Браньшчык (Brańszczyk) – гэта невялікі гарадок на рацэ Буг у Мазавецкім ваяводстве. Гэта таксама абавязковы прыпынак на маршруце Варшава – Беласток.
Браньшчык /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Вёска спакушае сваёй ідылічнай атмасферай і краявідамі Даліны Ніжняга Буга. Згаданыя перавагі, а таксама зручная адлегласць ад Варшаву - усяго каля 60 кіламетраў, настолькі зачаравалі жыхароў сталіцы, што як сам Браньшчык, так і яго бліжэйшая ваколіца з’яўляюцца прывабным месцам для адпачынку ад гарадской мітусні.
Браньшчык /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Браншчык, у сваёй багатай гісторыі таксама вядомы як Браньск, Браньска, Брэньшка - гэта сядзіба гміны і адна з яе найстарэйшых вёсак.
Адкуль узялася назва мястэчка - не вядома. Па адной з версій, назва паходзіць ад старапольскага слова «брын» (bryn- поль.), што азначала гразь. Паводле іншай версіі - ад слова «бараніць», бо размяшчэнне вёскі магло быць ідэальным як абарончы пункт. Аднак прамыя доказы існавання ў Браньшчыку абарончага замка, пакуль не былі знойдзеныя.
Браньшчык /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Безумоўна, амаль 800-гадовая гісторыя вёскі, які і ўсяго рэгіёну звязана з ракой Буг. Менавіта тут праходзіў адзін з найстарэйшых гандлёвых шляхоў Еўропы, які злучаў Чорнае мора з Балтыйскім.
Паводле дакументаў князя Конрада Мазавецкага з 1203-1235 гадоў, тагачасны Браньшчык быў мытняй-крэпасцю больш важнай, чым тагачасны непадалёкі Вышкаў(Wyszków). У той час гарадок быў цэнтрам пасялення для навакольных вёсак над Бугам.
Браньшчык /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Навакольныя лясы былі багатыя жывёлай, а воды Буга - рыбай. Пагрозу для мясцовага насельніцтва ўяўлялі выключна яцвягі і літоўцы.
Браньшчык - ракa Буг /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Праведзеныя на тэрыторыі гміны археалагічныя раскопкі даказалі, што мясцовым бурштынавым шляхам карысталіся купцы ўжо ў рымскіх часах. Паводле навукоўцаў, гэта пацвярджаюць знойдзенымі ў непадалёкім Тухліне(Tuchlin) могілкамі, якія адносяцца да І стагоддзя да нашай эры, у якіх былі выяўленыя ўпрыгажэнні рымскіх часоў. У сваю чаргу ў Браньшчыку былі знойдзеныя „клошавыя магілы” з ранняга жалезнага веку.
Аднак з часам, пазбаўлены гарадскіх правоў Браньшчык з першай паловы XIX стагоддзя перайшоў ва ўласнасць роду Рудзкіх, сляды сядзібы якіх знаходзяцца на тэрыторыі мясцовага Дома сацыяльнай апекі.
Браньшчык - парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Адной з галоўных турыстычных славутасцяў Браньшчыка з'яўляецца парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гісторыя парафіі датуецца пачаткам XV стагоддзя. Сённяшні мураваны касцёл, якому папярэднічалі некалькі драўляных храмаў, быў пабудаваны ў 1833 годзе, а пасля Другой сусветнай вайны адрамантаваны ў 1965 годзе. У 1995 -2000 гадах быў праведзены чарговы рамонт інтэр’ера касцёла, знешняга фасада і агароджы.
Браньшчык - парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Унутры святыні дамінуе стыль класіцызму і неабарока. Тут можна паглядзець барочныя карціны і скульптуры з XVІІ-XVІІІ стагоддзяў. Побач з касцёлам знаходзіцца мураваны касцельны дом з 1924 года.
