Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Адам Стаховяк «Я вяртаюся кожную ноч»

15.06.2022 17:05
Адам Стаховяк быў самым малодшым музыкантам у Польшчы, які запісаў уласны дыск - ва ўзросце 4 гадоў.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Skitterphoto

Неўзабаве адбудзецца афіцыйная прэм'ера новага кампакт-дыску польскага выканаўцы Адама Стаховяка. З гэтае нагоды я хачу прадставіць вашай увазе песню гэтага музыканта.

Адам Стаховяк – прадстаўнік маладога пакалення польскай музычнай сцэны, які заваяваў ужо сваё месца не толькі на эстрадзе, але таксама ў сусветнай электроннай энцыклапедыі. Вось звесткі пра песняра адтуль – нарадзіўся ў верасні 1997 года ў гарадку Серакаў на захадзе Польшчы. Музыкант, кампазітар, прадзюсар, піяніст, аўтар тэкстаў і тэлевядучы, заснаваў кампанію гуказапісу ABM Records. Акрамя таго, паспеў ужо ажаніцца, у яго дзве дочкі. Так што шмат ужо паспеў зрабіць у жыцці, і напэўна зробіць яшчэ больш.

Пачаў вучыцца граць на музычных інструментах ва ўзросце трох гадоў, тады ж спрабаваў пісаць першыя музычныя творы. У 2002 годзе выдаў свой першы альбом, дзякуючы чаму стаў самым маладым музыкантам у Польшчы, які запісаў уласны дыск.

Як кажа сам Адам Стаховяк, ён прайшоў праз шмат музычных жанраў, напрыклад, джаз, поп, RʼnʼB, запісаў шмат песень. Шмат гадоў шукае сябе. У 2016 годзе ў тэлешоў «Голас Польшчы» упершыню праспяваў сваю аўтарскую песню «Мама», прысвечаную памерлай маці. Яна спадабалася гледачам. «Гэтая песня была вельмі сапраўднай і шчырай. Я нікім не прыкідваўся і, напэўна, таму ў яе 27 мільёнаў праглядаў», – сказаў Адам у эфіры Польскага радыё, Першага каналу.

Адам Стаховяк шмат выступае з канцэртамі па ўсёй Польшчы, да 2022 года даў ужо больш за 150 канцэртаў, таксама блізка супрацоўнічае з Польскім тэлебачаннем, удзельнічае ў мерапрыемствах, якія ладзіць тэлебачанне. Гэта яшчэ вельмі малады чалавек, але ў яго вельмі шчырыя і спелыя погляды на жыццё – Адам перш за ўсё цэніць традыцыйныя каштоўнасці, такія, як сямʼя, каханне і вера. А я прапаную вашай увазе кампазіцыю ў выкананні Адама Стаховяка, якая называецца «Я вяртаюся кожную ноч».

Wszyscy poszli stąd, drżący głos gdy żegnałaś się. W kuchni wysiadł prąd, talerz pusty znowu jest chyba sam nie umiem jeść. Może za dużo chciałbym wiedzieć, być z Tobą przy obiedzie, patrzeć w oczy, kiedy wciąż ty w słuchawce mówisz do mnie: «Im dłużej tutaj siedzę Tym bardziej chce do ciebie» W każdy dzień i w każdą noc chciałbym być w pobliżu rąk twych.

Do domu wracam co noc uczę się wciąż bez ciebie żyć. Myślami do domu wracam co noc, tam gdzie twój głos otula mnie... A wszystko, co usłyszeć chcę już dawno ciszą stało się Nie umiem patrzeć ani kochać mniej.

Wcale nie jest lżej kiedy szept już nie budzi mnie. i choć mnie nie ma rok zapach kawy jest ten sam lecz smakuje dziwnie tak...Wszystko co usłyszę zamienia się w ciszę.

Усе сышлі адсюль, дрыжачы голас, калі ты развітвалася. На кухні знік ток, талерка зноў пустая, я, відаць, не магу адзін есці. Магчыма, я зашмат хацеў бы, быць з табой за абедам, глядзець у вочы, калі ты паўтараеш мне па тэлефоне: «Чым даўжэй я тут сяджу, тым больш хачу да цябе». Кожны дзень і кожную ноч я хацеў бы быць побач з тваімі рукамі.

Я кожную ноч вяртаюся дадому, вучуся жыць без цябе. Думкамі кожную ноч вяртаюся дадому, дзе ахутвае мяне твой голас... І ўсё, што я хачу пачуць, даўно стала цішынёй, я не магу ні глядзець, ні любіць менш.

Зусім не лягчэй, калі шэпт ужо не будзіць мяне. І хоць мяне няма ўжо год, але пах кавы той жа, хаця смак дзіўны... І ўсё, што я хачу пачуць, даўно стала цішынёй, я не магу ні глядзець, ні любіць менш. Усё, што я пачую, ператвараецца ў цішыню.

Wszyscy poszli stąd – усе адсюль сышлі. Я хачу звярнуць вашу ўвагу на дзеяслоў пайсці, але ў іншай форме – (мы) пайшлі. Беларус можа выкарыстаць гэтае слова – пайшлі, па аналогіі з расійскай мовай, у загадным ладзе – пайшлі як сінонім да хадзем. І гэта не будзе моцна рэзаць вуха, а вось у такім значэнні на польскай мове дадзеную форму дзеяслова ісці – poszli – нельга ўжываць. Толькі chodźmy у значэнні «хадзем».

Sam nie umiem jeść – я адзін не магу (не ўмею) есці. Займеннік sam можа азначаць як «адзін, адзінокі», так і самастойны, без дапамогі іншых асобаў. Напрыклад:

Wnuczek już taki duży, sam chodzi – унучак ужо такі вялікі, сам ходзіць.

Mąż jej umarł, została całkiem sama na świecie – муж у яе памёр, засталася зусім адна на свеце.

Gdy żegnałaś się – калі ты развітвалася. Выраз żegnać się мае таксама іншае значэнне – хрысціцца, хаця часцей ужываецца форма przeżegnać się – перахрысціцца.

Im dłużej tutaj siedzę – чым даўжэй тут сяджу. Палякам здараецца карыстацца расійскай (ці беларускай) канструкцыяй са словам чым, а не im, але граматычна правільна казаць “im dłużej, tym lepiej”, а не “czym dłużej, tym lepiej”.

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы