Беларуская Служба

Варшаўскі іпадром – месца адпачынку і азартных гульняў (ФОТА)

03.06.2022 11:01
Служавецкі іпадром адзначае сваё 83-годдзе і надалей захапляе звышчасовай архітэктурай, а таксама маляўнічым размяшчэннем.
Варшаўскі іпадром Autorstwa Wistula - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=10497821

3 чэрвеня 1939 года на вуліцы Пулаўскай у варшаўскім раёне Служэвец быў адкрыты іпадром. На момант адкрыцця комплекс быў самым сучасным і буйным аб'ектам такога тыпу ў Еўропе. Дарэчы, па сённяшні дзень сталічны аб’ект лічыцца адным з найпрыгажэйшых у свеце – захапляе архітэктурай будынкаў і сваім маляўнічым размяшчэннем.

Аднак гісторыя конных гонак у Варшаве значна старэйшая за гісторыю Служавецкага іпадрома. Першыя спаборніцтвы адбыліся ў Варшаве ў канцы XVIII стагоддзя, а месца іх правядзення мянялася. У сакавіку 1841 года было створана Таварыства конных гонак і выставак сельскагаспадарчых жывёл у Каралеўстве Польскім. Менавіта гэтая ўстанова паставіла перад сабой мэту арганізоўваць сапраўдныя гонкі і падтрымліваць развядзенне пародзістых коней.

Першыя гонкі адбываліся на Макатоўскіх палях (Pola Mokotowskie) – сёння гэта ваколіца плошчы Люблінскай вуніі, у цэнтры Варшавы. Даўжыня гэтага іпадрома складала каля кіламетра.

З пачаткам паўстання 1863 года конныя гонкі ў Варшаве былі прыпыненыя. Аднак ні гэты перапынак, ні рэпрэсіі акупантаў не прывялі да зніжэння папулярнасці згаданага віду коннага спорту. Мала таго, польскія коні з кожным годам станавіліся ўсё лепшымі, а за перамогу плацілі большыя грошы. Таксама ў Польшчу сталі ўсё часцей прыязджаць трэнеры і жакеі з Англіі. Можна сказаць, што гэта быў «залаты» перыяд згаданага віду коннага спорту ў Польшчы.


«Першыя скачкі на Макатоўскіх паляках у Варшаве» Януарый Сухадольскі, 1849 год, Музей Варшавы «Першыя скачкі на Макатоўскіх паляках у Варшаве» Януарый Сухадольскі, 1849 год, Музей Варшав/ Autorstwa January Suchodolski - www.pinakoteka.zascianek.pl, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1483076

Пачатак Першай сусветнай вайны стаў складаным перыядам у гісторыі польскай конегадоўлі. На шчасце, вялікая група каштоўных коней захавалася ў Адэсе, адкуль у 1919 годзе яны вярнуліся ў Польшчу. У 1925 годзе быў прыняты закон, дзякуючы якому ўзнік Камітэт па конных гонках.

Між тым, на хвалі надзвычайнай папулярнасці згаданага спорту пачалі будавацца іпадромы, у тым ліку ў Познані, Любліне і Львове. Нават у Закапанэ зімой вызначалі адмысловую дарожку для конных гонак.
Таксама жыхары Варшавы хацелі мець свой сапраўдны іпадром. У 1920-х гадах неабходнасць будаўніцтва новага іпадрома стала прадметам грамадскага абмеркавання. Пошукі адпаведнага месца працягваліся шмат гадоў. Пад увагу браліся розныя месцы, у тым ліку раён Акенце, дзе зараз знаходзіцца сталічны аэрапорт. Аднак Служэвец аказаўся найлепшай прапановай.

Першай важнай датай у гісторыі Служавецкага іпадрома стаў 1926 год, калі Таварыства па падтрымцы конегадоўлі ў Польшчы набыла ў гэтым раёне 150 гектараў зямлі пад будаўніцтва комплексу іпадрома. Аднак ад куплі зямельнага ўчастка да завяршэння будаўніцтва прайшло ажно 13 гадоў.

Галоўным архітэктарам варшаўскага іпадрома стаў Зыгмунт Плятэр-Зыбэрк, які таксама праектаваў камяніцы ў Варшаве. У рамках падрыхтоўкі да працы ён наведаў усе папулярныя ў Еўропе іпадромы. У склад комплексу, апрача самога іпадрома і трыбун, увайшоў таксама трэніровачны комплекс, то бок канюшні, загоны для коней і гаспадарчыя памяшканні. Архітэктар выкарыстаў інавацыйныя для тых часоў рашэнні, напрыклад, падземны тунэль, якім коней вялі на гонкі. Усё акружанае гэтак званым англійскім паркам, то бок шырокімі зялёнымі зонамі лугоў і супрацьпажарным вадаёмам.

Вялікае адкрыццё Служавецкага іпадрома адбылося 3 чэрвеня 1939 года. На той час гэта быў самы сучасны і самы вялікі іпадром у Еўропе.

Фрагмент іпатрома ў Варшаве/ Autorstwa Roman Eugeniusz, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=60994604 Фрагмент іпатрома ў Варшаве/ Autorstwa Roman Eugeniusz, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=60994604

На жаль, аматары коннага спорту карысталіся новым аб’ектам толькі тры месяцы, да пачатку вайны. Падчас Другой сусветнай вайны іпадром не пацярпеў асаблівых пашкоджанняў, дзякуючы таму, што быў заняты немцамі – стаў месцам дыслакацыі войскаў СС, якія выкарыстоўвалі яго, у якасці аэрапорта для сваіх знішчальнікаў. 1 жніўня 1944 года палякі спрабавалі адбіць іпадром, але беспаспяхова.

Першыя гонкі пасля заканчэння вайны адбыліся ўжо ў 1946 годзе. Аднак польскія конегадоўлі, вядомыя ва ўсім свеце, былі знішчаныя. Улады ПНР нацыяналізавалі конезаводы. Палітычныя змены пасля 1989 года прынеслі чарговы прарыў. Польскія конегадоўлі пераняло Агенцтва сельскагаспадарчай маёмасці Дзяржаўнай казны.

Служавецкі іпадром быў і застаецца не толькі месцам сустрэч і адпачынку жыхароў Варшавы, але таксама месцам азартных гульняў. Абʼект быў адрамантаваны пад наглядам кансерватара і штогод прыцягвае дзясяткі тысяч чалавек – не толькі аматараў гонак, але і семʼі з дзецьмі. Ён па-ранейшаму ўражвае не толькі архітэктурай асобных будынкаў, іх функцыянальнасцю, але таксама паркам і навакольнымі лугамі.

Уваход на іпадром з вул. Пулаўскай/ Autorstwa Roman Eugeniusz, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=60994604 Уваход на іпадром з вул. Пулаўскай/ Autorstwa Roman Eugeniusz, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=60994604

Як выглядаюць сучасныя конныя гонкі, можна пабачыць самому, наведваючы варшаўскі іпадром. Адным з найважнейшых спаборніцтваў з’яўляецца «Вялікая Варшаўская» гонка, якая адбываецца напрыканцы верасня і пачатку кастрычніка. Пераможца атрымлівае ўзнагароду прэзідэнта Варшавы. Штогод на Служавецкім іпадроме праходзіць больш за 400 конных гонак, якія прыцягваюць тысячы гледачоў, а таксама выставы і іншыя мерапрыемствы не толькі спартыўнага характару.

аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу