Беларуская Служба

Польскі гісторык: Русь была ў нас, а не ў Масковіі

21.07.2022 16:31
Жыгімонт Аўгуст быў упэўнены, што руская традыцыя — «яго», маўляў, хто валодае Кіевам, той валодае Руссю, той і ёсць Руссю, тлумачыць польскі гісторык Херонім Граля.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Х.Граля пра Русь і Рэч Паспалітую.
-   (  ,  ,   ). XVI .   1944 .    .
Свята-Дабравешчанская праваслаўная царква (Супрасль на Падляшшы, у Польшчы, першапачаткова ў ВКЛ). XVI ст. Разбурана ў 1944 г. Адноўлена ў нашы дні.Pixabay.com

Адно з актуальных пытанняў у кантэксце цяперашняй вайны Расіі супраць Украіны: навошта Расіі ўкраінскія, а таксама беларускія землі? Для разумення гэтага трэба перанесціся на пяцьсот гадоў назад...

Музей Варшаўскага ўніверсітэта, Цэнтр даследаванняў культуры Варшавы Варшаўскага ўніверсітэта і Асацыяцыя музеяў пры ВНУ арганізавалі лекцыю вядомага польскага славіста, а таксама дыпламата, выкладчыка факультэта Artes Liberales («Свабодных мастацтваў») Варшаўскага ўніверсітэта Хероніма Гралі пра месца ўкраінскіх (і шырэй — рускіх, г.зн. і беларускіх) зямель у шматвяковым супрацьстаянні дзяржавы Ягелонаў, Рэчы Паспалітай і Масквы, як у тэрытарыяльным і ваенным аспекце, так і ў ідэалагічным кантэксце (кіеўская традыцыя, спадчына Рурыкавічаў, іншая грамадска-палітычная, цывілізацыйная і рэлігійная праблематыка).

Варта сказаць некалькі слоў пра Хероніма Гралю. Ён аўтар трох кніг і некалькіх соцень артыкулаў у польскіх і замежных навуковых выданнях. Вучоны з’яўляецца членам Камісіі гісторыкаў Польшчы і Расіі, былым дырэктарам Польскіх інстытутаў у Санкт-Пецярбургу і Маскве, былым першым саветнікам пасольства Рэспублікі Польшча ў Маскве.

Херонім Граля:Прынамсі з 1520-х гг. час ад часу з'яўляліся сігналы, што зноў адновіцца вайна дзяржавы Ягелонаў з Масквой, і Масква ўдарыць не па Полацку і ​​Смаленску, а па Кіеве.

Бацьку Івана Грознага, першаму маскоўскаму цару, прыпісваліся намеры ўдару па Кіеве, каб менавіта там каранавацца царом. Навошта? Таму што ён з'яўляўся нашчадкам святога Уладзіміра — хрысціцеля Русі. І толькі Іван Грозны змяніў парадыгму і аб'явіў сябе нашчадкам рымскага імператара Актавіяна Аўгуста.

А калі бацька Івана Грознага лічыў сябе нашчадкам святога Уладзіміра, то хацеў гэта замацаваць у святым градзе Кіеве, дзе стаіць галоўны храм Русі — Сафійскі сабор, узведзены на ўзор Сафійскага сабора «нумар адзін» усяго свету, у Канстанцінопалі.

Херонім Граля падкрэслівае, што сучасная руская імперская ідэя шмат у чым грунтуецца на сярэдневяковых уяўленнях, цесна звязаных з ідэалогіяй «рускай» царквы. І цяпер гэтыя сярэдневяковыя догмы накладваюцца на сучасныя.

Херонім Граля:Калі мы зазірнём у дакументы царкоўнай прапаганды маскоўскага патрыярхата з 2008 г., г.зн. з чарговай гадавіны хрышчэння Русі, ад выступу патрыярха маскоўскага да выступу ў Кіеве прэзідэнта Расіі Пуціна, то мы ўбачым у іх свайго роду прысваенне сабе святога Уладзіміра, які становіцца з рускага расіянінам. А ў дадатак у Маскве будуецца вялізны помнік святому Уладзіміру, яшчэ большы, чым кіеўскі, хоць да Масквы Уладзімір не меў ніякага дачынення.

Херонім Граля звяртае ўвагу на тое, што ў дзяржаве Ягелонаў — Рэчы Паспалітай продкі беларусаў і ўкраінцаў лічылі не Маскву, а сябе «рускімі» і спадкаемцамі традыцыі старажытнай Русі.

Херонім Граля:Для нашых продкаў было відавочна аж да падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя: Русь — гэта мы. А «яны» — гэта Масковія. Польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст быў упэўнены, што руская традыцыя — «яго», бо ён валодаў Кіевам, дзе засяроджвалася ўся руская спадчына. Маўляў, хто валодае Кіевам, той валодае Руссю, той і ёсць Руссю.

А ўжо ў часы Смуты польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза перадаў паслам у Маскву інструкцыю наступнага зместу: «Паны паслы павінны нагадаць у Маскве, што маскоўскія гаспадары ўвесь час дадаюць сабе новыя тытулы, у т.л. незаконна прысвоілі сабе тытул «усяе Русі». Бо на самай справе наш манарх валодае 12 вялікімі рускімі ваяводствамі, а таксама дзвюма рускімі сталіцамі — Кіевам і Галічам і не жадае на шкоду сабе прызнаваць гэты тытул за маскоўскім гаспадаром».

