастаянна, пакуль не будзе дасягнуты ліміт месц. Стыпендыяльная праграма імя К. Каліноўскага была ініцыіравана ў 2006 годзе, пасля арыштаў і рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі ў адносінах да беларусаў, якія выступалі супраць фальсіфікацый на выбарах Прэзідэнта. 30 сакавіка 2006 года Прэм'ер-міністр Польшчы Казімеж Марцінкевіч і прадстаўнік Аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, рэктары вядучых польскіх ВНУ падпісалі ліст аб намерах ажыццявіць такую праграму.


Афіша стыпендыяльнай праграмы Урада Рэспублікі Польшча імя К. Каліноўскага.Аб'ява аб наборы на навучанне па стыпендыяльнай праграме Урада Рэспублікі Польшча імя К. Каліноўскага.

У 2019/2020 годзе толькі на адной кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ВУ па стыпендыяльнай праграме імя К. Каліноўскага вучылася пяцёра беларусаў. Кафедра, дзе вялікая ўвага надаецца вывучэнню беларускай мовы і культуры, запрашае ўсіх жадаючых падаваць заяўкі.

Да 13 верасня можна таксама зарэгістравацца на навучанне ў магістратуры па беларускай філалогіі з вывучэннем англійскай мовы на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Галоўнае патрабаванне — пацверджанае дакументальна валоданне беларускай мовай на ўзроўні C1 і англійскай на ўзроўні B2.


Аб'ява аб наборы на навучанне ў магістратуры па беларускай філалогіі з вывучэннем англійскай мовы на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Аб'ява аб наборы на навучанне ў магістратуры па беларускай філалогіі з вывучэннем англійскай мовы на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

***

Універсітэт Марыі Складоўскай–Кюры ў Любліне ўжо на працягу многіх гадоў з’яўляецца пляцоўкай, дзе актыўна вывучаецца Беларусь. Цяпер гэта польская ВНУ ў рамках праграмы «Таленты ва УМСК» (Talenty na UMCS) вырашыла выдзеліць 10 бясплатных месц для студэнтаў з Беларусі. Варта адзначыць, што кожнае месца ў залежнасці ад тыпу навучання каштуе для звычайнага студэнта, які паступае на платнае навучанне, каля 2000 еўра ў год.

Такім чынам, калі вы маеце ступень бакалаўра і не можаце далей вучыцца ў Беларусі, то паспяшайцеся падаць дакументы ва Універсітэт Марыі Складоўскай–Кюры ў Любліне.

Анэта Адамская, прэс-сакратар універсітэта:Гэта прапанова для ўсіх, хто па розных прычынах не мог працягваць навучанне на другім узроўні (магістратура) у ВНУ ў Беларусі або быў выключаны, напрыклад, па палітычных прычынах з тамтэйшых ВНУ. Мы прапануем беларусам двухгадовае навучанне ў магістратуры, якое дазволіць удасканаліць іх адукацыю, ужо ў новым акадэмічным годзе.

Беларускія студэнты, зацікаўленыя ў бясплатным навучанні ва УМСК, павінны адправіць заяўку на польскай або англійскай мове па адрасе: rekrutacja.by@umcs.pl. У заяўцы трэба апісаць прычыны, па якіх студэнт пазбаўлены магчымасці працягваць вучобу ў сваёй ВНУ ў Беларусі. У заяве таксама неабходна ўказаць галіну ведаў, у якой прэтэндэнт хацеў бы працягнуць сваю адукацыю ў польскім універсітэце.

Набор жадаючых будзе адбывацца да дасягнення ліміту месц — г.зн. 10, але завершыцца не пазней за 25 верасня.

Уршуля Бобрык, намеснік рэктара па справах студэнтаў Універсітэта Марыі Складоўскай–Кюры: — Дарагія студэнты з Беларусі! На працягу многіх гадоў місіяй Універсітэта Марыі Складоўскай–Кюры з’яўляецца навучанне самых здольных маладых людзей. У сценах нашай навучальнай установы мы вучым студэнтаў з усяго свету, у т.л. шматлікую групу студэнтаў з Беларусі. І менавіта для вас мы падрыхтавалі чарговую праграму для самых здольных кандыдатаў «Таленты ва УМСК». Мы хацелі б падтрымаць вашы імкненні да ведаў і адукацыі. Сардэчна запрашаю падаваць заяўкі. І да прыемных сустрэч ва Універсітэце Марыі Складоўскай–Кюры.

На працягу некалькіх гадоў Універсітэт Марыі Складоўскай–Кюры ўваходзіць у спіс лепшых ВНУ Польшчы. У мінулым навучальным годзе ва ўніверсітэце атрымлівалі адукацыю 1800 іншаземцаў з амаль 50 краін свету, у тым ліку больш за 420 чалавек з Беларусі.

***

Універсітэт Адама Міцкевіча ў Познані прапануе студэнтам, якія былі адлічаны з універсітэтаў у Беларусі, магчымасць вучыцца без аплаты.

Рашэнне аб вызваленні ад платы звязана з бягучай сітуацыяй у Беларусі і рэпрэсіямі, якія таксама закранаюць акадэмічную моладзь. Гэта таксама праява салідарнасці акадэмічнай супольнасці УАМ з беларускім грамадствам і падтрымка яго барацьбы за свабодную, дэмакратычную, грамадзянскую і законапаслухмяную Беларусь, — адзначаецца на сайце навучальнай установы.

«2020 год у гісторыю беларускай нацыі ўвойдзе як асаблівы. Беларускі народ толькі цяпер вырашыў адстаяць права кожнага грамадзяніна ў дэмакратычнай дзяржаве выбару ўлады. Мы спадзяёмся, што пратэсты і дзеянні беларускага грамадства прывядуць да шчаслівага выніку і жаданых перамен у Беларусі», — сказалі ў супольным звароце цяперашні рэктар праф. Анджэй Лясіцкі і новаабраны рэктар праф. Багуміла Канеўская.

У мінулым навучальным годзе ва УАМ навучаліся 232 студэнты з Беларусі.

***

Рэктары вядучых універсітэтаў Вроцлава у сумеснай заяве выказалі салідарнасць з беларусамі, у тым ліку навуковай супольнасцю, студэнтамі і іх сем'ямі. Заяву падпісалі рэктары: Вроцлаўскага прыродазнаўчага ўніверсітэта — Ярослаў Босы; Акадэміі музыкі ў Вроцлаве — Крыстыян Келб; Медыцынскага ўніверсітэта ў Вроцлаве — Пётр Панікоўскі; Вроцлаўскага ўніверсітэта — Пшамыслаў Вішэўскі; Вроцлаўскага політэхнічнага ўніверсітэта — Аркадыюш Вуйс.

Рэктары паабяцалі падтрымаць студэнтаў з Беларусі іх у жаданні працягваць вучыцца ў вроцлаўскіх ВНУ. “Усе, хто мае патрэбу ў вырашэнні канкрэтных праблем, павінны звярнуцца ў адпаведныя аддзелы адміністрацый ВНУ”, — раяць рэктары.

На гэты момант 184 чалавекі з беларускімі пашпартамі навучаюцца ў Вроцлаўскім універсітэце навукі і тэхнікі. У Вроцлаўскім політэхнічным універсітэце прызначаны ўпаўнаважаны па справах студэнтаў з Беларусі. 32 чалавекі з Беларусі зарэгістраваліся для навучання ў Вроцлаўскім прыродазнаўчым універсітэце.

***

Польскія ВНУ у сувязі з падзеямі ў Беларусі выступаюць з калектыўнымі заявамі, у якіх падтрымліваюць сваіх калег у Беларусі і студэнтаў з Беларусі, якія вучацца ў польскіх ВНУ. Так, ныпрыклад, рада медыцынскага факультэта медыцынскага калегіума Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве звярнулася з пісьмом да вучоных, выкладчыкаў і медыцынскіх работнікаў Рэспублікі Беларусь. У лісце гаворыцца: “У гэтыя цяжкія, важныя і — мы спадзяёмся — вырашальныя для вас дні мы дасылаем вам словы братэрскай салідарнасці і падтрымкі ў вашых імкненнях да свабоды і дэмакратыі. […]

Мы асуджаем прымяненне сілы, тэрору і катаванняў, пра што мы даведаліся са сродкаў масавай інфармацыі і асабістых паведамленняў і якія павінны быць расследаваны і ацэнены ў будучыні.

Вы можаце быць упэўнены, што мы з вамі ў гэтыя дні, з усімі ў вашай краіне, хто мужна адстойвае свае правы, як і роўна 40 гадоў таму ў Польшчы, калі нарадзіўся рух “Салідарнасць”. Мы адрасуем асаблівыя словы падтрымкі беларускім студэнтам нашага факультэта”.

У верасні чакаецца, што і іншыя польскія ВНУ выступяць з прапановамі навучання ў іх для беларусаў.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост