Беларуская Служба

Дзвяжуты – невялікая мазурская вёска з багатай гісторыяй(ФОТА)

03.03.2023 14:01
Побач з гістарычным евангельскім касцёлам знаходзяцца старыя парафіяльныя могілкі – адны з найлепш захаваных евангельскіх могілак на Мазурах.
Аўдыё
 -      -
Дзвяжуты - гэта маляўнічая вёска ў Вармінска-Мазурскім ваяводствеAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Дзвяжуты (Dźwierzuty) – гэта маляўнічая вёска ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве, распаложаная ў 18 кіламетрах на поўнач ад Шчытна (Szczytno) па дарозе ў Біскупец (Biskupiec). Акружаныя навакольнымі лясамі і азёрамі, Дзвяжуты становяцца ўсё больш папулярнымі сярод турыстаў, якія шукаюць спакою і адпачынку ад натоўпу ў больш папулярных суседніх гарадах рэгіёну. Невялікая вёска можа пахваліцца значнай колькасцю помнікаў, якія заслугоўваюць увагі гасцей і багатай гісторыяй.

Назва Дзвяжуты – гэта паланізаваная старажытнапруская назва Swersutten (ням. Mensguth). Варта згадаць, што ля Дзвяжутаў былі знойдзеныя сляды ранняга паселішча перыяду культуры шнуравога посуду, у тым ліку баявыя сякеры.

Дзвяжуты/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Да тэўтонскага перыяду гміна Дзвяжуты, як і суседнія гміны павета, уваходзіла ў склад Галіндыі, то бок адной з зямель у паўднёвай частцы Прусіі, а потым у склад Шчыценскага рэгіёну, дзе пасяляліся тэўтонскія рыцары за ваенныя заслугі. Таму пачатак большасці гарадкоў у рэгіёне адносіцца менавіта да XІV і XV стагоддзяў.

Менавіта маёнтак Дзвяжуты каля 1374 года заснаваў рыцар Мэнцэль фон Вільдэнаў(Mentzel von Wildenau). Першапачаткова ён пабудаваў тут невялікі замак, у якім пазней пражываў таксама ягоны сын Філіп. Сама вёска верагодна ўзнікла напрыканцы XIV стагоддзя. У 1399 годзе ў Джвяжутах быў пабудаваны першы касцёл.

У першай палове XV стагоддзя Дзвяжуты мянялі ўладальнікаў. Адным з якіх быў Мікалай з Таргова. У гэтым часе вёска даволі добра развівалася. Тут пасяляліся пчаляры і гандляры, якія выкарыстоўвалі размяшчэнне вёскі на гандлёвым шляху.

Дзвяжуты - евангельскі касцёл /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты - евангельскі касцёл /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У гэтым часе ў вёсцы была пабудаваная карчма і першы вадзяны млын. Дарэчы сучасны герб гміны Дзвяжуты навязвае менавіта да гэтай традыцыі. У XVІ стагоддзі Дзвяжуты былі адной з самых шматлюдных вёсак Шчыценскага павета.

Аднак развіццё вёскі перапыніла татарскае нашэсце ў 1657 годзе, пасля якога ў Дзвяжутах засталіся толькі чатыры гаспадары. Вялікія страты вёсцы і ейным жыхарам нанесла эпідэмія чумы ў 1709 годзе.

У канцы XVІІ стагоддзя на месцы раней згарэлага касцёла, быў пабудаваны новы евангельскі касцёл. Тут варта дадаць, што ў 1763-1768 гадах евангельскім пробашчам у Дзвяжутах быў Ёган Самуэль Грэгаровіюс(Johann Samuel Gregorovius) аўтар, выдадзенага ў 1763 годзе, адзінага зборніка евангельскіх пропаведзяў на польскай мове.

Дзвяжуты - евангельскі касцёл /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты - евангельскі касцёл /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У 1770 годзе ранг вёскі значна павысіўся з-за стварэння ў ёй дамініі, то бок падатковай установы. У 1880-1884 гадах у Дзвежутах быў пабудаваны каталіцкі касцёл.

На пачатку Першай сусветнай вайны Дзвяжуты акупавалі расійскія войскі пад камандаваннем генерала Мікалая Навасільцава, які кватараваў у мясцовай плябаніі. Толькі дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча, расіяне не знішчылі вёскі. Аднак ужо на наступны раз, то бок у студзені 1945 года, савецкія жаўнеры не абышліся з мясцовымі настолькі ветліва. Яны забілі ў Дзвяжутах каля дзясятка мірных жыхароў.

