Беларуская Служба

Беларускі харэограф: «Эміграцыю можна станцаваць. Толькі ў кожнага гэта будзе свой танец…»

13.01.2024 00:13
Ёй няпроста ў эміграцыі, як і многім іншым, але яна шукае розныя шляхі, каб пражыць сваё жыццё цікава і творча. І пры магчымасці абавязкова зрабіць нешта карыснае для Беларусі. 
Аўдыё
  • «Эміграцыю можна станцаваць. Толькі ў кожнага гэта будзе свой танец…»
.
Танец. Ілюстрацыйны здымак Bernard-Verougstraete/pixabay.com/CC0 Public Domain

Як беларуская культура плача ціхенька ў кутку…

Наста па адукацыі - харэограф, скончыла Мінскі каледж мастацтваў, танцамі наагул займалася з пяці гадоў. Са сталіцы яе накіравалі на адпрацоўку ў невялікі раённы горад. У планах было паступаць вучыцца ва ўніверсітэт, але планы, як сама заўважае, змяніла жыццё.

Выкладчыцкая дзейнасць у музычнай школе па 36 гадзін у тыдзень, плюс бясконцыя канцэрты на розных афіцыйных сходах і несуадносны заробак, каб толькі выжыць – з гэтым маладой спецыялістцы давялося сутыкнуцца на пачатку кар’еры.

- Наша ўстанова дадатковай адукацыі лічылася яшчэ вышэйшай па рангу, чым звычайныя школы ці дамы культуры. А там, наагул, атрымлівалі яшчэ меншыя заробкі, чым у нас. Хаця я ніяк не магла ўявіць, як на такія грошы пражыць, мне заўсёды не хапала ад заробку да заробку.

Але гэта не адзінае, да чаго крытычна ставілася маладая спецыялістка. Ёй наагул цяжка было ўспрымаць гэтую штучную шэрую сістэму, у якой чалавек, які працуе ў культуры, нічога не значыць, з ім ніхто не лічыцца. З іншага боку маладой дзяўчыне цяжка было зразумець псіхалогію людзей, якія звыкліся з гэтым і не шукалі ў жыцці нечага іншага, большага.

- Прычым гэтая сістэма – яна такая дурацкая. Усе разумеюць, што гэтыя мерапрыемствы штучныя, і кожны ведае, што мы не павінны перапрацоўваць. А мы ў свае выходныя дні выходзім на гэтыя мерапрыемствы, працуем. А нам ніхто нічога не даплачвае. І ўся гэта дзяржаўная філасофія ніколі не змянялася і дагэтуль такой застаецца: маўляў, так трэба. І мы чамусьці заўсёды павінны і яшчэ ў нечым не дапрацавалі, і намі яшчэ і не задаволеныя. Такая вось дзіўная сістэма, і для мяне яна заўсёды была незразумелая.

Апроч гэтага непрымальным было і стаўленне да маладога спецыяліста непасрэдна ў працоўным калектыве.

- Ці яшчэ гэтыя ўсялякія статусы кшталту – адно, калі старэйшы настаўнік - іншае, калі малады, то і стаўленне да цябе адпаведнае. Кшталту нейкай дзедаўшчыны. Я паважліва стаўлюся да настаўнікаў любых, але таксама бачу, у каго які ўзровень, і калі гэта педагог сапраўдны, то бачна. Але калі сама сябе назвала мэтрам, а праца - нешта зусім мінулае… Тым не менш кіраўніцтва, па незразумелай логіцы, ставіцца лепш да такіх выкладчыкаў.

Усё можа быць інакш

Відавочна, дзяўчына не хацела мірыцца з гэтым, а таму ўжо праз год такой працы знайшла прыватную студыю ў сталіцы і два разы на тыдзень ездзіла туды праводзіць заняткі з тым, каб пасля адпрацоўкі было куды перабрацца. І менавіта ў прыватнай студыі адчула розніцу не толькі ва ўмовах працы, а і ў стаўленні да асобы.

- Мне там вельмі падабалася, зусім іншы падыход. Для працы імкнуцца зрабіць усё неабходнае. А па выніках бачна, як ты працуеш: дзеці ў тваёй групе застаюцца, прыходзяць новыя – гэта сведчыць аб тваёй працы. Да ўсяго, два разы на год былі канцэрты і ўсе мелі магчымасць ацаніць тое, што ты зрабіла. І заўсёды былі вельмі добрыя водгукі ад кіраўніцтва, мы атрымлівалі дадатковыя бонусы, прэміі, падарункі, падзякі. Вельмі прыемна працаваць у такім калектыве – іншае стаўленне да чалавека, іншы фармат мыслення.

У 20-ым у баку не засталася

Пра сябе Наста кажа, што яна чалавек не аселы і заўсёды была ў пошуку новага, імкнулася падарожнічаць і яшчэ да 20-га году хацела змяніць месца жыхарства, праўда, ніколі не разглядала заходнія краіны, якія былі ёй менш вядомыя. Аднак напачатку 20-ы год, а пасля 22-гі скіравалі яе ў бок Захаду. Падыходзіла чарга, за ёй павінны былі прыйсці.

- Я такі чалавек, што не буду маўчаць, а таму была вельмі актыўнай у сацсетках. Пасля ўсіх гэтых падзей людзі затыкаліся, а я проста не магу, ну не магу, мне баліць. Я лічу, важна тое, каб грамадства ведала ўсё, у мяне проста шлюзы тады адкрыліся… Я разумела, што са сваёй свабодай слова доўга там не пратрымаюся.

Падзеі і людзі падштурхнулі да беларускасці

Дарэчы, менавіта ў той час, як згадвае суразмоўніца, пачала звяртацца да беларускай мовы – падштурхоўвалі падзеі і блізкія людзі, якія заўсёды з гэтым жылі, а яна ніяк да гэтага не даходзіла.

- Я больш за ўсё ўдзячна тым людзям, якія выходзілі на акцыі ў 20-ым годзе – ім сапраўды атрымалася данесці сэнсы, якія сталі табе зразумелыя. Раней мае сябры мне ў якасці аргумента прыводзілі існаванне ВКЛ, але праз гэта я так і не адчула патрэбы ў мове. А вось у 20-м годзе я пабачыла канкрэтна гэтую неабходнасць. У мяне сапраўды адкрыліся вочы.

Наста згадвае, што тыя падзеі 20-га году зрабілі на яе вялікае ўражанне, яна моцна хвалявалася за людзей, не магла змірыцца з катаваннямі і прыніжэннямі. З іншага боку яна ўпершыню ў жыцці адчула небывалую салідарнасць паміж людзьмі. І кажа, што гэта не забываецца. І наагул прызнаецца, што пасля гэтых падзей сама стала іншым чалавекам.

- З таго моманту я зразумела, што ўсё змянілася. Калі раней мне было з большага ўсё роўна, то пасля тых падзей усё, што я кажу і раблю – гэта праз прызму тых падзей. Мне не ўсё роўна і дагэтуль.

І такім чынам, як заўважае дзяўчына, у яе абудзілася нацыянальная свядомасць, якая ў эміграцыі яшчэ больш узмацнілася. Вось так крок па кроку і цяпер яна ўсе свае сацсеткі вядзе па-беларуску. І наагул лічыць, што можна колькі заўгодна ў гэтым пытанні наракаць на дзяржаву, але трэба, паводле яе, заўсёды пачынаць з сябе.

- Усё, што я цяпер раблю, яно з большым сэнсам. Бо творчасць таксама складаецца з тваіх эмоцый. Памятаю, як перад адным танцам на справаздачным канцэрце я па сюжэту зрабіла, што сцюардэса выходзіць да людзей і аб’яўляе, каб прышпілілі рамяні. Там, дарэчы, музыка была амерыканская, танец у стылі лаціна, але я выйшла з мікрафонам і ўвесь тэкст прагаварыла па-беларуску. І потым зразумела, што інакш больш не можа быць. Мы беларусы – і ўсё.

Тут больш свабоды і магчымасцяў

У Польшчы Наста думала, што хутка ўсё зменіцца і яна вернецца дамоў. Аднак з часам зразумела, што купіць білет на цягнік у Беларусь хутка не ўдасца. Пачалося будзённае эмігранцкае жыццё. Уладкавацца на працу паводле прафесіі не ўдалося, але прафесійнай справай займаецца ў асяроддзі беларускіх эмігрантаў: удзельнічае ў канцэртах, спрабуе рабіць сумесныя праекты з іншымі творчымі людзьмі.

- Я працую няняй, адкрыла тут для сябе цікавую прафесію. Галоўнае, што гэта я ўмею рабіць, у мяне атрымліваецца. Канешне, гэта не праца маёй мары, але за гэта плацяць грошы і можна пражыць. А другое, праз інстаграм набіраю групу жадаючых вучыцца танцам. Гэта дадатковы заробак і плюс творчасць.

Дзяўчына кажа, што па свайму характару ўвесь час у новым пошуку. Калі загаварылі пра Беларусь, то, вядома, сумуе па блізкіх, родных, сябрах, але імкнецца рэальна ацэньваць, што адбываецца навокал.

- Тым не менш, нягледзячы ні на якія складанасці, розныя настроі – усякае ж ёсць. І сумуеш, і цяжка бывае, і нейкія бытавыя праблемы – усё роўна я для сябе вырашыла, што мне тут лепей, чым бы я засталася, бо тут для мяне больш свабоды, больш магчымасцяў.

На развітанне пацікавіўся ў Насты – ці магла б яна станцаваць такую з’яву, як эміграцыя? Дзяўчына непадробна ўсміхаецца.

- Канешне, усё можна станцаваць. Проста эміграцыя – гэта агульная тэма, але можна многа розных падтэм вылучыць, выбраць што табе бліжэй і паставіць на гэтай аснове канкрэтны танец. І станцаваць на гэтую тэму шмат аб чым можна. Прычым, і сола, і з некім…

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл