Беларуская Служба

«У нейкім сэнсе Польшча падобная на Амерыку»

27.03.2024 16:42
Вядомы літаратар слаў лаўрэатам Прэміі імя Ежы Гедройца.
Аўдыё
  • Вядомы літаратар слаў лаўрэатам Прэміі імя Ежы Гедройца
Мікола РабчукYouTube/screen/TV2media

Вядомы ўкраінскі літаратар, перакладчык, публіцыст, культурны і палітычны дзеяч Мікола Рабчук стаў лаўрэатам Прэміі імя Ежы Гедройца. Яе ўручэнне адбылося ў Любліне. Рабчук узнагароджаны спецыяльнай прэміяй за агул творчых і грамадскіх дасягненняў.

Неабходна звярнуць увагу, што існуюць дзве прэміі імя Гедройца. Адна з іх, заснаваная ў 2011 годзе Польскім інстытутам у Мінску, Пасольствам Польшчы ў Беларусі, Беларускім ПЭНам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў мае літаратурны характар і прысуджаецца за прозу, выдадзеную на беларускай мове.
Іншую прэмію імя Гедройца заснаваў у 2001 годзе Люблінскі ўніверсітэт імя Марыі Складоўскай-Кюры. Прэмія прысуджаецца ў розны галінах навукі і грамадскага жыцця. Менавіта гэтую прэмію атрымаў Мікола Рабчук. Яе памер складае 25 тыс. злотых (каля 5 тыс. 800 еўра).

Пасля ўрачыстасці ўручэння журналісты атрымалі магчымасць паразмаўляць з лаўрэатам.

У СМІ не раз можна прачытаць і пачуць, што цяпер украінцы змагаюцца за выжыванне. Каб выжыць, гэтую вайну неабходна выйграць, іншага выхаду няма, перакананы Мікола Рабчук.

«Гэта трагічная сітуацыя, бо нам неабходна перамагчы брутальнага ворага, які гатовы на ўсё. Гэта вораг без нейкіх маральных асноў і прынцыпаў», – гаворыць лаўрэат.

Мікола Рабчук шмат бывае ў розных краінах, дзе расказвае пра сітуацыю ва Украіне. Пісьменнік гаворыць, што стаўленне да Украіны і да таго, што там адбываецца, сярод замежных грамадзян не мяняецца. Хоць зацікаўленне сітуацыя падае, заўважае лаўрэат Прэміі імя Гедройца.

«Тэма Украіны, на жаль, адыходзіць з першых старонак газет на далейшыя. Украіну ўжо рэдка паказваюць у прайм-тайме, людзі глядзяць мыльныя оперы, а паведамленні па тэлевізары для іх нішто іншае, як проста звычайны сюжэт. Гэта, канешне, сумна, таму нам трэба працаваць над тым, каб гэтая ўвага да Украіны нідзе не знікала», – гаворыць Рабчук.

Адным з буйнейшых донараў Украіны ў яе змаганні з захопнікамі з’яўляюцца ЗША. Неўзабаве ў Амерыцы пройдуць прэзідэнцкія выбары. Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп часта заяўляе, што ён, у выпадку перамогі, зможа спыніць вайну ва Украіне. Трамп таксама гаворыць, што замарозіць дапамогу еўрапейскім краінам, членам НАТА, якія на абарону прызначаюць менш чым 2% ВУП. Мікола Рабчук са скептыцызмам падыходзіць да слоў Дональда Трампа.

«Ён шмат чаго гаворыць, але, на шчасце, гэта не толькі ад яго залежыць. Нават калі б ён хацеў гэта зрабіць, то ён і так не зробіць», – гаворыць Мікола Рабчук і аргументуе гэта тым, што ў ЗША існуюць дзяржаўныя ўстановы і інстытуты, якія працуюць незалежна адзін ад аднаго і якія ўзаемна сябе кантралююць.

Падчас свайго выступлення на ўручэнні прэміі Мікола Рабчук шмат гаварыў пра дапамогу Польшчы і пра польска-ўкраінскія адносіны, у тым ліку пра іх развіццё. Лаўрэат звяртае ўвагу на тое, што ў пэўным сэнсе Польшча падобная на ЗША. Пры гэтым Рабчук зазначае, што важна пазбывацца стэрэатыпаў, якія існуюць у адносінах і кантактах на міжчалавечым узроўні.

«У нейкім сэнсе Польшча падобная на Амерыку. З аднаго боку ў Польшчы існуе грамадскі кансэнсус наконт таго, што Украіне неабходна дапамагаць, а з іншага боку існуе ўнутрыпалітычная барацьба, якая гэты кансэнсус руйнуе», – звяртае ўвагу лаўрэат Прэміі імя Гедройца.

Часта ў выказваннях еўрапейскіх палітыкаў, але перш за ўсё ўкраінскіх, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, можна пачуць, што Украіна – гэта Еўропа, і што ўкраінцы змагаюцца за свабоду і бяспеку не толькі сваю, але і еўрапейскага кантыненту. «Для мяне Украіны заўсёды была Еўропай», – зазначыў Рабчук.

«Для мяне Украіна заўсёды была Еўропай. З маладых гадоў я сябе фармаваў як еўрапейскага чалавека, зарыентаванага на Еўропу. Для мяне гэта было прынцыповае пытанне», – сказаў Мікола Рабчук.

Выказванні Міколы Рабчука запісала Анна Львова.

вс

поўная размова – слухайце аўдыёфайл