Беларуская Служба

Чаму станцыя па гадоўлі шаўкапрада ў сталіцы Грузіі з'яўляецца часткай польскай культурнай спадчыны?

04.10.2023 10:01
Пра гэта можна даведацца на выставе «Падарожжа ў невядомае з Інстытутам Палоніка».
Аўдыё

. .

Што агульнага паміж дзённікам вядомага этнографа, помнікам інжынерам у Перу і станцыяй па гадоўлі шаўкапрада ў сталіцы Грузіі? Чаму яны з’яўляюцца часткай польскай культурнай спадчыны за мяжой?

З 5 кастрычніка па 29 лістапада 2023 г. у Музеі зямлі Хелмінскай і на Рынкавай плошчы ў Хелмне будзе прадстаўлена выстава. На ёй можна знайсці адказы на агучаныя пытанні.

– Праз выставу мы хочам абудзіць цікавасць да польскай культурнай спадчыны за мяжой і паказаць спектр шматграннай дзейнасці Інстытута Палоніка, – кажа куратарка выставы Анна Рудэк-Смяхоўска. – Мы вядзем гледачоў у падарожжа, неад’емнай часткай якога з’яўляецца Інстытут Палоніка, ініцыятарам якога ў свой час былі палякі: мастакі, аўтары, фундатары, інжынеры. У нашай гісторыі падарожжа становіцца сімвалічным выразам. Гэта частка біяграфіі, гісторыі, падзей, а таксама ўкладаецца ў жыццё самога Інстытута, – дадае куратарка.

Выстава пераносіць гледача ў трынаццаць розных гарадоў свету, у тым ліку: Львоў, Тбілісі, Вільню, Парыж, Нью-Ёрк, з якімі звязана шаснаццаць цікавых гісторый пра сляды польскай матэрыяльнай спадчыны.

Выстава расказвае пра незвычайныя, цікавыя будынкі, карціны, інтэр'еры, надмагіллі, а таксама профілі ўнікальных людзей, чый уплыў на культуру і мастацтва меў вялікае значэнне.

Выстава зʼяўляецца адным з папулярызацыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Інстытуце Палоніка. – Мы хочам прыцягнуць рэцыпіентаў да культуры і мастацтва, каб, падарожнічаючы па свеце, яны звярталі ўвагу на польскія сляды. Гэта вельмі каштоўны і важны досвед, таму што ён пашырае веды і дазваляе па-іншаму зірнуць на навакольны свет, – кажа доктар Магдалена Гутоўска, кіраўнік праграмы папулярызацыі ў Інстытуце Палоніка.

Экспазіцыя мае дзве часткі – адкрытую, якая складаецца з васямнаццаці шырокафарматных стэндаў з прадстаўленымі выбранымі праектамі Інстытута, і мультымедыйную частку, задуманую як майстэрня і адукацыйная пляцоўка, дзе будуць паказвацца фільмы для моладзі і дарослых.

Выстава «Падарожжа ў невядомае з Інстытутам Палоніка» даступна на Google Arts&Culture.

tvp.info/ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры