Выставу прац Алеся Пушкіна да 14 красавіка можна паглядзець у Варшаве (пл.Канстытуцыі 6). Гэтыя працы беларускі мастак, які памёр у беларускай турме, намаляваў у Польшчы падчас мастацкіх пленэраў.
У Польшчы працы Алеся Пушкіна знаходзяцца пераважна ў прыватных руках – Войцеха і Адама Гурэцкіх, Леха Паўляка і адна карціна ёсць у Музеі Замка ў Ліве.
Адкрыццё выставы карцін Алеся Пушкіна
Старшыня таварыства «Masters Promotion» Войцех Гурэцкі запрашаў на мастацкія пленэры многіх беларускіх мастакоў. Адным з першых быў Алесь Пушкін. Як кажа Войцех Гурэцкі, гэта быў мастак з вельмі добрым прагнозам на будучыню. Аднак і так на першае месца высоўвалася асоба Алеся Пушкіна:
-У такім пленэры ўдзел прымала нават 20 чалавек. Адных запрашалі, паколькі трэба было, але былі і тыя, каго чакалася з прыемнасцю, паколькі, апрача мастацтва, былі вечары, калі мы сустракаліся. Алесь быў іх душой. Нават калі былі дыскусіі пра адносіны расійска-ўкраінска-беларускія Алесь, нягледзячы на свае погляды, ніколі ні на каго не падняў голасу. У яго быў сур'ёзны выраз твару, але ў вачах заўсёды ўсмешка і радасць. Я менавіта такога яго памятаю.
Калі Алесь прыязджаў на пленэр у Седльцэ, пад сваім дахам яго прымаў Адам Гурэцкі. Акрамя адной карціны ў спадара Адама захавалася яшчэ адна каштоўная памятка пасля Алеся:
-У мяне ёсць яго асабістая рэч, якую ён падарыў мне. А дакладней, мы памяняліся кашулямі. Я аддаў яму сваю, а ён зняў з сябе і апрануў на мяне беларускую льняную вышыванку. Здараецца, што часамі на нейкія ўрачыстасці я апранаю яе замест піджака.
Сяргей Бульба, Раман Постэк, Войцех Гурэцкі
Шматгадовы былы дырэктар Музею Замка ў Ліве Раман Постэк расказвае, што Алесь Пушкін быў чалавекам двух светаў: ён не раздзяляў творчасці і жыцця. Усё што пабачыў, было для яго тэмай. Яго карціны не проста адлюстроўвалі рэчаіснасць, у іх заўсёды была нейкая ідэя. Раман Постэк звяртае ўвагу на незвычайную асобу мастака:
- Памятаю, як ён маляваў замак у Ліве. Ён стаяў у высокіх гумовіках, а як раз была паводка, вада падымалася. Усе глядзелі на Пушкіна, што ён робіць. А ён стаяў пакуль не застаўся сантыметр і вада налілася б яму ў абутак, так ён быў заняты мастацтвам. Адначасова ён захапляўся рыцарствам, лічыў гэта шанцам вырвацца ад Масквы. Ён прымаў удзел у рэканструкцыі Бітвы пад Грунвальдам. Гэта была страшлівая спёка, я ледзь вытрымліваў у шортах. Алесь у гэтай невыноснай спёцы стаяў у доўгай чорнай шубе, абшытай футрам з куніцы, а за пасам трымаў сушанага ляшча. Уявіце! Гэта немагчыма забыць. Ён быў вельмі харызматычным, здольным зачараваць вялікую публіку.
Поўны рэпартаж з адкрыцця выставы слухайце ў далучаным гукавым файле.
ав