Па просьбе Папы Францішка з чэрвеня Гістарычны архіў Дзяржаўнага Сакратарыята Святога Пасаду размясціў на сваім вэб-сайце рэпрадукцыю серыі дакументаў з Пантыфікату Пія XII. Там сабраныя просьбы аб дапамозе ад габрэяў з усёй Еўропы.
Як гаворыцца ў прэс-рэлізе, прадстаўленым журналістам, дакументы даступныя ў інтэрнэце па адрасе https://tinyurl.com/2z3e8ae9.
Архіўная серыя налічвае агулам 170 тамоў, што ў лічбавым выглядзе адпавядае колькасці амаль 40 тысячам файлаў.
На пачатку, як патлумачылі ў Ватыкане, будзе даступна 70 працэнтаў сабранага матэрыялу, які будзе дапоўнены апошнімі тамамі, якія зараз рыхтуюцца.
Сакратар па сувязях з дзяржавамі ў Дзяржсакратарыяце арцыбіскуп Пол Рычард Галахер патлумачыў, што запыты тычыліся атрымання візы або пашпарта для выезду, прытулку, уз'яднання сямʼі, вызвалення з-пад варты, пераводу з аднаго канцлагера ў іншы, атрымання навін аб дэпартаваным, просьба аб прадуктах харчавання або адзенні, матэрыяльнай дапамозе, духоўнай падтрымцы.
Гэтыя просьбы былі накіраваныя ў Дзяржсакратарыят Святога Пасаду, дзе былі створаны дыпламатычныя каналы для аказання дапамогі, «з улікам складанасці палітычнай сітуацыі ў глабальным маштабе», падкрэсліў Галахер.
Дакументы сведчаць, што ў некаторых выпадках удалося аказаць канкрэтную дапамогу.
У сакавіку 2020 г. Ватыкан перадаў даследчыкам усе архівы Пантыфікату Пія XII, які ўзначальваў Каталіцкі Касцёл у 1939-1958 гг. Тады ў Ватыкане падкрэслілі, што гэтыя дакументы абвяргаюць «чорную легенду» пра Папу Пачэлі, якога абвінавацілі ў недастатковай дапамозе падчас Галакосту.
ав