Руіны тэўтонскага замка ў горадзе Шчытна – адзін з найкаштоўнейшых помнікаў абарончага дойлідства на Мазурах. Размешчаныя ў цэнтры горада замкавыя руіны, сведчаць аб багатай гісторыі рэгіёна, а сучаснае выкарыстанне аб’екта, пасля ўдалай рэвіталізацыі, прычыняецца да таго, што гэта важнае месца на культурнай мапе, якое прыцягвае турыстаў і аматараў гісторыі з усяе Польшчы.
Тэўтонскі замак у Шчытне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Гісторыя тэўтонскага замка ў Шчытне пачынаецца з сярэдзіны XIV стагоддзя, то бок часоў, калі на тэрыторыі паміж Малым і Вялікім азёрамі рыцары пабудавалі драўляную назіральную вежу, з мэтай павышэння бяспекі на галоўных гандлёвых шляхах. Пазней быў пабудаваны драўляны замак, спалены падчас літоўскага нашэсця ў 1370 годзе. На яго месцы ордэн вырашыў пабудаваць замак з каменю і цэглы. Аб’ект быў дастаткова пышны і, што цікава, на гэты час даволі сучасны, кажа супрацоўнік Гарадскога дома культуры і рэканстроктар, у прыватнасці комтур 34-й Камандорскай харугвы і горада Шчытна Гжэгаж Дрэнжэк (Grzegorz Drężek):
- Рэвіталізацыя руінаў замка, закончаная тры гады таму, даказала, што гэта быў даволі буйны аб’ект. Апрача таго, як памежнае ўмацаванне, ён характарызаваўся высокай абароннасцю, але і камфортам. Адной з цікавінак, адкрытых падчас рэвіталізацыі, быў факт, што данскер – тагачасная прыбіральня, знаходзіўся суцэльна па-за абарончымі мурамі. Данскер выходзіў непасрэдна ў воды возера. Менавіта такое сучаснае архітэктурнае рашэнне сустракалася толькі ў некалькіх найбольш сучасных замках тэўтонскага ордэна.
Тэўтонскі замак у Шчытне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Замак належаў эльблёнскім комтурам і быў рэзідэнцыяй пракурораў. Падчас вайны Польшчы з Тэўтонскім ордэнам быў заняты польскімі войскамі і на кароткі час перададзены мазавецкаму князю. Паводле Торуньскага міру 1466 года ўвайшоў у склад Прусіі.
Тэўтонскі замак у Шчытне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пасля секулярызацыі Прусіі ён стаў рэзідэнцыяй старасты, а затым, па просьбе прынца Георга Фрыдрыха, служыў у якасці паляўнічай сядзібы. У 1579-1581 гадах аб’ект быў перабудаваны, набыўшы характар рэзідэнцыі:
- Між іншым, з-за таго, што мяжа паміж Каронай Каралеўства Польскага і Тэўтонскім ордэнам перасунулася далей ад Шчытна ў напрамку Варшавы, замак страціў сваё абарончае значэнне і набыў характар рэзідэнцыі. Прыгожа распаложаны паміж азёрамі і густымі лясамі, багатымі дзічынай, замак у Шчытне выконваў таксама функцыю паляўнічай сядзібы Гагенцолернаў. Аб’ект таксама паступова траціў свой сярэднявечных выгляд. Быў неаднаразова мадэрнізаваны. Аднак пасля пераезду Гагенцолернаў, замак пачаў разбурацца, у чым яму таксама эфектыўна дапамагалі жыхары мясцовага горада, які дынамічна развіваўся. Можна сказаць, што заняпад замка працягваўся з пачатку XVIII стагоддзя. Варта ўспомніць, што ў міжваенным перыядзе тут размяшчалася сядзіба Heimatmuseum, то бок рэгіянальнага музея.
Тэўтонскі замак у Шчытне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 1639 годзе на замку ў Шчытне гасціў сам кароль Польшчы Уладзіслаў IV. Афіцыйнай мэтай візіту было паляванне ў мясцовай пушчы, аднак насамрэч кароль і курфюрст, інакш князь-выбаршчык Георг Вільгельм Гагенцолерн, сустрэліся, каб таемна абмеркаваць справу аб падрыхтоўцы правакацыі ў Інфлянтах, накіраванай супраць шведаў, нагадвае Гжэгаж Дрэнжэк:
- Да нашых часоў не захаваліся практычна ніякія гістарычныя дакументы, якія апісвалі б замак часоў сярэднявечча. Таму і згадак, пра падзеі, якія ў ім адбываліся, таксама мала. Аднак у польскіх хроніках згадваецца, што перад Шведскім патопам тагачасны польскі кароль сустрэўся з князям-выбаршчыкам, каб абмеркаваць спосабы затрымання шведаў, або папераджальнага наступлення на іх.
Тэўтонскі замак у Шчытне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
З боку возера, па драўляным мосце, можна дабрацца да выставачнай залы, якая знаходзіцца пад замкавымі руінамі. Там экспануюцца не толькі артэфакты 34-й Камандорскай харугвы і горада Шчытна, уключна з даспехамі, але таксама экспанаты знойдзеныя падчас раскопак, праведзеных падчас рэканструкцыі замкавых руінаў:
- Гэта, між іншым, зашпількі, манеты, наканечнікі коп'яў для арбалетаў, таксама дэкаратыўная цэгла. Усё знойдзенае падчас рэвіталізацыі нашага замка і паходзіць з раскопак, праведзеных вакол умацавання. Гэта нашыя, мясцовыя помнікі.
Тэўтонскі замак у Шчытне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Зараз руіны замка ў Шчытне можна наведваць, як індывідуальна, так і з гідам, з якім варта раней дамовіцца ў Гарадскім доме культуры:
- У руінах ёсць ліфт, якім могуць скарыстацца асобы з абмежаванымі магчымасцямі, каб спусціцца ў замкавыя падвалы. У кожным памяшканнi ёсць дошка з адпаведнымі інфармацыямі. Адначасова мы можам арыентавацца на запіс, які ідзе з гучнагаварыцеляў. Можна таксама спампаваць адпаведнае прыкладанне з аўдыя-гідам на свой тэлефон.
Тэўтонскі замак у Шчытне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Гаворачы пра тэўтонскі замак у Шчытне, мы не можам забываць таксама пра Генрыка Сянкевіча, дзякуючы якому ён стаў вядомым на ўсю Польшчу. Гэта дзякуючы таму, што пісьменнік разгарнуў тут дзеі свайго гістарычнага рамана «Крыжакі». Тут таксама здымалі фільм па кнізе. Таму пры ўваходзе ў замкавы двор усталяваны бюст Генрыка Сянкевіча, які наведаў Шчытна ў 1908 годзе:
- Гэта ён дзякуючы сваёй трылогіі, напісанай з мэтай падмацавання сэрцаў распаўсюдзіў не толькі крэсы – усходнія тэрыторыі даваеннай Польшчы, але таксама Прусію, пра якую на самой справе ніхто нічога не ведаў. Вядома было толькі, што прусы змагаліся з палякамі. Хоць гэта была літаратурная фантастыка, то Сянкевіч наблізіў палякам Прусію – паказаў, што Прусія не была такой аднароднай нямецкай тэрыторыяй.
Шчытна - бюст Генрыка Сянкевіча /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На тэрыторыі замкавых руінаў адбываюцца шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку, на пачатку чэрвеня Дзень народзінаў замка:
- Мы прымаем удзел у гэтым мерапрыемстве, перш за ўсё, як рэканструктары. Адбываюцца паказы рыцарскіх баёў, гульні з лукам. Мы ладзім сярэднявечны палаткавы гарадок. Можна прыйсці паглядзець, як гэта тады выглядала; пагуляць у плебейскія гульні наўпрост з сярэднявечча. Рэканстрктары, у тым ліку члены 34-й Камандорскай харугвы і горада Шчытна выступаюць тады ў гістарычнай вопратцы і стараюцца адказваць на ўсе пытанні, датычныя гісторыі.
- сказаў супрацоўнік Гарадскога дома культуры і рэканстроктар, у прыватнасці комтур 34-й камандорскай харугвы і горада Шчытна Гжэгаж Дрэнжэк (Grzegorz Drężek).
Тэўтонскі замак у Шчытне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Руіны тэўтонскага замка адыгрываюць таксама важную ролю падчас штогадовага мерапрыемства «Дні і ночы Шчытна» – трохдзённага свята горада, якое адзначаецца кожны год у апошнія выходныя ліпеня. У прыватнасці замкавыя руіны з’яўляюцца цудоўным фонам для сцэны, на якой праходзяць канцэрты і іншыя культурныя падзеі. Тады адбываецца таксама Традыцыйны турнір па стральбе з лука, а таксама Шэсце Юранда.
Анна Задрожна