Беларуская Служба

Свет пабачыла кніга «Рэлігійнае жыццё падчас Варшаўскага паўстання»

25.09.2022 09:17
Нягледзячы на баі падчас Варшаўскага паўстання адбываліся хрышчэнні і шлюбы, цэлебравалася Імша.
Аўдыё
  • Свет пабачыла кніга «Рэлігійнае жыццё падчас Варшаўскага паўстання»
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Ri_Ya/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кніга Марцэліны Капроўскай «Рэлігійнае жыццё падчас Варшаўскага паўстання» паказвае, што пасля 1 жніўня 1944 года рэлігійнасць паўстанцаў і жыхароў горада ўзрасла. Гэта першае падобнае выданне, якое ўсебакова асвятляе рэлігійныя практыкі падчас гэтага антынацысцкага паўстання.

Марцэліна Капроўска расказвае, што пераважная большасць святароў засталася ў горадзе пасля выбуху паўстання. Многія з іх аддалі жыццё, выконваючы духоўнае служэнне:

-Пераважная большасць засталася ў Варшаве, нават тыя, хто не меў такога абавязку, паколькі 1 жніўня знаходзіліся ў Варшаве выпадкова. Яны служылі вернікам, кожны па меры сваіх магчымасцяў. Часта вельмі па-геройску. Айцец Міхал Чартарыйскі, цяпер блаславёны Каталіцкага касцёла, прыехаў у Варшаву да лекара і знаёмых і застаўся на Павіслі. Ён быў там капеланам у паўстанцаў, пасля паўстання застаўся з параненымі і быў забіты немцамі.

Аўтар расказвае, што ёсць таксама інфармацыя аб рэлігійных настроях не толькі католікаў і іншых хрысціян, але і мусульман. У батальёне Леха Гжыбоўскага, які ваяваў у цэнтры, ваявалі польскія татары, з якімі быў іх мула:

-Мула падчас паўстання загінуў, гэта сталася некалькі дзён пасля смерці капелана таго батальёну. Камандзір батальёна расказваў, што татары вельмі хацелі, каб мулу пахавалі побач са святаром. Яны неяк адчувалі, што духоўная апека мулы і святара – вельмі падобныя, што яны служылі адной мэце.

Прафесар Павел Скібіньскі падкрэслівае, што тэма рэлігійнасці падчас Варшаўскага паўстання раней не даследавалася ў такім ключы, хоць існуе шмат крыніц:

-У музеі ёсць некалькі тысяч сведчанняў удзельнікаў паўстання. Гэты шыкоўны збор, калі яго вывучаць пад гэтым контам, мае шмат сведчанняў аб рэлігійным жыцці. Марцэліна Капроўская пазнаёмілася з усімі сведчаннямі. Таму гэта не пытанне, што крыніц няма. Толькі трэба гэтыя крыніцы сабраць.

Да кнігі прыкладаецца арыгінальная мапа 376 месцаў, дзе падчас паўстання адбываліся Імшы. Еўхарыстыя цэлебравалася не толькі ў касцёлах, але і ў шпіталях, сутарэннях і нават у барах і кінатэатры.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры