Беларуская Служба

«Другая спроба» – новы фестываль эмігранцкіх тэатраў

20.09.2024 16:01
У Познані праходзіць тэатральны фестываль «Другая спроба», прысвечаны андэграўнднаму тэатральнаму руху беларускіх і ўкраінскіх аматарскіх тэатраў.
Аўдыё
  • «Другая спроба» – новы фестываль эмігранцкіх тэатраў
    .
Перфарматыўнае чытанне п’есы Новы час.фота: Павал Залескі/radyjo.net

Адкрываючы фестываль «Другая спроба», адзін з арганізатараў і кіраўнік фундацыі «Barak Kultury» Пшэмэк Праслоўскі зазначыў, што яны доўгі час прыглядаліся да творчасці беларускіх і ўкраінскіх аматарскіх тэатраў, былі ўражаныя іх пастаноўкамі і прынялі рашэнне арганізаваць фестываль, каб даць магчымасць беларускім і ўкраінскім акторам яшчэ раз адчуць сябе на сцэне і паказаць тое, што яны не могуць зрабіць на радзіме.

Сама назва фестывалю, паводле спадара Праслоўскага, адсылае да «другой спробы», то-бок да пошуку свайго месца ў эміграцыі і да спробаў працягнуць перарваныя мастацкія кар’еры.

Супрацоўнік фундацыі «Barak Kultury» Ілля Меджумаеў сказаў нашаму радыё, што фестываль павінен стаць прасторай для інтэграцыі, узаемнага натхнення і супрацоўніцтва з польскім мастацкім асяроддзем, прычым акцэнт робіцца на супольнасць тэатральнага мастацтва.

Суразмоўца адзначае, што падобнае мерапрыемства з’яўляецца эксклюзіўным для заходняй Польшчы. Ідэю для яго правядзення прапанавала беларуская рэжысёрка Валянціна Мароз.

Скажам так, што гэта міні-фестываль беларуска-ўкраінскай тэатральнай культуры, альбо нават усходняй культуры. Такія фестывалі ўжо ёсць на ўсходзе Польшчы — у Беластоку, Любліне. Нядаўна ў Беластоку прайшоў Тэатральны фестываль «Bliski Wschód», дзе мы таксама паказвалі адзін спектакль. Але для заходняй Польшчы гэта сапраўды нешта новае. Мне здаецца, што дагэтуль тут ніхто нічога падобнага не рабіў.

Суразмоўца дадае, што пры арганізацыі фестывалю загадзя падумалі пра тое, як наблізіць польскага гледача да беларускага і ўкраінскага тэатра.

— Таму ў нас ёсць такія мерапрыемствы, як «Exi(s)t», дзе на ўсе рэплікі падаюцца субцітры. Ёсць спектакль «Solitude», на які палякі ўжо актыўна запісваюцца. З перфарматыўнымі чытаннямі, канешне, цяжэй, бо гэта вялікія тэксты, якія трэба перакладаць на польскую мову і шукаць актораў, што размаўляюць на ёй. Мы ўжо маем два чытанні, якія часткова ідуць на польскай мове. Гэта пакуль адзінае, што ўдалося зрабіць. Але мы вельмі хочам, каб такая практыка пашыралася і каб польскія гледачы, якія цікавяцца ўсходняй культурай, маглі глядзець такія спектаклі.

З беларускай рэжысёркай Валянцінай Мароз размаўляем пасля прагляду перфарматыўнага чытання п’есы Барыса Аляксандрава «Новы час», у якой распавядаецца пра падзеі 2020 года ў Беларусі і якая яўна зачапіла гледачоў.

Яна кажа, што праграма чытанняў, прадстаўленых на фестывалі, складаецца з чатырох актуальных беларускіх п’ес, напісаных за апошнія некалькі гадоў, пачынаючы з канца 2020 года.

Дзве п’есы непасрэдна прысвечаныя падзеям 2020 года, дзе героі спрабуюць асэнсаваць і перажыць іх. Адзін з твораў прысвечаны досведу эміграцыі, праблемам, з якімі людзі сутыкаюцца падчас адаптацыі ў новай краіне. Яшчэ ў адной п’есе разглядаюцца магчымыя наступствы мігранцкага крызісу, створанага цяперашняй уладай Беларусі на мяжы з Польшчай.

Вяртаючыся да «Новага часу», спадарыня Валянціна зазначае, што п’еса вельмі актуальная, і пасля яе прагляду застаецца балюча на душы.

— Мы павінны расказаць пра сябе, пра тое, што адбылося з намі ў 2020 годзе і пра тое, што адбываецца цяпер. Напрыклад, у наступнай п’есе Жэні Давыдзенкі распавядаецца пра эміграцыю трох дзяўчат, пра тое, праз што ім давялося прайсці на чужыне, а таксама пра адносіны з роднымі.

Спадарыня Валянціна вельмі ўдзячная арганізатарам за правядзенне фестывалю, бо ён дае «другую спробу» не толькі акторам, але і ўсім эмігрантам нагадаць пра тое, што з імі адбылося і адбываецца.

Гэта яшчэ і спроба перакінуць масток. У чытанні, якое раблю я, украінская акторка чытае па-беларуску, і для яе гэта новы досвед.

— Сярод удзельнікаў ёсць і прафесійныя акторы з Беларусі. Як вы лічыце, што для іх дае такая другая спроба?

— Толькі што перад вамі выступаў былы акцёр Тэатра юнага гледача, які цяпер працуе на заводзе ў Познані. Яшчэ адзін былы актор Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі працуе на будоўлі. Вось такім чынам яны могуць паспрабаваць працягнуць сваю прафесійную дзейнасць.

Размаўляем з украінскай акторкай, харэографкай, перформеркай і настаўніцай сучаснага танца Вольгай Кебас з Кіева. Пытаюся, што для яе значыць другая спроба.

— Другая спроба для мяне — гэта магчымасць выказацца. І гэта самае галоўнае. У Еўропе я сутыкнулася з тым, што людзі не заўсёды мяне разумеюць і не заўсёды хочуць пачуць пра боль і сур’ёзныя рэчы. Скажу шчыра, мне адмовілі ў выступах на некалькіх фестывалях. Але тут, у Познані, я адчуваю сапраўдную свабоду, дзе можна рабіць сучаснае мастацтва ў любым фармаце: ці то чытанне, ці то метафарычныя формы, ці то выставы. Тут існуе адкрытая прастора для таго, што з’яўляецца найважнейшым.

Пасля прагляду п’есы «Новы час» размаўляю з глядачкай, спадарыняй Аленай. Яна беларуска, але даўно жыве ў Польшчы і сачыла за падзеямі 2020 года праз інтэрнэт. Яна дзеліцца ўражаннямі ад прагляду:

— Тое, што бачу на сцэне, і тое, што адбывалася тады ў Беларусі, я ўяўляла сабе гэтак жа. Таму для мяне гэта пацвярджэнне таго, аб чым я думала і ўяўляла. Для людзей, якія не ў кантэксце падзей, гэта можа падацца нейкай смешнай антыўтопіяй, але я ведаю, што гэта рэальнасць, так сапраўды адбывалася. І таму застаецца трохі горкае пачуццё.

Нагадаю, што арганізатарам фестывалю з’яўляецца фонд «Barak Kultury». Партнёр мерапрыемства — бібліятэка Рачыньскіх у Познані. Праграма фестывалю працягнецца да 21 верасня ўключна.

Павел ЗЛЕСКІ

Здымак: Перфарматыўнае чытанне п’есы Новы час.