Браньшчык - драўляная званіца /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Таксама побач знаходзяцца парафіяльныя могілкі з гістарычнай драўлянай капліцай, дзе пахаваны апошні спадчыннік роду Рудзкіх Альфрэд з дачкой. На згаданых могілках пахаваная таксама знакамітая этнограф, прафесар Марыя Жывірска(Maria Żywirska). Яе праца пад назвай «Пушча Белая. Яе гісторыя і культура” – па сённяшні дзень застаецца каштоўнай крыніцай ведаў аб гісторыі і традыцыях рэгіёну.
Домам сумеснага пражывання для пажылых людзей у Браньшчыку /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта дадаць, што сямейны дом Марыі Жывірскай цяпер з’яўляецца Домам сумеснага пражывання для пажылых людзей у Браньшчыку.
Браньшчык - помнік Станіславу Помян-Сжэдніцкаму /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Калі гаворка ідзе пра вядомых палякаў, якія паходзяць з Браньшчыка, то варта ўспомніць, што тут нарадзіўся таксама першы старшыня Вярхоўнага суда ў незалежнай Польшчы (1917-1922) Станіслаў Помян-Сжэдніцкі(Stanisław Pomian-Srzednicki).
На могілках у Браншчыку мы таксама знойдзем мемарыяльныя месцы, такія як брацкая магіла 40 жаўнераў Войска Польскага, якія загінулі на гэтых землях у верасні 1939 года і магіла сямі жаўнераў 201-га палка пехацінцаў, якія загінулі ў барацьбе з бальшавікамі ў 1920 годзе.
Браньшчык - рэгіянальны музей пад адкрытым небам імя Марыі Жывірскай /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У Браньшчыку варта таксама наведаць невялікі рэгіянальны музей пад адкрытым небам імя Марыі Жывірскай. Тут можна пабачыць будынкі і аб'екты, звязаныя з гісторыяй і культурай рэгіёну Курпы Белыя. Курпы - гэта этнічная група з унікальнай народнай вопраткай, звычаямі і будаўніцтвам. У XVIII стагоддзі яе стварылі перасяленцы з Курпаў Зялёных, то бок з паўночнай Мазовіі.
У музеі можна паглядзець чароўную курпёўскую хату з садам, вуллямі і буйной хатай вясковага старасты, якая складаецца з вялікага пакоя, кухні і сенцаў з упрыгожаным ганкам.
Браньшчык - рэгіянальны музей пад адкрытым небам імя Марыі Жывірскай /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Асабліва ў летнім сезоне тут можна палюбавацца атмасферай вясковага сада і агарода поўнага кветак і акружанага традыцыйнай плеценай агароджай.
У будынку кузні можна ўбачыць кавальскія прылады працы і буйную калекцыю падкоў. Па сярэдзіне музейнай плошчы размяшчаецца традыцыйны калодзеж, падобны на той, які на пачатку ХХ стагоддзя згаходзіўся ў сядзібе Рудзкіх у Браньшчыку.
З музея пад адкрытым небам варта адправіцца на рачную прыстань на беразе ракі Буг. Тут можна адпачыць і палюбавацца ракой.
Браньшчык - мегафон/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У гэтым месцы ўсталяваны адмысловы мегафон, каб слухаць гукаў прыроды. Заходзячы ў такое збудаванне можна пачуць узмоцненыя спевы птушак, шолах дрэў і травы, шум ветру. Ідэя незвычайнага турыстычнага аб'екта прыйшла ў Польшчу з Эстоніі.
Нагадваем, устаноўка мегафонаў уздоўж ракі Буг праводзілася ў рамках праекта «Ахова біяразнастайнасці ракі Буг - нашай спадчыны» і транспамежнага праекта пад назвай „Нас звязвае Буг”, у якім удзельнічалі ворганы самакіравання з Польшчы, Украіны і Беларусі.
Браньшчык - ракa Буг /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Гуляючы на беразе ракі Буг варта памятаць, што хоць гэта маляўнічая і захапляльныя рака, то яна адначасова небяспечная і падступная.
Анна Задрожна