Гатычны замак Вармінскага капітула ў Ольштыне – найстарэйшы і адзін з найбольш пышных помнікаў архітэктуры адміністрацыйнага цэнтра Варміі і Мазураў. На працягу многіх стагоддзяў замак быў сэрцам горада, які развіваўся вакол яго. Калісьці гэта быў таксама дом вядомага астранома Мікалая Каперніка, цяпер – сядзіба Музея Варміі і Мазураў, якi карыстаецца нязменнай папулярнасцю сярод турыстаў.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне – гэта прыклад манументальнай гатычнай архітэктуры. Яго будаўніцтва пачалося ў 1346 годзе на месцы драўлянай дазорнай вежы і працягвалася паэтапна да сярэдзіны XV стагоддзя. Замак служыў скарбніцай, тут таксама знаходзілася сядзіба адміністратара зямель Вармінскага капітула.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Першапачаткова ольштынскі замак складаўся толькі з аднаго – паўночнага флігеля, будаўніцтва якога завяршылася ў другой палове XІV стагоддзя. Паўднёвы флігель з масіўнай 30-метровай вежай, быў пабудаваны ў сярэдзіне XV стагоддзя.
Замак быў адным з галоўных апорных пунктаў і сядзібай кіраўніцтва аднаго з трох тагачасных паветаў (камарніцтваў) Вармінскага капітула, якое адказвала за лакацыйныя працэсы ў рэгіёне і выкананне законаў, устаноўленых капітулам.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Падчас польска-тэўтонскіх войнаў ольштынская крэпасць некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі і канчаткова дасталася Польшчы паводле Другога Торуньскага мірнага пагаднення з 1466 года.
Крэпасць прайшла грунтоўную рэканструкцыю ў сярэдзіне XVІІІ стагоддзя. Пасля першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе замак перайшоў пад уладу Прускага каралеўства.
У пачатку XX стагоддзя ў крэпасці была праведзена чарговая рэканструкцыя. У 1921 годзе тут быў адкрыты рэгіянальны этнаграфічны музей, а ў 1945 годзе аб’ект стаў сядзібай Мазурскага музея, які сёння называецца Музеем Варміі і Мазураў.
Музей Варміі і Мазураў у Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На шчасце крэпасць перажыла абедзве сусветныя войны без сур'ёзных пашкоджанняў.
Замкавы комплекс у Ольштыне заўсёды спалучаў розныя функцыі: абарончую, рэпрэзентатыўную, жыллёвую і ўтылітарную. У цэлым абʼект зʼяўляецца каштоўным сведчаннем сярэднявечнага будаўнічага майстэрства.
Вялікай каштоўнасцю з’яўляецца значная ступень арыгінальнасці элементаў, напрыклад, выдатна захаваная гатычная муроўка ў сутарэннях паўночнага флігеля, крыштальныя скляпенні ў памяшканнях таго ж флігеля, а таксама ўнікальная драўляная канструкцыя даху.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Менавіта, ступень захаванасці першапачатковага гістарычнага «рэчыва» вырашае пра тое, што ольштынскі замак з’яўляецца адным з найкаштоўнейшых мураваных гатычных збудаванняў у Польшчы.
Пастановай прэзідэнта Польшча ад 8 верасня 2023 года замак у Ольштыне прызнаны помнікам гісторыі.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне - «пруская баба» /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Цяпер крэпасць складаецца з двух гатычных флігеляў, злучаных з боку ракі Лына(Łyna) курціннай сцяной, а таксама часткі ў стылі позняга барока, у якой змешчаны ўваход у замкавы двор. Тут знаходзіцца славутая «пруская баба» – каменная статуя, невядомага прызначэння і паходжання, верагодна, сярэднявечная.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Па сярэдзіне двара размяшчаецца калодзеж, побач з якім, яшчэ да 2006 года, расла знакамітая 120-гадовая ліпа. На жаль, дрэва пашкодзіў моцны вецер.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Выразнай дамінантай у сілуэце замка з’яўляецца высокая вежа, адкрыта для наведвальнікаў у якасці агляднай пляцоўкі.
Пад’язная дамба, дзеліць былы роў на дзве часткі. Левую частку займае Амфітэатр імя Чэслава Немана, справа – знаходзіцца прыгожы парк.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пры ўваходзе на дамбу трэба абавязкова сесці на помнік-лаўку Мікалая Каперніка, якая была адкрытая ў 2003 годзе. Кажуць, што трэба пацерці нос астраному, паколькі гэта гарантуе шчасце і ўдачу.
Помнік-лаўкa Мікалая Каперніка ў Ольштыне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Гісторыя ольштынскага замка набывае асаблівае, нават сусветнае значэнне менавіта дзякуючы постаці Мікалая Каперніка. Вядомы астраном жыў у ольштынскім замку шэсць гадоў, выконваючы абавязкі адміністратара маёнтку капітула. Яго абавязкам было, між іншым, рассяленне сялян на хутарах. У Ольштыне Мікалай Капернік актыўна займаўся не толькі адміністрацыяй, але і навуковай працай у галіне астраноміі, медыцыны і эканомікі.
Музей Варміі і Мазураў у Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Менавіта тут захаваўся бясцэнны, бо адзіны арыгінальны навуковы інструмент аўтара кнігі «Аб кручэнні нябесных сфер». Гаворка ідзе пра астранамічную табліцу, змешчаную на сцяне паўночнага флігеля.
Aстранамічнaя табліцa Мікалая Каперніка /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У калекцыі музейнай бібліятэкі знаходзіцца медыцынская інкунабула Каперніка з яго рукапіснымі запісамі. Вялікаму астраному прысвечана і біяграфічная выстава.
Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Увагу прыцягваюць экспанаты ў галіне археалогіі, гісторыі і нумізматыкі, старажытнага і сучаснага мастацтва, мастацкіх рамёстваў, пісьменства, народнай культуры. У тым ліку ўнікальныя калекцыі гатычнай скульптуры, рэлігійнага жывапісу Варміі, галандскіх партрэтаў іг.д.
Музей Варміі і Мазураў у Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Музей прапануе таксама шматлікія часовыя экспазіцыі.
Анна Задрожна