Нагадаю таксама, што прыметнік «рускі» ў тытуле польскага манарха з'явіўся не ў сувязі з польска-літоўскай уніяй, Люблінскай уніяй. Гэта старажытны тытул, які насіў яшчэ апошні кароль з дынастыі Пястаў.

Вяртаючыся ў нашы дні, Херонім Граля прыводзіць прыклад анахранічнага выступлення прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, у якім той сцвярджаў, што нібыта да рэвалюцыі 1917 года для сучасных рускіх Кіеў і Львоў былі «роднымі», «нашымі» гарадамі.

Херонім Граля:Тут мы маем справу з неразуменнем таго, што Галіцыя належала іншай дзяржаве.

Херонім Граля лічыць, што вытокі сучасных падзей трэба шукаць у мінулым, але на аснове фактаў, а не выдумак. Ён звяртае ўвагу на шэраг памылак, зробленых у т.л. палітыкамі і духоўнымі асобамі Рэчы Паспалітай і Рыма. Пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі праваслаўе было дэлегалізавана ў Рэчы Паспалітай. І гэтым скарысталася Масква, якая падтрымала праваслаўныя эліты ў суседняй дзяржаве — на тэрыторыях цяперашняй Украіны і Беларусі, падтрымаўшы выступленні казакоў і пачаўшы вайну супраць Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Андрусаўскага перамір'я 1667 г., а затым міру 1686 г. Рэч Паспалітая абавязалася забяспечыць праваслаўным свабоду веравызнання, а маскоўскі ўрад адказаць узаемнасцю ў адносінах да сваіх каталіцкіх падданых. Але ва ўмовах, калі ў маскоўскай дзяржаве католікаў практычна не было, маскоўскі цар станавіўся свайго роду арбітрам у справах праваслаўных у Рэчы Паспалітай.

Херонім Граля:У той час у Кракаве, Вільні, Варшаве не ўсведамлялі, наколькі гэта небяспечна. А з гэтага часу маскоўскі цар атрымліваў права ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, станавіўся адвакатам і апекуном праваслаўных у Рэчы Паспалітай.

Пры гэтым варта нагадаць, што вайна на Украіне, якая доўжылася 20 гадоў, г.зв. «Руіна», не прывяла да таго, што на бок Масквы перайшлі праваслаўныя эліты і большая частка праваслаўнай іерархіі. Яны па-ранейшаму хацелі заставацца ва ўлонні канстанцінопальскага патрыярхата. І нават на акупіраванай Масквой тэрыторыі супраціўляліся прызначэнню іерархаў Масквой і падчас богаслужэнняў згадвалі цараградскага патрыярха.

Масква гэту спрэчку вырашыла традыцыйным для сябе шляхам. Арбітрам у гэтай спрэчцы павінен быў быць патрыярх іерусалімскі. Масква не толькі дала яму хабар за адпаведнае рашэнне, але і патлумачыла, што калі ён зойме антымаскоўскую пазіцыю, то маскоўскі патрыярхат возьме пад сваю апеку манастыры на Сінаі.

Няўжо гэта нічога не нагадвае? У нашы дні Масква ціснула на антыахійскі патрыярхат праз сірыйскага прэзідэнта Асада, спрабавала ўплываць на канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея праз Афон, атакавала александрыйскага патрыярха «ўсяе Афрыкі» шляхам стварэння на яго кананічнай тэрыторыі місіянерскага цэнтра.

У XVII стагоддзі было прынятае некананічнае рашэнне. Але грэкі так склалі дакумент, што ў ХХ і XXI стагоддзі змаглі яго адмяніць (падчас аднаўлення аўтакефальных цэркваў у Польшчы і Украіне. — Рэд.).

Аднак як павінна была паводзіць сябе руская іерархія, эліта Рэчы Паспалітай, аддадзеная як авечкі маскоўскаму пастыру — з-за граніцы сваёй дзяржавы?

У гэтых умовах многія праваслаўныя роды Рэчы Паспалітай, якія супраціўляліся Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., — Шумлянскія, Шаптыцкія і інш., пераходзяць у унію. Бо грамадзянская пазіцыя рускай эліты Рэчы Паспалітай патрабавала ад яе пазбегнуць пагрозы ўплыву звонку.

Такім чынам, многія выдатныя рускія роды ў Рэчы Паспалітай, гэта значыць продкі ўкраінцаў і беларусаў, усведамлялі важнасць сваёй самастойнасці і незалежнасці ад Масквы ўжо ў XVI-XVII стагоддзях.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Яшчэ ў XVI ст. нават у Польшчы не ўсе разумелі агрэсіўную сутнасць Масковіі

02.06.2022 16:02
Калі вялікапольская шляхта прапаноўвала на польска-літоўскі трон Івана Грознага, беларуска-ўкраінскія паны гэтаму супраціўляліся, бо ведалі сутнасць Масквы, адзначае гісторык Херонім Граля.