Журналіст Аляксей Дзікавіцкі выдаў трэцюю кнігу на палескай гаворцы – «Полэшук 2.0». Дзве папярэднія – гэта «Оньдэ» і «Світомузыка».
«Оньдэ» - гэта зборнік апавяданняў і вершаў, «Світомузыка» - вершы і пераклад сусветнавядомых рок-гітоў. Што сабой уяўляе трэцяя кніга?
- На пытанне, пра што гэтая кніга, я жартую часам: ні пра што, бо гэта паэзія. Гэта не аповесць, якая мае свой наратыў. Гэта вершы апошніх двух гадоў, які для мяне важныя асабіста, бо гэта закрыццё пэўнага этапу ў жыцці. Гэта вершы перадусім пра пачуцці, пра змаганне са светам, каторы вакол нас, ну і самім сабой.
«Полэшук 2.0», як і першыя дзве кнігі, напісаныя на палескай гаворцы. Для вас гэта дыялект, гаворка, мова?
- Пару гадоў таму ў Празе я пачуў ад адной адмысловец, якая займаецца пытаннямі дыялектаў, і яна мне сказала такую фразу, каторая мне вельмі спадабалася. А менавіта яна сказала, што калі на дыялекце ці гаворцы паўстае літаратура, то значыць гэта мова. Таму я цяпер за спакойным сумленням кажу, што гэта мова.
Аляксей, мы ведаем пра стаўленне дзяржавы да беларускай мовы. Ці вы можаце нешта сказаць пра стаўленне да палескай гаворкі?
- Мне падаецца, што ніякага стаўлення няма. Мы ж ведаем, што ў Беларусі, на жаль, знішчаецца ўсё, што беларускае, а што тут казаць пра рэгіянальную мову? Гэта развітыя дзяржавы, якія шануюць уласную мову, патрымліваюць рэгіянальныя дыялекты, гаворкі. Я ж памятаю, у савецкія часы было заўсёды так: гэта вясковая мова, гэта сорамна. І я думаю, што ўлады вяртаюць той наратыў, якія мы памятаем з савецкай школы. А ён быў такі: уся выбітная, вялікая літаратура толькі на рускай мове. А па беларуску – фальклор, лапці і гэтак далей. Не думаю, што ёсць некая патрымка. Не ведаю, ці мая першая кніга ёсць у бібліятэцы ў Пінску, хоць я яе перадаваў.
Чаго вы жадалі б для палескай гаворкі ў новай Беларусі?
- Каб людзі, якія ўсё яшчэ карыстаюцца гэтай гаворкай, спакойна на гэтай гаворцы размаўлялі, каб дзяржава рэальна рабіла нейкія захады, каб даць гэтаму рэгіёну культурна-этнічную аўтаномію. Не ў сэнсе межаў, а дзяржаўнай падтрымкі. Я б хацеў, каб краіны, на тэрыторыі, дзе ёсць Палессе - Беларусь і Украіна - падтрымлівалі рэгіён з двух бакоў, бо гэта адна і тая ж культурная прастора. І я думаю, што ён мае вялікі патэнцыял не толькі культурны, але і турыстычны.
Поўная размова і вершы, якія чытае сам Аляксей Дзікавіцкі, слухайце ў далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё