Сёння вочы мільёнаў людзей на свеце з трывогай пазіраюць у бок Ізраіля, дзе ідзе аперацыя супраць тэрарыстаў, якія напалі на дзяржаву. З гэтае нагоды хочацца ў музычна-моўнай рубрыцы прадставіць вашай увазе кагосьці з прадстаўнікоў гэтай нацыі. І я знайшла інфармацыю пра чалавека, які быў габрэем па нацыянальнасці, але ўнёс вялікі ўклад у польскую масавую культуру.
Агулам, трэба сказаць, што ў міжваеннай Польшчы пражывала вельмі шмат габрэяў, нават да трох мільёнаў чалавек. Апаведна, многія з іх удзельнічалі ў культурным жыцці краіны. Праўда, большасць габрэяў не ведалі добра польскай мовы, але былі таксама асіміляваныя і вельмі творчыя асобы, дзякуючы якім ствараліся шматлікія музычныя хіты.
Адным з такіх людзей, аўтарам тэкстаў быў Анджэй Уласт (Andrzej Włast, сапраўднае імя і прозвішча Густаў Баўмрытэр (Gustaw Baumritter)). Яго сучаснікі казалі, што ён мог напісаць хіт паміж двума глыткамі кавы. Пісаў хутка і шмат, хаця многія крытыкі меркавалі, што не вельмі якасныя тэксты. Яго нават вінавацілі ў графаманіі. Напісаў каля 2 тысяч тэкстаў даваенных песень. Многія з іх, як «Танга Мілонга», «Восеньскія ружы» ці «Ці пані жыве адна?» сталі хітамі. Дарэчы, імя Уласта атаясамліваецца са словам «шлягер». Менавіта ён у 1930 годзе абвясціў конкурс на польскі адпаведнік слова «шлягер». Перамог выраз «przebój», які назаўсёды ўвайшоў у польскую мову і выкарыстоўваецца да нашых часоў. І такія «przeboi» Анджэй Уласт пісаў.
Нарадзіўся 17 сакавіка 1895 года ў Лодзі, адразу пасля заканчэння школы пераехаў у Варшаву, дзе супрацоўнічаў з многімі кабарэ і тэатрамі, сябраваў з вядомым польскім паэтам Юльянам Тувімам. Калі пачалася Другая сусветная вайна, Уласт застаўся ў Варшаве і неўзабаве трапіў у гета. Па адной з версіяў, ён загінуў, калі кінуўся бегчы за вароты гета на вачах гестапаўца.
Уласт, хаця і называлі яго графаманам, быў, можна сказаць, першым свядомым творцам масавай культуры. Уласт тонка адчуваў густы публікі і бессаромна іх эксплуатаваў. А вашай увазе папулярная песня аўтарства Анджэя Уласта «Czy pani mieszka sama?». Спявае Ежы Паломскі.
Gdy młodzieniec ujrzy piękną pani, na ulicy długo chodzi za nią. Patrzy tu i patrzy tam. I do siebie mówi sam: «Skąd właściwie ja tę panią znam?». Jeśli niedostępna jest dziewuszka i zniecierpliwienia daje znak, Komplementy chłopiec szepce jej do uszka. I z galanterią pyta damę tak...
Czy pani mieszka sama czy razem z nim? Czy w domu czeka mama z humorem złym? Koszulka czy piżama jest w łóżku strojem twym? Czy pani mieszka sama czy też z amantem swym? Koszulka czy piżama jest w łóżku strojem twym...
Piękna pani robi oburzoną. Oczy jej w wystawie długo toną. Wpierw ogląda jakiś but, potem bluzkę w sklepie mód. I w ogóle zimna jest jak lód. Niby dumna, widzi chłopca w szybie. Patrzy, jak mu ręce lekko drżą. On zaś pyta – cóż powiedzieć takiej rybie? Miast o pogodę znowu spytam ją...
Калі юнак убачыць на вуліцы прыгожую пані, ён доўга ходзіць за ёю, глядзіць сюды-туды і кажа сабе: «Адкуль я гэтую пані ведаю?». Калі дзяўчына недаступная і дэманстратыўна дае знак раздражнення, хлопец шэпча ёй на вуха кампліменты і галантна пытаецца ў пані так...
Ці пані жыве адна ці з ім? Ці дома чакае мама з дрэнным настроем? Футболка ці піжама – што выбіраеце на начную вопратку? Ці вы жывяце адна ці з каханым?
Прыгожая пані выглядае абуранай. Яе вочы надоўга ўглыбляюцца ў вітрыны. Яна найперш глядзіць на нейкі чаравік, потым на блузку ў моднай краме, і агулам яна халодная, як лёд. Яна быццам бы гордая, калі бачыць хлопца ў шыбе. Глядзіць, як яго рукі крыху дрыжаць, а ён пытаецца – што сказаць такой рыбе? Замест таго, каб зноў спытаць яе пра надвор'е...
Як бачым, тэкст гэтай песні вельмі просты, але многія людзі, слухаючы яго, убачылі ў гэтым звычайную сітуацыю, якая можа здарыцца ў жыцці. Такія лёгкія песні, без прэтэнзіі на філасофію, часта падабаюцца масаваму слухачу і становяцца хітамі.
Młodzieniec ujrzy piękną panią – юнак убачыць прыгожую пані. У гэтым тэксце ёсць словы, якія цяпер ужо радзей выкарыстоўваюцца ў польскай мове. Нельга забываць, што кампазіцыя была напісана яшчэ перад вайной. Напрыклад, выраз młodzieniec – юнак, маладзён. Канешне, кожны паляк разумее, што ён азначае, але маладыя людзі такой лексікай ужо не карыстаюцца, таксама, як дзеяслоў ujrzeć (убачыць).
Skąd właściwie ja tę panią znam – адкуль жа я ведаю гэтую пані. Пані – так у Польшчы кажуць цяпер на кожную жанчыну, а калісьці гэты назоў выкарыстоўвалі толькі ў адносінах замужняй жанчыны, а незамужняя была «паненка». У беларускай мове назоўнік «пані» не скланяецца, а польскай – так.
Niedostępna jest dziewuszka – недаступная дзяўчына. На прыкладзе слова dziewuszka можна прасачыць, як развіваліся аднолькавыя словы ў розных славянскіх мовах. У расійскай мове гэта нейтральны назоў дзяўчыны, а на польскай так ласкава кажуць пра дзяўчынку або ў гутарковай мове пра дзяўчыну. А нейтральны назоў маладой жанчыны –dziewczyna.
Miast o pogodę znowu spytam ją – замест пра надвор’е спытаю яе зноў. Miast – у дадзеным выпадку гэта тое ж самае, што і zamiast.
нг