Дзвяжуты - евангельскі касцёл /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты - евангельскі касцёл /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Пасля заканчэння ваенных дзеянняў Дзвяржуты, апынуліся ў межах польскай дзяржавы. У вёску часткова вярнуліся карэнныя жыхары, сюды перасяляліся палякі з Мазовіі і рэпатрыянты з былых усходніх тэрыторыяў даваеннай Польшчы. Пачалі стварацца структуры польскай дзяржаўнай адміністрацыі.

Дзвяжуты - евангельскі касцёл /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты - евангельскі касцёл /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сярод помнікаў гісторыі ў Дзвяжутах дамінуюць сакральныя аб’екты. Варта пазнаёміцца з мясцовым евангельскі касцёлам у стылі барока з канца XVІІ стагоддзя, пабудаваным на падмурках старой святыні з канца XІV стагоддзя. Храм вылучаецца гатычнай вежай XІV стагоддзя, а таксама сціплым фасадам і арыгінальным інтэр'ерам. Унутры звяртаюць на сябе ўвагу алтар 1599 года і амбон 1725 года і арган з 1750 года. У касцёле захавалася гістарычная дошка ў памяць аб жыхарах, якія загінулі падчас напалеонаўскіх войнаў.

Дзвяжуты - евангельскія могілкі/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты - евангельскія могілкі/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

За касцёлам знаходзяцца адны з найлепш захаваных евангельскіх могілак на Мазурах з каванымі, сталёвымі крыжамі і брацкай магілай трох нямецкіх жаўнераў, якія загінулі ў жніўні 1914 года.

Дзвяжуты/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Побач з касцёлам знаходзіцца дом пробашча з XVІІ стагоддзя і будынак школы сярэдзіны ХІХ стагоддзя з чырвонай цэглы і з каменнымі падмуркамі.

Дзвяжуты - неагатычны каталіцкі касцёл з 1884 года/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты - неагатычны каталіцкі касцёл з 1884 года/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Заслугоўвае ўвагі і неагатычны каталіцкі касцёл з 1884 года. Пабудаваны з чырвонай цэглы, з высокай вежай, паўкруглым прэсбітэрыем з вітражамі і неагатычным абсталяваннем. Побач з касцёлам знаходзяцца каталіцкія могілкі.

Дзвяжуты - неагатычны каталіцкі касцёл з 1884 года/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты - неагатычны каталіцкі касцёл з 1884 года/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У цэнтры вёскі знаходзіцца помнік, першапачаткова прысвечаны жыхарам Дзвяжутаў, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны. Ён быў адкрыты 2 кастрычніка 1927 года, у дзень нараджэння маршала Гіндэнбурга. У 1970 годзе на помніку была ўстаноўлена дошка да 25-годдзя вяртання Дзвяжутаў у Польшчу.

Дзвяжуты - помнік, першапачаткова прысвечаны жыхарам Дзвяжутаў, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты - помнік, першапачаткова прысвечаны жыхарам Дзвяжутаў, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У сваю чаргу ў мясцовай гімназіі, дзейнічае зала памяці Кшыштафа Кленчана – вядомага польскага музыканта і кампазітара, аўтара песняў вядомых гуртоў «Чырвоныя гітары» і «Тры кароны».

Дзвяжуты, як і кожны сур’ёзны горад, мае сваю легенду. Паводле яе, у былым мясцовым бровары пражываў клобук (чорт) у выглядзе птушкі, за якой ляцелі іскры.

Дзвяжуты/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Дзвяжуты – гэта прыгожы турыстычны гарадок, распаложаны сярод азёраў, палёў і лясоў. Ён прапануе турыстам розныя формы адпачынку ў турбазах і на кемпінгах, распаложаных на беразе возера. Горад прыцягвае турыстаў, якія жадаюць адпачыць на ўлонні прыроды, грыбнікоў і аматараў рыбалкі. Для гасцей у рэгіёне падрыхтаваныя байдарачныя шляхі, веласіпедныя дарожкі і адукацыйныя сцежкі.

Дзвяжуты/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Дзвяжуты/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Дзвяжутах штогод ладзіцца Фестываль славянскай і прускай культуры, гэта не толькі турыстычны атракцыён, але і арыгінальны спосаб адукацыі.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Будынак Вялікага тэатра ў Варшаве – сцэна трагічных ваенных падзеяў (ФОТА)

24.02.2023 14:01
Першы спектакль у новаадкрытым тэатры адбыўся 24 лютага 1833 года.