«Вось Сын твой, вось Маці твая» – так называецца найноўшая выстава іконаў, на якую запрашаем у Музеі Варшаўскай архідыяцэзіі. Выстава – гэта вынік Міжнародных іканапісных майстэрняў, якія сёлета прайшлі ў Кастэль-Гандольфа ў Італіі.
На выставе, якую можна паглядзець у Музеі Варшаўскай архідыяцэзіі, паказаныя творы каля 50 мастакоў з Польшчы і Украіны, якія на працягу дзесяці дзён спрабавалі прадставіць у выглядзе сучасных іконаў сцэну, апісаную ў Евангеллі паводле святога Яна: «Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Жанчына, вось сын Твой. Потым сказаў вучню: Вось Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе».( Ян 19, 25-27).
Працы, сабраныя на выставе, здзіўляюць разнастайнасцю інтэрпрэтацыі прапанаванай тэмы, кажа куратар выставы, старшыня Асацыяцыі сяброў Навіцы Матэвуш Сора (Mateusz Sora):
- На выставе мы ўбачым, як Рахіль аплаквае сваіх дзяцей пасля разбурэння Ерусаліма; мы ўбачым зусім новыя варыянты традыцыйнай іконы Пакрова, гэта значыць Маці Міласэрнасці. Мы таксама ўбачым сцэны пакутаў Хрыстовых; пабачым святога Яна і абстракцыйныя творы, якія цяжка паглядзець у іншым кантэксце.
Міжнародная майстэрня іканапісцаў чарговы год праходзіла ў цені вайны ва Украіне. Паводле куратара выставы, менавіта ў кантэксце расійскай вайны, тэма сёлетняй выставы атрымала падвойнае вымярэнне:
- Паколькі мы шмат гадоў ладзім пленэры ў супрацоўніцтве з Кафедрай сакральнага мастацтва Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Львове, гэтая вайна нас таксама закранае. Вопыт болю, бездапаможнасці, страты – гэта вопыт нашых украінскіх калег і сяброў. Даніла Маўчан, творчасць якога тут прадстаўлена, страціў брата, Іванка Дымід – страціла сына. Вайна ва Украіне паставіла тэму сёлетніх майстэрняў у пэўным ракурсе веры. Створаныя іконы маюць неадназначны характар.
Мастачка з Украіны Ульяна Тамкевіч на выставе паказвае дзве свае работы: «Сын мой» і «О, Мар’яно». У іх яна параўнала ахвяру Сына Божага з ахвярай жаўнераў, якія змагаюцца за свабодную Украіну:
- Я закранула тэму страты блізкіх. Людзі ва Украіне – бацькі аддаюць у ахвяру сваіх сыноў. Іхныя дзеці ідуць у армію, каб абараняць астатніх украінцаў. Многія з іх гінуць у баях. Гэта вялікая трагедыя для сем’яў. Гэта атаясамліваецца з Богам, які ахвяраваў сваім Сыном – Езусам Хрыстом.
Тым не менш на выставе можна знайсці навязванні не толькі да вайны супраць Украіны. Аўтар адной з паказаных на выставе іконаў мастак, паэт, ксёндз-дамініканін Томаш Білка(Tomasz Biłka) у сваёй працы прадставіў Маці Божую, як новую Рахіль, якая аплаквае сваіх дзяцей:
- Ёсць такі аповед, паводле якога, малітва Рахілі, якая плача аб страце сваіх дзяцей, то бок аб ізраільскім народзе, які быў выведзены ў палон, мае вялікую эфектыўнасць – большую, чым малітва Абрагама. Таму ў самыя цяжкія хвіліны народ Ізраіля звяртаўся з просьбамі менавіта да Рахілі. Тут на выставе Марыя прадстаўленая, як новая Рахіль, асабліва ў кантэксце сучасных узброеных канфліктаў, у тым ліку вайны ва Украіне, але і таго, што зараз адбываецца ў Ізраілі – у канфлікце паміж Ізраілем і Палестынай.
На выставе мы можам паглядзець, між іншым, сучасныя інтэрпрэтацыі вядомых біблейскіх сцэнаў, у тым ліку, сцэну пад крыжам, пахаванне цела Езуса, іншыя сцэны мук Хрыстовых. Ёсць цікавыя спасылкі на вяселле ў Кане Галілейскай – першы публічны цуд Езуса.
Некаторыя іконы навязваюць да каранацыі Марыі Божай, якая стала маці кожнага, хто верыць у Хрыста, а ейныя нашчадкі: «шматлікія, як зоркі на небе». Да гэтай сцэны навязвае праца мастачкі сястры Натанаэлі Веславы Блажэйчык(Natanaela Wiesława Błażejczyk):
- Дзеці Маці Божай «шматлікія, як зоркі на небе і як пясчынкі на беразе мора». Менавіта таму ўся постаць Маці Божай складаецца з зорак рознай велічыні, але ў той жа час – гэта надалей Маці Божая. Я падрыхтавала таксама дзве іншыя карціны, адну на белым фоне, другую на цёмна-сінім, каб падкрэсліць колеры сцяга Маці Божай, якія, паводле мяне, таксама найбольш дакладна выражаюць тэму – «вось Маці твая».
Выставу іконаў, якія ўзніклі падчас Міжнароднай майстэрні іканапісцаў, арганізавала Асацыяцыя сяброў Навіцы – то бок невялікай вёскі ў Ніскіх Бескідах на поўдні Польшчы.
Раней экспазіцыю можна было паглядзець таксама ў Седльцах, Львове і Новым Сончы. У Музеі Варшаўскай архідыяцэзіі яна будзе працаваць да 27 сакавіка, пасля чаго іконы пераедуць на выставу ў Берлін.
Выстава сучасных іконаў, арганізаваная Асацыяцыяй сяброў Навіцы з’яўляецца цыклічнай падзеяй у Музеі Варшаўскай архідыяцэзіі.
Арганізатары падкрэсліваюць, што зацікаўленне, якім карыстаюцца, як майстэрні для іканапісцаў, так і выставы іх твораў пацвярджае, што для многіх ікона застаецца нязменнай дарогай да Бога, магчымасцю спаткання са святым, а сучаснае мастацтва без праблем можа выконваць таксама рэлігійную ролю.
IAR/аз