Сёння я запрашаю ў Фромбарк(Frombork) – турыстычны горад, які знаходзіцца ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве, на беразе Віслінскага заліва. Горад у першую чаргу асацыюецца з постаццю сусветна вядомага астранома Мікалая Каперніка. Менавіта тут Капернік сфармуляваў свае найважнейшыя тэарэмы; у яго гонар названы многія мясцовыя помнікі.
Дуб «Мікалай» у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Першыя згадкі пра Фромбарк датуюцца 1278 годам. Пасля разбурэння кафедры ў непадалёкім Браневе ў 1275 годзе вармінскі біскуп Генрык Флемінг вырашыў перанесці капітул і пабудаваць кафедру менавіта ў Фромбарку. У выніку ўзніклі дзве самастойныя адзінкі: кафедральны комплекс на ўзвышшы і горад, размешчаны на беразе Віслінскага заліва. У адзін комплекс яны былі аб'яднаныя толькі ў канцы XIX стагоддзя, а адміністрацыйнае абʼяднанне адбылося ў 1926 годзе.
Нямецкая назва горада Фраўенбург(Frauenburg) адносілася да Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Фромбарк атрымаў гарадскія правы ў 1310 годзе. Пасля падпісання Торуньскага міру 1466 годзе, горад апынуўся на тэрыторыі Кароны Каралеўства Польскага.
Месца пахавання Мікалая Каперніка, Кафедральны комплекс у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 1510-1543 гадах Мікалай Капернік жыў і працаваў у кафедральным комплексе як член Вармінскага капітула. Менавіта тут ён напісаў свой найважнейшы навуковы твор: «Пра кручэнне нябесных сфер». Пасля смерці ў 1543 годзе Мікалай Капернік быў пахаваны ў мясцовай кафедральнай базіліцы.
Кафедральны комплекс у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Падчас Шведскіх войнаў Фромбарк зведаў шмат разбурэнняў, што выклікала яго эканамічны заняпад. Пасля першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе горад быў далучаны да Прусіі і цягам чарговых стагоддзяў пачаў страчваць свой ранейшы статус. Аднак канец ХІХ стагоддзя і адкрыццё чыгуначнай лініі, прычынілася да развіцця турызму ў Фромбарку.
Падчас Другой сусветнай вайны горад быў значна пашкоджаны, асабліва ў раёне ніжняй тэрасы.
Кафедральны комплекс пацярпеў менш. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Фромбарк быў нанава далучаны да Польшчы, а ў 1959 годзе – зноў атрымаў гарадскія правы.
Кафедральны комплекс у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Найбольш каштоўным помнікам Фромбарка зʼяўляецца кафедральны комплекс на ўзвышшы, у склад якога ўваходзяць, сярод іншага, Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Андрэя з капліцай святога Збавіцеля пабудаваны ў XIV стагоддзі. Унутры базілікі можна ўбачыць, між іншым, цудоўны арган з сярэдзіны XVII стагоддзя, гістарычныя капліцы, шматвяковыя скульптуры і прыгожы галоўны алтар.
Кафедральны комплекс у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У склад комплекса ўваходзіць таксама шэраг іншых будынкаў – гэтак званых каноній і Вежа Каперніка, якая памылкова лічыцца яго былой абсерваторыяй, але на самой справе зʼяўляецца яго афіцыйнай рэзідэнцыяй у абарончых сценах кафедральнага комплекса на выпадак вайны. Гэта адзін з найстарэйшых будынкаў на кафедральным узвышшы.
Кафедральны комплекс у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сваю чаргу ў былым Палацы біскупаў размяшчаецца Музей Мікалая Каперніка. Экспазіцыя тычыцца не толькі жыцця і дасягненняў вядомага астранома, але таксама гісторыі і рэгіянальнай культуры. Яна была заснаваная яшчэ ў 1948 годзе.
Званіца, якую называюць таксама Вежай Радзеёўскага – гэта самы высокі будынак Кафедральнага комплекса. На першым паверсе згаданага гатычна-барочнага будынка знаходзіцца музей-планетарый і маятнік Фуко – прыбор для назірання за кручэннем Зямлі. Тут на вышыні 70 метраў над узроўнем мора ёсць назіральная пляцоўка, з якой можна палюбавацца панарамай наваколля Фромборка.
Кафедральны комплекс у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Апрача таго ўвагі заслугоўваюць таксама мясцовыя могілкі, капліца, пячора, касцёл святога Мікалая, бальніца Святога Духа, Парусная вежа з XV стагоддзя і рэнесансная, мураваная, воданапорная вежа XVI стагоддзя. Гэта самая старая воданапорная вежа ў Польшчы і другая сістэма водазабеспячэння такога тыпу ў Еўропе. У цяперашні час гэты будынак служыць як назіральная вежа, галерэя і кафэ.
У сваю чаргу ў Паўднёвай браме з XIV стагоддзя размяшчаюцца, сярод іншага, галоўная каса музея і пункт продажу музейных выданняў.
Фромбарк/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта прыглядзецца таксама да гарадской плошчы ў Фромбарку, якая навязвае да Сонечнай сістэмы. У цэнтры знаходзіцца фантан з падсветкай, а вакол яго размешчаны акружнасці з цёмнага граніту, якія адлюстроўваюць арбіты. На арбітах знаходзіцца восем лавак, якія навязваюць да васьмі планет. На той, якая сімвалізуе Зямлю, усталяваная бронзавая фігура Мікалая Каперніка, які глядзіць у бок Кафедральнага комплекса.
Кафедральны комплекс у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта дадаць, што менш чым у 2 кіламетры на поўдзень ад кафедральнага ўзвышша ў Фромбарку, у мястэчку Ронін знаходзіцца «Астранамічны парк» Музея Мікалая Каперніка.
Аднак Фромбарк – гэта не толькі славуты Мікалай Капернік. Штогод у кафедральнай базіліцы праходзіць вядомы Міжнародны фестываль арганнай музыкі. Гэта адзін з найстарэйшых арганных фестываляў у Еўропе. Удзельнікі конкурсу іграюць на гістарычным інструменце, які быў пабудаваны ў сярэдзіне XVІІ стагоддзя. Мерапрыемства прыцягвае арганістаў з усяе Польшчы і замежжа. Падчас фестывалю таксама выступяць і іншыя інструменталісты, салісты і хоры.
Кафедральны комплекс у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Фромбарк мае курортны характар – тут працуюць санаторыі, а некалькі гадоў таму была створана адмысловая «санаторная зона актыўнага адпачынку», якая ўключае прыгожы гарадскі пляж і прылеглыя тэрыторыі, у тым ліку набярэжную, трэнажорную залу на адкрытым паветры і спартыўныя пляцоўкі для камандных відаў спорту.
Порт у Фромбарку/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сваю чаргу марскі порт у Фромбарку прапануе суднаходныя экскурсіі па Віслінскім заліве. У порце турысты могуць таксама купіць свежую рыбу. Фромбарк – гэта таксама папулярнае месца сярод аматараў водных відаў спорту.
Анна Задрожна