Бела-чырвона-белы сцяг аб’ядноўвае беларусаў з 1917 года. Многія эпізоды гісторыі флага застаюцца малавывучанымі.
На міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці», якая 1 красавіка была арганізавана кафедрай міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, з дакладам пра гісторыю бела-чырвона-белага сцяга выступіў доктар гісторыі Андрэй Катлярчук, выканаўчы дырэктар Цэнтра сучаснай гісторыі Універсітэта Сёдэрторн у Стакгольме (Швецыя).
Андрэй Катлярчук: — Улетку 1917 г. студэнт Петраградскага горнага інстытута Клаўдзій Дуж-Душэўскі распрацаваў праект нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга. Новы сцяг хутка заваяваў папулярнасць сярод салдат-беларусаў, палітыкаў і шырокага грамадства. Усебеларускі з’езд, які адбыўся ў Мінску ў снежні 1917 г., працаваў пад бела-чырвона-белым сцягам, які тады лічыўся нацыянальным. Падчас з’езда побач з бела-чырвона-белым сцягам вісеў чырвоны сцяг — сімвал рэвалюцыі і Беларускай сацыялістычнай грамады.
У 1917-1918 гадах бела-чырвона-белы сцяг стаў адным з сімвалаў беларускага нацыянальнага руху, беларускай дзяржаўнасці, абвешчанай у 1918 годзе ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.
У даваеннай Польшчы, на тэрыторыі населенай беларусамі, бела-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся рознымі палітычнымі партыямі, арганізацыямі. Сярод іх Віленская беларуская гімназія, Беларускі студэнцкі саюз пры віленскім Універсітэце Стэфана Баторыя, Таварыства беларускай школы, Беларуская сялянска-работніцкая грамада і перш за ўсё партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
Андрэй Катлярчук: — На той час бела-чырвона-белы сцяг аб’ядноўваў беларусаў Польшчы, Латвіі і Літвы розных палітычных перакананняў. Напрыклад, член Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі паэт Максім Танк напісаў у 1930 годзе верш “Ты чуеш, брат” з наступнымі радкамі:
Глядзіце ў будучыню смела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сцягам бел‑чырвона‑белым
Чакае перамога нас.
Андрэй Катлярчук лічыць, што менавіта ў Заходняй Беларусі адбылося замацаванне бела-чырвона-белага сцяга як нацыянальнага. У перыяд нямецкай акупацыі беларускі нацыянальны сцяг выкарыстоўваўся перш за ўсё на заходнебеларускіх землях.
Андрэй Катлярчук: — Гэты сцяг выкарыстоўвала перш за ўсё цывільная адміністрацыя Генеральнай акругі “Беларусь”, ядром якой былі заходнебеларускія землі. У 1941-1944 гг. бела-чырвоны сцяг не выкарыстоўваўся на значнай тэрыторыі Беларусі. Насельніцтва Брэста, Пінска, Гродна, Беластока, Мазыра, Магілёва, Бабруйска, Гомеля, Віцебска і іншых гарадоў на маглі ўбачыць гэты сцяг у публічнай прасторы, бо гэтыя гарады і прылеглыя да іх землі знаходзіліся па-за межамі Генеральнай акругі “Беларусь”. Сведчанняў аб выкарыстанні бела-чырвона-белага сцяга мясцовай дапаможнай паліцыяй няма. Вядома, што нацыянальны сцяг выкарыстоўваўся Беларускай краёвай абаронай. Аднак гэта пранацысцкае паліцэйскае фарміраванне было створана ў лютым-чэрвені 1944 г., за лічаныя тыдні да адступлення вермахта з Беларусі і пасля фінальнага этапа Халакосту і генацыду цыганоў.
Андрэй Катлярчук. Фота: Commons.wikimedia.org/Andrej Kotljarchuk/CC BY-SA 4.0
Андрэй Катлярчук прыводзіць прыклады выкарыстання нацыянальных сцягоў на тэрыторыі Беларусі пранямецкімі вайсковымі і іншымі фарміраваннямі.
Андрэй Катлярчук: — Дацкі добраахвотны корпус СС (Frikorps Danmark), вучэбная база якога знаходзілася ў Бабруйску, выкарыстоўваў сцяг Дацкага Каралеўства. Цяперашні Дзяржаўны сцяг РФ, які прысутнічае і на парадах у Дзень Перамогі, выкарыстоўваўся ў 1941-1944 гг. брыгадай СС РОНА (“Русская освободительная народная армия”). Гэта пранямецкае фарміраванне здзейсніла шэраг злачынстваў супраць мірнага насельніцтва Расіі, Беларусі, Польшчы і Славакіі. У чэрвені 1944 г. з дазволу нямецкіх улад рускі сцяг быў узняты на будынку мінскага Дома “Национал-социалистической трудовой партии России”. Дэлегаты з’езда “Союза русской молодежи”, які прайшоў у Мінску, сведчылі: “Впервые в столице Белоруссии развевается русский национальный трехцветный флаг. Его подняла русская молодежь, собравшаяся на слет, чтобы выразить свою солидарность с солдатами и офицерами РОА (створанай немцамі “Русской освободительной армии”. — Рэд.)”. Але нікому у сучаснай Даніі ці Расіі не прыходзіць ў галаву абвінаваціць сцяг “у супрацоўніцтве з акупантамі” як гэта робіцца сучаснымі беларускімі ўладамі. І тут Беларусь — выключэнне.
Пасля Другой сусветнай вайны бела-чырвона-белы сцяг аб’ядноўваў беларускіх эмігрантаў.
Андрэй Катлярчук: — Гэты сцяг аб’ядноўваў ветэранаў Другой сусветнай вайны — як салдат БКА, так і тых, хто ваяваў супраць нацыстаў у польскіх часцях брытанскай арміі і французскім руху Супраціўлення.
У 1980-я гады бела-чырвона-белы сцяг паціху выходзіў з падполля ў БССР.
Андрэй Катлярчук: — У кастрычніку 1984 г. два бела-чырвона-белыя сцягі былі вывешаны на будынку Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава. Па справе праходзіла шэсць навучэнцаў. Два з іх (Сяргей Харэўскі і Юры Макееў) былі выключаны з навучальнай установы. Беларускі нацыянальны сцяг у той час папулярызаваўся сябрамі першай няўрадавай маладзёжнай арганізацыі “Майстроўня”. Бела-чырвона-белы сцяг лунаў на першай масавай апазіцыйнай дэманстрацыі ў БССР — падчас шэсця на Дзяды ў Курапаты ў 1988 г.
Бела-чырвона-белы сцяг у 1991-1995 гадах з’яўляўся Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь і сімвалізаваў не толькі беларускую дзяржаўнасць, але і нацыянальнае адраджэнне беларусаў. Аднак першы Прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка ініцыіраваў адмену дзяржаўнага статусу беларускага нацыянальнага сцяга, што адбылося ў выніку рэферэндуму ў маі 1995 года.
Андрэй Катлярчук: — Рэжым Лукашэнкі палітычна маргіналізаваў такія важныя прыкметы этнічнасці як нацыянальная мова і гісторыя, абгрунтоўваючы свой палітычны праект ідэалізаваным міфам савецкага адзінства. Згадкі бела-чырвона-белага сцяга як “нацыяналістычнага” заўсёды суправаджаюцца негатыўнымі эпітэтамі. Дыскурс ачарнення нацыянальна сцяга зрабіўся мэйнстрымам ў часы праўлення Лукашэнкі і дасягнуў свайго апагею пасля падзей жніўня 2020 г.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё