Беларуская Служба

Інстытут Polonika запрашае прыняць удзел у конкурсе «Спадчына без межаў»

02.07.2024 17:20
Можна атрымаць каштоўныя ўзнагароды
Аўдыё
  • Конкурс «Спадчына без межаў» .
.
..

Інстытут Polonika, які займаецца аховай і папулярызацыяй польскай культурнай спадчыны за межамі Польшчы, прапануе прыняць удзел у конкурсе «Спадчына без межаў». Удзельнікі конкурсу, якія зробяць здымак аб'екта, звязанага нейкім чынам з Польшчай і адправяць фота ў інстытут, могуць выйграць цікавыя і каштоўныя ўзнагароды. 

1 ліпеня пачалося сёлетняе выданне конкурсу «Спадчына без межаў», які арганізуе Інстытут Polonika. Ідэя конкурсу заключаецца ў тым, каб заахвоціць яго патэнцыйных удзельнікаў пазнаваць гісторыю Польшчы і палякаў, якія жывуць у шматлікіх краінах свету. Дасланыя работы папоўняць базу дадзеных, якую стварыў інстытут.

Правілы конкурсу зразумелыя і простыя. Калі хтосьці плануе паездку на адпачынак за мяжу або пастаянна пражывае за межамі Польшчы, а пры гэтым цікавіцца гісторыяй і польскімі слядамі ў свеце, ён можа смела паўдзельнічаць у гульні. Ахвотных узяць у ёй удзел просяць зрабіць здымак аб’екту польскай культурнай спадчыны за мяжой, апісаць яго і даслаць інфармацыю на конкурс. Ён праходзіць у дзвюх намінацыях.

Каардынатарка конкурсу Аляксандра Дамбкоўска (Aleksandra Dąbkowska) сказала, што кожны, хто падчас вандровак заўважыць нейкія сляды польскай культурнай ці гістарычнай спадчыны, можа даслаць фатаграфію з заяўкай у Інстытут Polonika.

- Конкурс заключаецца ў тым, каб высылаць нам свае заяўкі ў выглядзе фатаграфій і кароткага апісання. Трэба рабіць здымкі аб’ектаў, гістарычных помнікаў за мяжой, якія нейкім чынам звязаныя з польскасцю. У рамках конкурсу можна прысылаць фатаграфіі ў дзвюх катэгорыях: першая – «Незабыўны кадр». Гаворка ідзе пра цікавую, небанальную фатаграфію. А другая катэгорыя называецца «Мая гісторыя з помнікам». Можа быць нямала людзей, якія за мяжой перажылі нешта цікавае, пабывалі ў месцы, дзе знаходзяцца помнікі.

Пры ацэнцы дасланых работ, у залежнасці ад конкурснай катэгорыі, будзе ўлічвацца ўнікальнасць аб’екту, колькасць і змест знойдзенай пра яго інфармацыі, а таксама эстэтыка зробленых фотаздымкаў.

Па словах Аляксандры Дамбкоўскай, можна прысылаць здымкі самых розных абʼектаў, звязаных з польскасцю.

- Гаворка ідзе і пра мастацкія абʼекты ў музеях, і пра помнікі, і пра памятныя дошкі, а нават пра назовы вуліцаў ці праспектаў, якія знаходзяцца дзесьці за мяжой. Гэта могуць быць архітэктурныя абʼекты, касцёлы, жылыя дамы, але таксама, канешне ж, могілкі. На могілках часта можна знайсці старадаўнія намагільныя пліты з польскімі надпісамі. Калі гаворка ідзе пра саму заяўку на конкурс, дык яе могуць прыслаць толькі паўналетнія ўдзельнікі. Неабходна запоўніць фармуляр на нашым сайце.

Для пераможцаў прадугледжаны ўзнагароды – два ваўчары па 5000 злотых, якія можна будзе выкарыстаць на турыстычную паездку (таксама ў выглядзе часткі фінансавання больш дарагога падарожжа). Наступныя дзесяць пераможцаў атрымаюць камеры Instax коштам не менш за 250 злотых.

Аляксандра Дамбкоўска адзначыла, што конкурс мае на мэце таксама паказаць людзям, якую багатую спадчыну пакінулі пасля сябе польскія творцы ў шматлікіх месцах на свеце.

- Гэта самае галоўнае – каб звярнуць увагу, што ў шматлікіх месцах на свеце знаходзяцца абʼекты, звязаныя з Польшчай. На дадзены момант у нашай базе на сайце ёсць 84 дзяржавы і амаль 70 тыс абʼектаў у гэтых дзяржавах. Калі мы пачалі ствараць гэтую базу паўтара года таму, у ёй было 56 краін. І дзякуючы, між іншым, конкурсу, мы даведаліся пра самыя нечаканыя месцы. Мы на самой справе не спадзяваліся, што на нейкай акіянічнай выспе можна сустрэць польскія гістарычныя помнікі ці польскія абʼекты. Але аказалася, што гэта магчыма.

Аўтары конкурсу адзначаюць, што ўдзельнікі могуць атрымаць не толькі прыемнасць у выглядзе цікавых фотаздымкаў і магчымасць выйграць узнагароды, але і могуць быць стваральнікамі лічбавай базы дадзеных польскай культурнай спадчыны за мяжой. Усе дасланыя здымкі польскіх абʼектаў, пасля праверкі іх сапраўднасці, будуць унесеныя ў віртуальную базу дадзеных. Дзякуючы гэтаму яна будзе пашырацца. База знаходзіцца ў адкрытым доступе, для кожнага яна можа быць крыніцай прыдатнай інфармацыі.

Конкурс «Спадчына без межаў» праходзіць з 1 ліпеня па 31 жніўня. Усе падрабязнасці знаходзяцца на сайце інстытуту.

IAR/нг