Беларуская Служба

Беларускі артыст: Звычайнаму паляку шукаць вялікага знаёмства з беларускай культурай непатрэбна. Гэта мы павінны быць адкрытыя і самапрэзентавацца

03.09.2024 11:05
Уладзь Лянкевіч лічыць, што Польшча - гэта краіна, у якой усё, у прынцыпе, працуе на тое, каб інтэграваць беларусаў і прымаць іх.
Аўдыё
  • Беларускі артыст: Звычайнаму паляку шукаць вялікага знаёмства з беларускай культурай непатрэбна. Гэта мы павінны быць адкрытыя і самапрэзентавацца
Уладзь Лянкевічhttps://www.youtube.com/watch?app=desktop&v=x4pRWm5rfuE

Слухайце далучаны файл!

Нашую студыю наведаў беларускі паэт, музыка, перакладчык Уладзіслаў Лянкевіч. Уладзь, як тысячы беларусаў, трапіў у кола рэпрэсійнай лукашэнкаўскай машыны. Цяпер жыве ў Польшчы.

У. Лянкевіч: Мая эміграцыя, гэта вынік псіхалагічнага ціску і маёй унутранай параноі, таму што ты ніколі не ведаеш якім будзе заўтра. Калі ідуць гады з такім пачуццём, то гэта пачынае сур'ёзна ўздзейнічаць на псіхіку і надыходзіць момант, калі ты сам для сябе думаеш, што трэба вырашаць ці ты застаешся да самага канца, які можа быць не вельмі прыемным, ці спрабуеш выехаць у трохі больш бяспечнае месца для таго, каб выдыхнуць і паспрабаваць нешта рабіць у тых рэчах, якімі ты займаешся.

Уладзь больш за год таму прыняў рашэнне даць сабе шанцы. Ён падкрэслівае, што дакладна не лічыць сябе эканамічны эмігрантам. "Я сябе лічу выціснутым з краіны", кажа музыка.

У. Лянкевіч: Я не выбіраў "лепшую" краіну, куды паехаць. Я ехаў куды прымаюць і я ўдзячны за тое, што ёсць месцы ў гэтым свеце, дзе цябе прымаюць такім, які ты ёсць. Польшча гэта краіна, у якой усё, у прынцыпе, працуе на тое, каб інтэграваць беларусаў і прымаць іх. Пакуль што, мне здаецца, лепшага месца няма для мігрантаў з Беларусі, прынамсі ў Еўропе.

Польшча нашаму суразмоўцы не чужая. Ён раней прымаў удзел у некалькіх культурніцкіх польска-беларускіх праектах.

У. Лянкевіч: У мяне ёсць невялікі бэгранд. Я дагэтуль бываў тыдзень-два ў Польшчы па нейкіх абменах. У мяне ёсць больш-менш базавы ўзровень польскай мовы для паўсядзённага жыцця. Гэта спрыяе, магчыма, трошкі лепш за некаторых іншых беларусаў інтэгравацца. Але што адбываецца цяпер? Раней, калі я прыязджаў у Польшчу, вакол былі адны палякі, а цяпер у Варшаве ў сувязі з сітуацыяй у рэгіёне, вельмі шмат нашых суайчыннікаў, вельмі шмат украінцаў. Становіцца цяжка дайсці да нейкага польскага кола, напрыклад, патрапіць на працу з палякамі. У мяне ёсць знаёмыя творчых прафесій, якія ўладкаваліся на працу з палякамі. Мой блізкі сябра ўладкаваўся гукарэжысёрам у Teatr Studio. Праца ўся па-польску, ён знаёміцца з цікавымі людзьмі, у тым ліку і моўна інтэгруецца.

Уладзь Лянкевіч уяўляе, што польскае грамадства само па сабе шукаць беларускую творчасць не будзе, што беларускім артыстам самім патрэбна самапрэзентавацца.

У. Лянкевіч: Ясна, што ў цябе прафесія такая, што пішаш вершыкі па-беларуску, або перакладаеш на беларускую мову, па-сутнасці працуеш з тым, што непатрэбна ў Польшчы. Беларуская мова, сама па сабе, непатрэбная. Яна патрэбная толькі ў колах эмігрантаў. Палякам гэта не патрэбна. Гэтая сфера зацікаўлення сыходзіць убок ад польскага грамадства. Але я спрабую з маім гуртом "Сіндром самазванца" шукаць нейкіх сувязяў сярод польскіх музыкаў, выступаць у польскіх месцах, польскіх клубах.

Уладзь са сваім гуртом грае псіхадэлічны рок, які часам зачапае амаль punk. Але ён упэўнены, што аматары гэтай музыкі ёсць па ўсім свеце.

У. Лянкевіч: У Польшчы мы сваіх прыхільнікаў можам пакуль яшчэ пералічыць на пальцах, але па крышачку хочацца ў гэтым плане інтэгроўвацца. Музыка гэта міжнародная мова, у якой перакладчык, у прынцыпе, непатрэбны. Я тут новы, новапрыбылы, я не ведаю, што тут які мае статус, якое месца культавае. Мы выступалі ў клубе Chmury на Празе, гэта крыху культавае месца, з традыцыяй і атмасферай. Мы таксама гралі канцэрт з польскімі гуртамі. Выступалі ў бары Dwa koła, на сцэне Chmielna ў Варшаве, выступалі ў сквоце ў Познані, дзе была польская публіка. Кантакты яшчэ не шырокія, але па першым досведзе бачна, што яны магчымыя. Мы яшчэ мала адзін аднаго ведаем.

Беларускі музыка пазітыўна глядзіць у будучыню і бачыць магчымасці для мастацкага развіцця ў Польшчы.

У. Лянкевіч: У Польшчы хапае сваіх музыкантаў, хапае сваіх літаратараў, культура багатая. Яна сама сябе сілкуе і развіваецца. Як пазнаёміцца? Бачна, што ўсё магчыма. Трэба, каб беларусы са свайго боку былі больш адкрытыя і стараліся ісці на кантакт, бо звычайнаму паляку шукаць вялікага знаёмства з беларускай культурай ці з беларускімі творцамі, ці проста з беларусамі непатрэбна. Гэта хутчэй мы сюды прыехалі і павінны быць адкрытыя і самапрэзентавацца.

Размаўляла Яланта Смялоўская